Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка не перастае зьдзіўляць грамадзкасьць, усё часьцей зьяўляючыся на публіцы са сваім 5-гадовым пазашлюбным сынам Мікалаем. Гэтымі днямі Лукашэнкі назіралі за вайсковымі вучэньнямі “Восень-2008”, прычым малодшы знаходзіўся пры Галоўнакамандуючым на ўсіх фазах вялікіх манэўраў. Псыхолягі мяркуюць, што такім чынам Аляксандар Лукашэнка кампэнсуе свайму меркаванаму спадкаемцу недахоп бацькоўскай увагі, які зазнаў сам — будучы прэзыдэнт вырас бяз бацькі, жыў у нястачы і ня мог дазволіць сабе нават таго элемэнтарнага, што мелі вясковыя аднагодкі. Наколькі адчувальны бацькоўскі код, закладзены ў першых асобаў розных дзяржаваў? Ці залежаць цяперашнія паводзіны сусьветных лідэраў ад багажу, набытага ў сям’і?


Паводзіны Аляксандра Лукашэнкі цалкам укладаюцца ў схему манархічных дынастыяў. Каралі ды цары часта зьяўляліся на публіцы ў суправаджэньні непаўналетніх нашчадкаў трону, каб падданыя прызвычайваліся да будучага манаршага спадкаемца.


Актыўны піяр малодшага Мікалая, мяркуюць адмыслоўцы, з той жа опэры — беларусаў прывучаюць да думкі, што Лукашэнкі ў гэтай краіне ўсур’ёз і надоўга. Адкуль манаршыя прэтэнзіі ў чалавека, які рос у сьціплых умовах? На якім жыцьцёвым этапе прымерыў на сябе імпэратарскія шаты ўраджэнец невялічкай вёсачкі Александрыя?

У біяграфічных зьвестках пра кіраўніка краіны дзіцячыя гады абмінаюцца ўвагай. Узгадваецца маці Кацярына Трафімаўна, якая ўсё жыцьцё рабіла на цяжкой фізычнай працы. Бацька — “белая пляма”. Наяўнасьць імя па бацьку нарадзіла ў дасьледчыкаў процьму варыянтаў паходжаньня Аляксандра Рыгоравіча, аднак ніводзін не атрымаў афіцыйнага пацьвярджэньня.

Музэйны супрацоўнік Мікола Жыгоцкі днямі прэзэнтаваў сыгнальны асобнік ужо другой сваёй біяграфічнай кнігі, прысьвечанай Аляксандру Лукашэнку. Тут адзначаныя ўсе галоўныя вехі жыцьця прэзыдэнта, асобны разьдзел прысьвечаны маці кіраўніка Беларусі. А вось зьвестак пра бацьку таксама няма. Які генафонд атрымаў у спадчыну першы беларускі прэзыдэнт — па-ранейшаму можна толькі гадаць:


“Шчыра кажучы, не хачу асабліва ў гэта ўлазіць, хоць у рукапісным варыянце было пра бацьку. Але ў выдавецтве вырашылі апусьціць гэты момант, у кнізе няма ўзгадак. Я гэта наўмысна апусьціў, таму што на ўзроўні чутак мусіруюцца розныя варыянты — то мясцовы, то яшчэ адкуль.

А шмат хто лічыць, што зусім не беларусам ён быў, казалі, што габрэй ці цыган. Дык вось, я даўно адкрыў, што гэта цыган быў. Ну, ня чысты цыган, адкульсьці, а беларускі. Але ж такога ў друк не дасі, вы ж самі ведаеце”.

Дарэчы, няма бацькі і ў новага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. У 2004 годзе Анатоль Мядзьведзеў памёр пасьля інфаркту.


Да таго выкладаў у Санкт-Пецярбурскім тэхналягічным унівэрсытэце. Менавіта там ён колісь пазнаёміўся з выпускніцай Варонескага ўнівэрсытэту, якая прыехала паступаць у асьпірантуру і стала маці будучага прэзыдэнта. Цяпер яна жыве ў Маскве, побач з сынам. Мядзьведзеў у адным з інтэрвію ўзгадваў, што бацькі ніколі не перашкаджалі яму фармавацца свабоднай асобай, з-за чаго ён, як і бальшыня піцерскіх, хоць і жыў у Савецкім Саюзе, але нутром быў “цалкам празаходні”. Праўда, у новай ролі Мядзьведзеў зусім не вядзе пасьлядоўна празаходняй лініі, ад чаго ўсё больш пераўтвараецца ў кіраўніка якраз савецкага ўзору.

Зрэшты, ад бязбацькаўства не ўратаваны ніхто. Кіраўнік аддзелу навінаў тэлеканалу “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі кажа, што падобнае актуальна для “Болека і Лёлека” польскай палітыкі — Леха і Яраслава Качыньскіх:

“Іх бацька кінуў, разьвёўся з маці. То бок яны ведаюць, хто іхны бацька, але ён іх не выхоўваў. Можа, якраз з гэтага ў братоў — і ў аднаго, і ў другога — ёсьць пэўны культ маці. Усюды мама, мама, мама — яны гэта заўсёды падкрэсьліваюць. Нават гумарысты жартуюць: маўляў, як мама скажа, так у дзяржаве ўсё і будзе. Калі розныя інаўгурацыі адбываюцца, то мама таксама недзе побач прысутнічае. То бок і ў Леха-прэзыдэнта, і ў Яраслава, былога прэм’ера, мама ў жыцьці адыгрывае надзвычай важную ролю. Яны заўсёды гэткую багавейлівасьць перад ёй маюць. Дарэчы, да апошняга часу Яраслаў Качыньскі, які не жанаты, з мамай разам жыў, ня ведаю, як зараз. Прэзыдэнт — не, бо жанаты і мае дачку. З усяго гэтага пасьмейваюцца, хоць дрэннага ў такой пашане да маці, канечне, нічога няма. Але менавіта так усё выглядае”.

У бальшыні заходніх краін сям’я адлучаная ад вялікай палітыкі, і генэтычнае падабенства зорных дзяцей да бацькоў прасачыць досыць складана. Журналіст з Дортмунду Ёрк Фролінг расказвае, што асабістае жыцьцё ўсіх апошніх канцлераў аб’яднанай Нямеччыны — пад вялікім замком. Прыкладам, пра Ангелу Мэркель — трэцяе дзіця ў сям’і лютэранскага пастара і настаўніцы — вядома хіба тое, што яе бацька ў сярэдзіне 1950-х быў кінуты на ўзмацненьне веры з “буржуйскага” Гамбургу ва ўсходнія землі — у Тэмплін за 80 кілямэтраў ад Бэрліну. Таму сама Мэркель расла сярод ідэалягічнага кактэйлю — сумесі рэлігійнага і камуністычна-камсамольскага:

“Яе бацька — пратэстанцкі пастар. То бок гэта была сям’я, якая больш зьвязаная з царквой. Нельга сказаць, што ў часы ГДР яе бацькі былі ў апазыцыі да Ўсходняй Нямеччыны, але яны шчыра жадалі пераўтварэньняў у грамадзтве. У тым ліку царкоўным словам заклікалі адмовіцца ад закрытага сацыялістычнага грамадзтва, як было ў ГДР, а агітавалі за дэмакратыю. Можна нават сказаць, што яны былі прыхільнікамі гэткага дэмакратычнага сацыялізму… У прынцыпе, у нас не прынята цягнуць сям’ю за сабой, калі ты кіраўнік дзяржавы ці бундэсканцлер. Наадварот, палітыкі імкнуцца схаваць сям’ю ад грамадзкага жыцьця. Напрыклад, у былога канцлера Гэльмута Коля два сыны, але яны ніколі на публіцы не зьяўляліся. Такім чынам ён абараняў іх ад магчымых тэрактаў ці кіднэпінгу. Што да вашай сытуацыі, то я бачыў па тэлевізары Лукашэнку з сынам. Я так разумею, што гэтаму хлопчыку 4 ці 5 гадоў, а гэта значыць, яшчэ гадоў 15 ён мяркуе кіраваць краінай, каб потым перадаць уладу”.

Нямецкі калега памыляецца. На прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі можна заступаць у 35 гадоў. А значыць, гіпатэтычныя чаканьні могуць расьцягнуцца сама меней гадоў на 30 — калі чарговым разам не перапісаць Канстытуцыю.

Загадчык аддзелу міжнароднай палітыкі ўкраінскай газэты “Дзень” Мікола Сярук лічыць, што прэзыдэнцкія амбіцыі да людзей прыходзяць паступова, а ня ўсмоктваюцца з малаком маці. Таму ён ня бачыць вялікай залежнасьці паміж паводзінамі на вышэйшай пасадзе і багажом, атрыманым у дзяцінстве.

Так, прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, як і беларускі лідэр, нарадзіўся ў вёсцы. Абое бацькі — выкладчыкі. Маці ўсё жыцьцё адпрацавала настаўніцай матэматыкі. Бацька — франтавік, прайшоў Асьвенцім, пасьля вызваленьня вярнуўся ў родную вёску, выкладаў ангельскую мову. Але вясковае паходжаньне — адзінае, што сёньня яднае Лукашэнку і Юшчанку:

“Фактычна гэта былі сяляне, жыла сям’я ў вёсцы Харужыўка. І маці, і бацька ўжо памерлі. Цяжка сказаць, наколькі моцна ўплывае сям’я, бо ў бальшыні выпадкаў усё залежыць ад самога чалавека. Усе намагаюцца дзецям даць самае лепшае, але, прыкладам, у Шчарбіцкага сын быў п’янтосам. За савецкім часам, здавалася, можна было такому ўсемагутнаму бацьку нешта зрабіць, але не атрымалася. То бок калі генэтычна нейкія рысы і перадаюцца, то хутчэй нейкай мясцовасьці, якія фармуюць характар. Ня думаю, што Юшчанка нейкія асаблівыя дывідэнды атрымаў у сэнсе выхаваньня. Служыў у войску, быў афіцэрам, пачынаў працоўную кар’еру бухгальтарам. А вось брат ягоны ў рэлігію ўдарыўся. То бок калі ўжо капаць, то пачынаць трэба ад дзядоў: часта ад дзеда ці бабулі сувязь больш прасочваецца, чым ад бацькоў. А нейкія адметнасьці? Дык яны фармуюцца ў працэсе: Пуціна суправаджае любімы сабака, а Лукашэнка прызнаў за сына гэтага бялявага хлопчыка”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG