Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Якое шчасьце, што Лукашэнка не захапляецца коньмі!”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 23 кастрычніка, чацьвер.


Рада Эўразьвязу на паўгода прыпыніла візавыя санкцыі для шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць гэтую тэму:

Спадар: “Прапанова: замест адмены санкцый для беларускіх чыноўнікаў усталяваць карантын на 3 гады на ўезд у дэмакратычныя краіны Эўропы, ЗША, каб засьцерагчы ад пранікненьня хваробы зла, пра што сьведчаць выбары”.

Віктар: “Наконт візаў паплечнікам Лукашэнкі — мяркую, што гэта слушна. Калі ізаляваць самадура ад разумных людзей, то гэта будзе шкода і для акружэньня”.

Наступныя выказваньні на адрас апазыцыі:

Спадарыня: “Нашы апазыцыянэры многа нанесьлі шкоды Беларусі. Трэба праўду гаварыць аб сваім народзе, аб сваім прэзыдэнце, аб сваёй краіне. Дзе добра, дзе кепска — трэба праўду расказваць па радыё, тэлевізіі, тады ўсё будзе добра...

Спадар: “Пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Польшчы лідэр апазыцыі Анатоль Лябедзька даў інтэрвію карэспандэнтам Радыё Свабода, дзе сказаў, што за стол перамоваў павінны сесьці тры чалавекі: прадстаўнікі Эўропы, кіраўніцтва Беларусі і апазыцыі. Паважаны Анатоль, за стол перамоваў павінны сядаць роўныя партнэры. А каго прадстаўляеце вы, лідэры апазыцыі? Вас падтрымлівае мізэрная частка беларускага грамадзтва”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Вы правільна кажаце, што трэба казаць праўду на радыё, на тэлебачаньні. Мы і кажам чыстую праўду, толькі вы, на вялікі жаль, яе ня чуеце. Бо на БТ нас пускаюць раз на 4—5 гадоў, калі мы гаворым там аж 5 хвілін. Вось гэта і ёсьць праўда. Улады прызналі нават паводле сваіх падлікаў, што 14% выбарнікаў галасавалі за прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл. А гэта, шаноўны, больш за мільён грамадзян Рэспублікі Беларусь. Калі для вас гэта мізэр і нішто, то тады — канечне. І гэта афіцыйныя зьвесткі, а колькі насамрэч грамадзян нас падтрымлівае, гэта могуць паказаць толькі сапраўдныя выбары”.

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка разам з 5-гадовым сынам Мікалаем узяў удзел у вайсковых вучэньнях “Восень-2008”. Тэлефанаваньні слухачоў:

Яцкевіч, Віцебск: “Трэба быць удзячнымі Аляксандру Рыгоравічу за тое, што генэралы пяцігадоваму хлопчыку аддаюць чэсьць і рапартуюць”.

Спадар: “Якое шчасьце, што Лукашэнка не захапляецца коньмі! Так бы вайскоўцы і ягонаму каню аддавалі чэсьць.”

Спадарыня: “Паважаныя экспэрты “Свабоды”, ці не падаецца вам, што маленькі Міколка Лукашэнка — гэта ўсяго толькі мішэнь, а Лукашэнка рыхтуе для перадачы ўлады зусім іншага сына?”

На пытаньне адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“Я б гэтае пытаньне разглядаў у іншай плашчыні: чаму ўвогуле на поўным сур’ёзе ў нас абмяркоўваюцца менавіта такія гіпотэзы, фактычна — варыянты нейкай спадчыннай манархіі? Я думаю, што гэта сьведчыць пра тое, што ў краіне элемэнтарна не працуюць дэмакратычныя мэханізмы — мэханізмы ратацыі ўлады. Вось, як гэта адбываецца ў ЗША: два тэрміны адбыў Буш — добры ён ці дрэнны, але ўсе выбарнікі дакладна ведаюць, што ў Белы дом прыйдзе іншы чалавек. Вось такія мэханізмы павінны працаваць і ў Беларусі”.

XS
SM
MD
LG