Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Кудзінаў: “Ня веру ў амністыю капіталу па-беларуску”


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прынятае адназначнае рашэньне скасаваць абавязковае дэкляраваньне прыбыткаў пры разьмяшчэньні ўкладаў у беларускіх банках. Днямі чакаецца падпісаньне адпаведнага Указу. Па словах Лукашэнкі, у дакумэнце будзе прапісана, што любыя кантрольныя сілавыя структуры будуць выведзеныя з банкаў. Ці гатовыя адгукнуцца на дзяржаўную ініцыятыву бізнэсоўцы, якія не без “дапамогі” ўладаў колісь зьехалі зь Беларусі, перавёўшы свае капіталы за мяжу?

Беларусь на тле сусьветнага фінансавага крызісу павінна максымальна задзейнічаць рычагі дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі, — канстатаваў Аляксандар Лукашэнка. За некалькі дзён да гэтага старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч заявіў, што ў адпаведнасьці зь дзяржаўным рашэньнем фізычныя асобы, у тым ліку нерэзыдэнты, атрымаюць магчымасьць разьмяшчэньня ўкладаў у беларускіх банках ня толькі ў неабмежаваных аб’ёмах, але і без дэклярацыі аб прыбытках з поўным захаваньнем таямніцы ўкладаў.

Былы дырэктар Беларускай фондавай біржы, экс-кіраўнік камэрцыйнага банку “Эўрапейскі” Валер Кругавы цяпер займаецца бізнэсам у Польшчы, дзе некалькі гадоў таму ён атрымаў палітычны прытулак. У Беларусі праблемы ў банкіра пачаліся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, калі ў рангу дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня ён паставіў подпіс пад зваротам у Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем імпічмэнту прэзыдэнту. Неўзабаве быў абвінавачаны ў махлярстве з каштоўнымі паперамі, што лічыць палітычнай замовай. Сёньняшнія заявы пра лібэралізацыю фінансавай сфэры характарызуе як дэмагогію ўладаў:

“Будуць магчымасьці, будзе інтарэс — капітал сам вернецца. Таму сама па сабе тэма амніставаньня капіталу, які сышоў за мяжу, — гэта “залюстроўе” з гледзішча рэальнай эканомікі. Калі капітал убачыць у гэтым патрэбу, ён вернецца без усялякіх амністый (і вяртаецца, калі камусьці гэта патрэбна). Таму ў дадзеным выпадку гэта ўсё бессэнсоўныя размовы. Толькі беларусы яшчэ здольныя разважаць, ці ёсьць жыцьцё на Марсе. Гэта ўвогуле нонсэнс! Не патрэбна гэта нікому, і абвяшчаць няма каму. Гэта тое ж, што абвясьціць, што на Месяцы жывуць людзі. Абсурд з пункту гледжаньня эканомікі жывой, і ня толькі жывой. З Расеі капітал выцякаў дзясяткамі мільярдаў, потым вярнуўся і вяртаецца дагэтуль. І не запатрабавалася ніякай амністыі. Капітал — гэта такая субстанцыя, якая заўсёды прасочыцца, як вада. Калі ёсьць дзесьці шчыліна, вада дарогу знойдзе. Так і капітал, яго амніставаць ня трэба”.

Пасьпяховы колісь беларускі бізнэсоўца Ўладзімер Кудзінаў, калега спадара Кругавога па дэпутацкім корпусе, быў асуджаны за эканамічныя злачынствы на сем гадоў зьняволеньня. Як і ў выпадку з Кругавым, справа была распачатая адразу пасьля знакамітага патрабаваньня адстаўкі прэзыдэнта. Аднак у эміграцыю Кудзінаў не падаўся, з-за чаго адседзеў чатыры гады ў турме. Пры канфіскацыі маёмасьці страціў амаль усё заробленае. Пасьля выхаду на волю выпрабоўваць лёс больш ня стаў і зьехаў ва Ўкраіну. Пад Севастопалем заняўся птушкагадоўляй у прамысловых маштабах. Ці гатовы ён укласьці сродкі ў “абноўленую” Беларусь?

“Не, не хачу. Я жыву ў іншай краіне і проста ня веру ў такога кшталту дэкляраваньні. Нават каб і была магчымасьць вярнуцца, то з боку кіраўніцтва Беларусі гэта ня больш чым словы. Звычайна ўлады робяць адно, а ў рэальнасьці маем зусім іншае. Многія прадпрымальнікі ўжо даўно зьехалі з краіны, і бальшыня па шмат якіх прычынах не жадаюць вяртацца пры той уладзе, якая іх колісь выкінула. Да таго ж і Расея, і іншыя краіны абвяшчалі эканамічную амністыю, і ніякага асаблівага эфэкту яна не дала. На гэтым этапе ў сьвеце толькі некалькі валютаў, якія маюць інтарэс. Да Беларусі — ня думаю, што будзе нейкі падвышаны інтарэс з боку замежных грамадзянаў. Сёньня асноўная вытворчасьць і пашырэньне ідзе на Кітай, на Індыю, туды будуць і новыя інвэстыцыі, і новыя тэхналёгіі паступаць. Там, дзе працоўныя рэсурсы. А ў Эўропе, у тым ліку і ў Беларусі, ідзе дэградацыя грамадзтва, ідзе скарачэньне працоўнай сілы. Таму ня веру, што Беларусь будзе гэткім астраўком стабільнасьці і прагрэсу на тле фінансавага крызісу”.

Калі паслухаць заявы дзяржаўных чыноўнікаў, то такое ўражаньне, што рэформа ў фінансавай галіне ажыцьцяўляецца ледзьве не на просьбу замежных грамадзянаў. Учора Аляксандар Лукашэнка праінфармаваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, што замежнікі вязуць вялікія сумы, каб разьмясьціць у беларускіх банках. І патлумачыў: таму што ў Беларусі няма карупцыі, як у іншых краінах, і людзі давяраюць уладзе. Але будзе яшчэ большы давер, калі банкі ня будуць заганяць у тупік пытаньнямі — адкуль грошы? Цяпер інвэстар мусіць дэкляраваць крыніцу прыбытку пры ўкладаньні на дэпазыт сумы, якая перавышае 2 тысячы базавых велічыняў —блізу 35 тысячаў даляраў.

Ці не выглядае так, што Беларусь гатовая пераўтварыцца ў звычайны афшор, дзе паходжаньне грошай сапраўды ня мае ніякага значэньня?
XS
SM
MD
LG