Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белая Русь” склікае першы зьезд


А.Радзькоў выступае на ўстаноўчай канфэрэнцыі Белай Русі

А.Радзькоў выступае на ўстаноўчай канфэрэнцыі Белай Русі

Шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня возьмуць удзел у першым зьезьдзе грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”, якое адбудзецца 25 кастрычніка. Чым будзе займацца гэтая арганізацыя?

Першы зьезд праўладнай структуры зьбярэцца ў менскім Палацы рэспублікі. Cтаршыня арганізацыі , міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў, быў абраны на ўстаноўчым зьезьдзе яшчэ ўвосень мінулага года. Ад таго часу дзейнасьць арганізацыі не была прыкметнай, хаця ў яе складзе апынуліся ажно 53 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня. Намесьнік старшыні арганізацыі Аляксандар Шацько пераабраны дэпутатам на другі тэрмін:
“Першы зьезд зьбіраецца для таго, каб прыняць праграму. Пасьля першага зьезду, маючы праграму на руках, мы стартанём і вельмі сур’ёзна”.
У красавіку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня мае намеру ачольваць гэтую арганізацыю, нават калі яна стане палітычнай партыяй. Ён адзначыў, што ня мае патрэбы ў палітычных структурах “пад сябе ці сваіх сыноў”. І прыгразіў пакараць начальнікаў, якія ледзь не сілай заганяюць людзей у “Белую Русь”.
Паводле спадара Шацько, аб’яднаньне падтрымлівае курс Аляксандра Лукашэнкі і зьбіраецца ўзяць актыўны удзел у будучай прэзыдэнцкай кампаніі. Ён таксама адзначыў, што ў арганізацыі ўжо 74 тысячы сяброў, хаця частка яе пакінула:
“Наш адток ніжэй, чым колькасьць сяброў, якія зноў прыбылі. Ніхто сілай нікога не запісвае і такой задачы грамадзкае аб’яднаньне наогул ня ставіць. Мы супраць гэтага, бо да станоўчага гэта не прыводзіць”.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін адзначыў, што “Белая Русь” стваралася пры дапамозе дзяржавы, з адміністрацыйным рэсурсам:
Балёнік з надпісам “Белая Русь” у цэнтры Менску
“Сёньня няма яшчэ структуры, а дэпутаты ўжо ёсьць. Гэта чыста адміністрацыйная структура, ніякага дачыненьня да грамадзкага руху ня мае. Навошта гэта спатрэбілася? Можа, Лукашэнка жадае паказаць на Захадзе, што ў парлямэнце ёсьць партыйныя прадстаўнікі. Адзін час Лукашэнка спыніў іх бурную дзейнасьць, калі ўжо прызначаны зьезд быў адменены. Чаму цяпер?Я думаю, яна будзе выконваць палітычную падтрымку Лукашэнку і гэта будзе больш адбывацца за межамі Беларусі, чым унутры”.
Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што ствараецца “Белая Русь” дзеля вырашэньня праблемы сэлекцыі і вырошчваньня кадраў для ўраду і парлямэнту. Такую функцыю калісьці выконвала КПСС.
“Думаю, што і да сёньняшняга дня ніхто ня ведае як і навошта выкарыстоўваць гэту грувасткую структуру. Час ад часу прымаюцца нейкія новыя спробы знайсьці ёй карыснае выкарыстаньне.
Зараз, калі яны казалі пра 53 дэпутаты, яны казалі, што і яшчэ шмат хто далучыцца. Ну і няхай далучаюцца – якая розьніца. Усё роўна гэты парлямэнт цалкам, да апошняга дэпутата пралукашэнкаўскі, праўладны. І таму хто там зь іх будзе фармальна лічыцца ў гэтай нібыта грамадзкай арганізацыі, ня будзе лічыцца, не істотна ні для самой “Белай Русі”, ні для парлямэнцкай працы”.
XS
SM
MD
LG