Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу 24 кастрычніка.

Пачнём праграму з тэлефанаваньняў на тэму маючых адбыцца шэcьцяў і мітынгаў на Дзяды. 30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў.

Ільля Копыл: “2 лістапада — Усебеларускія Дзяды. Можа, я чагосьці не разумею, але чаму б гэты дзень не адзначыць разам і апазыцыйным партыям, і грамадзкім арганізацыям і рухам? А што атрымліваецца: партыя БНФ, падтрыманая зваротам Арлова, Барадуліна, Бураўкіна, Марачкіна, абвяшчае збор каля Ўсходніх могілак і шэсьце ў Курапаты, партыя КХП БНФ абвяшчае збор каля гадзіньнікавага завода і шэсьце ў Курапаты. Нават Дзяды не змаглі аб’яднаць два БНФ. А як яны будуць дзяліць Курапаты, калі калёны прыйдуць туды адначасова?”

Прафэсар Мікола Савіцкі: “Паважаныя кіраўнікі партыі БНФ і КХП БНФ! Для беларусаў Дзяды адны, адна духоўная дарога да дзядоў і ў Курапаты. У 2008 годзе на дваццатыя ўгодкі Дзядоў адзін БНФ заклікае людзей сабрацца каля Маскоўскіх могілак, а другі — у іншым месцы. Пасьля расколу БНФ я зьяўляюся сябрам КФП БНФ, але застаюся таксама з гістарычным БНФ. Дык як мне быць і такім, як я? Годна, па-беларуску, у дзень 20-годзьдзя сабрацца ўсім разам на гістарычным месцы, дзе ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі ўлады прымянілі ў дачыненьні да народа газ і гвалт... Дзяды-1988 — гэта гістарычная падзея агульнанацыянальнага значэньня. Ці здольныя мы аб’яднаць народ для яго адраджэньня, калі сьвятыя Дзяды вас ня могуць аб’яднаць?”

Тлумачэньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча:

“Старшыня Парты БНФ Лявон Баршчэўскі зьвяртаўся да кіраўніка КХП-БНФ Зянона Пазьняка. Каб пачаць сумеснае шэсьце ад Маскоўскіх могілак. Але той на такое не пагадзіўся. Справа ў тым, што шмат людзей (асабліва пажылога ўзросту) ня маюць сілаў маршыраваць кілямэтры. Яны якраз прапанавалі сабрацца на Маскоўскіх могілках, ускласьці кветкі да магілаў Быкава і Караткевіча, пасьля пачаць шэсьце, а не ісьці доўгі шлях. Таму мы і будзем зьбірацца ля Маскоўскіх могілак”.

Тэлефанаваньні таксама адкамэнтаваў намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

“Ёсьць традыцыя — дзядоўскае шэсьце пачынаецца з цэнтру гораду. Улады за апошнія гады рабілі некалькі спробаў выштурхнуць нас за межы гораду — ім не падабаецца, што людзі з цэнтру, ад гадзіньнікавага заводу ідуць з нацыянальнымі сьцягамі і расьцяжкамі, што гэта бачаць іншыя грамадзяне. Дзяды — гэта не партыйнае мерапрыемства. Выбачаюся, але мне нават крыўдна пра гэта чуць. Магчыма, нядобразычліўцы закідваюць такія словы. Дзяды — гэта агульнанацыянальная акцыя. Ёсьць агульнанацыянальная традыцыя — шэсьце на Дзяды — з цэнтру гораду”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Сяргей, Менск: “Ці атрымала апазыцыя дазвол на правядзеньне мітынгу на Дзяды 2 лістапада?”

Зноў дамо слова Юрасю Беленькаму:

“Адказ мы не атрымалі. Ёсьць практыка дачыненьняў зь Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам… Я ня памятаю за апошнія гадоў 8, каб яны давалі адказ на заяўку раней, чым за 5 дзён да пачатку акцыі. Такі тэрмін вызначаны дзеючым заканадаўствам аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў”.

На тое самае пытаньне адказвае Віктар Івашкевіч:

“Афіцыйнага адказу яшчэ няма. Як правіла, з адказам яны цягнуць да апошняга, дадуць за 5 дзён. Але сёньня мне тэлефанаваў кіраўнік аддзелу масавых мерапрыемстваў Менгарвыканаму, удакладняў маршрут. З папярэдняй размовы зь ім я зразумеў, што дазвол будзе”.

Скончым праграму такім тэлефанаваньнем:

Валер Шаўчэнка, Наваполацк: “Вялікі дзякуй, спадар ці гаспадар Лукашэнка, за абяцанкі-цацанкі, за спробу зрабіць паварот да народу. І гэта пасьля 14 гадоў кіраваньня. Таксама за сацыяльную накіраванасьць і надзейную ахову беларусаў ад сацыяльных ільгот, адпаведнай аплаты працы, ад нізкіх спажывецкіх коштаў і грамадзянскіх правоў і свабодаў. Чаго яшчэ не хапае беларусам?”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG