Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрн “Белбіяфарм” узгадніў з Міністэрствам эканомікі павелічэньне розьнічных цэнаў на 64 найменьні айчынных лекавых прэпаратаў. Уплыў аказвае ў першую чаргу імпарт лекавых складнікаў.


Cтаршыня канцэрну Міхаіл Чарапок патлумачыў неабходнасьць павышэньня цэнаў на лекі рэзкім падаражаньнем імпартных складнікаў. Да прыняцьця рашэньня аб павышэньні цэнаў стратным быў выпуск 138 з 550 найменьняў лекавых сродкаў, якія вырабляюцца ў Беларусі. Міністэрства аховы здароўя падтрымала пазыцыю “Белбіяфарму”, Міністэрства эканомікі таксама дало дабро на падвышэньне цэнаў, кажа прэсавы сакратар “Белбіяфарму” Міхаіл Бондараў:
“Канцэрн “Белбіяфарм” тут не зьяўляецца якім-небудзь злым монстрам, і не дзейнічае самастойна і гвалтоўна. Мы знаходзімся ў цалкам празрыстай сыстэме дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў на гэту сацыяльна значную прадукцыю. І ўсё гэта робіцца пасьля вельмі сур’ёзных і працяглых кансультацыяў зь Міністэрствам эканомікі. Гэта вельмі няпростае пытаньне – пытаньне карэкціроўкі цэнаў”.
Прырост продажу лекавых сродкаў айчыннай вытворчасьці штогод складае 20%, паведаміў генэральны дырэктар “Белфармацыі” Ігар Кавальчук. Сёлета пра праграме імпартазамяшчэньня ў аптэках рэалізуецца 20 найменьняў лекаў. Што да іх цэнаў, прэсавы сакратар “Белбіяфарму” Міхаіл Бондараў кажа:
“Кожная другая ўпакоўка ў аптэцы – беларускай вытворчасьці, а каштуюць яны па грашовай масе ў пяць разоў таньней за імпартныя прэпараты. Гэта кажа пра тое, што беларуская прадукцыя істотна, у некалькі разоў таньней за імпартную. А найбольш масавыя пазыцыі імпартных лекаў – яны ні ў чым ня лепшыя за нашы, ні па якасьці, ні па эфэктыўнасьці”.
Айчынныя фармацэўты ня згодныя, што іх прадукцыя саступае замежным прэпаратам. Калі і саступае , то толькі ў дызайне, упакоўцы. Прадстаўніца адной з замежных фармацэўтычных кампаній кажа, што Беларусь амаль не выпускае арыгінальных лекаў, у асноўным джэнэрыкі:
“Іх недзе прыдумалі – у Нямеччыне, Англіі, Бэльгіі. Такога ж роду субстанцыі робяць у трэціх краінах і прадаюць. Дзейнае рэчыва, якое купілі, напрыклад, у Індыі, фасуюць у нейкую лекавую форму, і потым яно прадаецца па адпаведным кошце. Усё робіцца для бабулек, у якіх няма грошай”.
Прэсавы сакратар канцэрну “Белбіяфарм” Міхаіл Бондараў кажа, што падвышэньне коштаў на айчынныя лекі будзе неістотным, бо беларускія лекі і так вельмі танныя:
“Калі прэпараты, кошты якіх складаюць зараз парадку 60 – 70 рублёў, стануць каштаваць 100 рублёў, я ня думаю, што такое “істотнае” з пункту гледжаньня чыноўнікаў падаражаньне будзе заўважана насельніцтвам. Гаворка ідзе ў асноўным менавіта пра такія кошты і такія падвышэньні”.
Паводле ацэнак канцэрну “Белбіяфарм”, ёмістасьць беларускага рынку лекавых прэпаратаў каля 450 мільёнаў даляраў, у Беларусі вырабляецца 550 найменьняў лекаў. Усясьветны рынак фармацэўтычнай прадукцыі характарызуецца паказьнікам на парадак вышэй – 6 тысяч лекавых прэпаратаў.
XS
SM
MD
LG