Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзець тое, што вырабілі?


Чатыром прадпрыемствам Магілёўшчыны забаронена ўвозіць прадукцыю на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі.


У прэс-рэлізе Рассельгаснагляду згадваюцца масла- і сыраробчыя заводы з Слаўгарада, Мсьціслава, Чавусаў ды Шклова. Працуе на іх агулам блізу адной тысячы чалавек.

Да паловы сваёй прадукцыі гэтыя прадпрыемствы прадаюць у Расеі. Усе яны вырабляюць прыкладна адзін асартымэнт тавараў — сыры, масла, тварог, казэін, малочны цукар.

На Чавускім масларобчым-сыраробчым заводзе пра пастанову Рассельгаснагляду ўжо ведаюць. Яе на завод даслалі сёньня. Там не хаваюць, што гэтае рашэньне — моцны ўдар па вытворчасьці. Паводле галоўнага інжынэра Ўладзімера Гурскага, у Расею прадукцыя не пастаўляецца зь лета.

“Назьбіралася многа прадукцыі. Расея ня брала цэлае лета. Былі праблемы са збытам. Куды падзець тое, што вырабілі? Мы на склад працавалі. Узімку таксама забарона была. Потым давалі дазвол, працяг. Можа так здарыцца й цяпер. Гэта дзяржаўнае пытаньне, таму я ня ведаю, якое будзе рашэньне. Мы людзі такія, прадаём паціху. Ну, такая сытуацыя склалася”, — зазначае Ўладзімер Гурскі.

Паводле яго, на Чавускім масларобчым-сыраробчым заводзе працуе сто семдзесят чалавек.

Колькасьць работнікаў на трох астатніх заводах, якія падпалі пад пастанову Рассельгаснагляду, прыкладна такая ж — ад ста сямідзесяці да двухсот чалавек.

Паводле Рассельгаснагляду, дваццаці беларускім прадпрыемствам малочнай галіны забаронена ўвозіць прадукцыю на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Гэтае рашэньне ўступае ў сілу зь першага лістапада. Прычынай для забароны ўвозу тавараў сталася тое, што беларускі бок не правёў аўдыту трыццаці пяці прадпрыемстваў, якія інспэктаваліся расейскімі спэцыялістамі сёлета ў жніўні. Акрамя таго, Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да сыстэмы кантролю харчовай прадукцыі ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG