Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як далёка пойдзе «аўтарытарная мадэрнізацыя»?


Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў


Сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра заканчэньне пэрыяду ўдзелу дзяржавы ў рэгуляваньні фінансавых плыняў прымушаюць узгадаць фармулёўку аналітыкаў пра «аўтарытарную мадэрнізацыю». Ці сапраўды ў Беларусі пачаліся эканамічныя перамены? Да якіх наступстваў у эканамічных і палітычным жыцьці яны могуць прывесьці? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць галоўны рэдактар аналітычнага бюлютэня кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: «Што вам падалося найбольш сур’ёзным і істотным у сёньняшніх заявах, і пра якія падыходы цяперашняй улады да вырашэньня праблемаў гэта сьведчыць?»


«Дзяржава ня хоча сыходзіць з ніводнай сфэры жыцьця — які ж тут лібэралізм?..”

Класкоўскі: «Калі вынесьці за дужкі рытуальныя фразы, то ляйтматыў выказваньняў — гэта тое, што можна назваць «плянам аўтарытарнай мадэрнізацыі». З аднаго боку, ставіцца задача, што Беларусь трэба вывесьці ў лік найбольш разьвітых краінаў сьвету. І сапраўды, апошнім часам робяцца значныя крокі ў галіне рэфрамаваньня заканадаўства, асабліва інвэстыцыйнага заканадаўства — і гэта адзначаецца міжнароднымі інстытуцыямі.

Зь іншага боку беларускі кіраўнік на тле фінансавага крызісу ня ўтрымаўся, каб зноў зрабіць піяр «беларускай мадэлі», дзе ўсё кантралюецца, усё пад калпаком дзяржавы. І калі гучыць, што дзяржава ня хоча сыходзіць зь ніводнай сфэры грамадзкага і эканамічнага жыцьця — гэта ня можа не насьцярожваць. Бо ўзьнікае пытаньне — які ж тут лібэралізм?..

Калі казаць канкрэтна пра таямніцу ўкладаў, то яна фармальна і дагэтуль гарантавалася. А тут мы чуем з трыбуны, што спэцслужбы мусяць быць выведзеныя з банкаў, каб яны там не прасьвечвалі ўклады. Атрымліваецца, што пакуль ніякіх гарантыяў на самой справе не было. Таму ў патэнцыйнага ўкладчыка закрадуцца сумневы — а ці можна зараз верыць новым абяцаньням?”


“Выбару няма — іначай давядзецца здавацца Расеі”

Цыганкоў: “Сапраўды, наколькі павераць заходнія інвэстары і грамадзяне беларускай уладзе — настолькі, каб панесьці свае грошы ў Беларусь? Ці не перашкодзіць тут пэўны імідж беларускай улады, якія сфармаваўся за мінулае дзесяцігодзьдзе фінансавай палітыкі?”

Залескі: “Не перашкодзіць. Але — у адрозьненьні ад палітыкаў, журналістаў — бізнэсмэны, практыкі мала слухаюць такія словы. Яны чакаюць службовых інструкцый для банкаўскіх супрацоўнікаў, пажарных, падаткавікоў, мэдыкаў, кантралёраў. Іхнія спэцыялісты чытаюць гэтыя інструкцыі і рэкамэндуюць, несьці сюды грошы альбо не. А рэагаваць на кожную прамову нашага прэзыдэнта ніхто не зьбіраецца”

Цыганкоў: “Цяперашняя “аўтарытарная мадэрнізацыя” — ці закранае яна толькі вузкую сфэру, фінансавую, і зьвязаная з тымі праблемамі, што мае зараз Беларусь? Ці яна можа пайсьці шырэй, і дзяржава дасьць больш волі ў іншых эканамічных праявах?”

Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: “У фінансавай сфэры гэта ўжо ня толькі тактычнае манэўраваньне, а даволі сур’ёзны плян, разьлічаны на пэрспэктыву. Наколькі я ведаю, ва ўрадзе разглядаецца распрацаваная экспэртамі канцэпцыя мадэрнізацыі эканомікі краіны — і там ставяцца сыстэмныя пытаньні. Іншая рэч, што, здаецца, кіраўніцтвам ня вырашаная галоўная калізія. Бо рабіць мадэрнізацыю і пры гэтым рабіць стаўку на поўнае дзяржаўнае рэгуляваньне — ня надта пэрспэктыўна. Атрымаецца — альбо ня будзе мадэрнізацыі, альбо працэс вырвецца з-пад кантролю.

Чаму ўсё ж гэта спатрэбілася ўладзе? Бо выклікі вельмі сур’ёзныя. І выбару няма — дакладней, выбар вельмі кепскі. Давядзецца здавацца Расеі, сядаць на энэргетычную іглу. А Расея ж ня дасьць ніякіх сучасных тэхналёгіяў, ні інвэстыцыяў — яна можа толькі скупіць Беларусь. А гэтага нашаму кіраўніцтву ня трэба, бо можа прывесьці да страты ўлады”.


“З аўтарытарнага лімону выціскаецца ўвесь сок, і зь яго спрабуюць зрабіць ліманад”

Залескі: “Я ня ведаю, хто прыдумаў гэты тэрмін — “аўтарытарная лібэралізацыя”. Ён яшчэ заўчасны — пакуль гэта ўсё абяцанкі. Пакуль Беларусь працягвае той тэмп і тып разьвіцьця, які быў закладзены за часам СССР. У нас і застаецца кавалак СССР. Няма прынцыповых зьменаў.

Ёсьць два паказьнікі — прыватная ўласнасьць на зямлю для вытворчага выкарыстаньня і сапраўдная прыватызацыя”.

Цыганкоў: “Прыватызацыя нібыта ідзе.”.

Міхал Залескі
Залескі: “Калі мы гаворым пра мадэрнізацыю, то гэта азначае, што ў мяне быў калькулятар “Фэлікс”, і я не загадваю яго круціць хутчэй, а купляю кампутар замест яго. Дык зараз мы пакуль хутчэй круцім нашыя мэханічныя калькулятары. Тут нічога не мяняецца. З аўтарытарнага лімону выціскаецца ўвесь сок, і зь яго спрабуюць зрабіць ліманад. Я так гэта бачу, можа, я і пэсыміст”.

Класкоўскі: “Усё-такі, калі Сусьветны банк кажа, што пэўны прагрэс у галіне рэфармаваньня і інвэстыцыяў дасягнуты — гэта таксама пра нешта сьведчыць”.

Цыганкоў: “А якія пагрозы для ўлады ў гэтым працэсе эканамічных пераменаў?”

Класкоўскі: “Я бачу тры чыньнікі. Па-першае, прыходзіць капітал, у яго зьяўляюцца свае інтарэсы. Капітал хоча, каб былі законы, парлямэнт, які выпрацоўваў бы цывілізаваныя законы, каб былі гарантыі незалежнасьці судоў, каб была вольная прэса, празь якую трэба артыкуляваць гэтыя інтарэсы.

Другое — палітычныя патрабаваньні Захаду. Менску трэба наладжваць мост з Захадам, а ён будзе складаць сваю “дарожную мапу” і патрабаваць пэўных палітычных крокаў.

Трэцяе — гэта зьмены мэнталітэту грамадзтва. Калі болей будуць езьдзіць у Эўропу беларусы, стануць заможней жыць, — у іх зьявяцца іншыя інтарэсы, акрамя “чаркі і шкваркі”. Пакрысе яны пачнуць задумвацца пра стандарты эўрапейскага жыцьця.

Нельга думаць, што ўсё гэта пойдзе аўтаматам. Але гэтыя чыньнікі будуць працаваць, і гэта вялікі выклік для беларускай улады”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG