Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гальшанах зачыняюць музэй


Францішканскі касьцёл і кляштар, дзе месьціцца філіял Нацыянальнага музэю

Францішканскі касьцёл і кляштар, дзе месьціцца філіял Нацыянальнага музэю

Загад аб гэтым ужо падпісаны. 15 лістапада апошні дзень працы музэя. Прычынай названы аварыйны стан кляштара, дзе месьціцца экспазыцыя.


Загадчыца музэя, Часлава Акулевіч, кажа, што стан будынка насамрэч небясьпечны. Загад аб закрыцьці прысьпешылі нядаўнія трагічныя падзеі ў расейскай школе пад Аранбургам, дзе абвалілася столь і загінулі вучні.

“Трэшчыны вельмі значныя й павялічваюцца. Што зробіш — трэба неяк ратаваць гэты будынак, а сродкаў, як мы зразумелі, няма. І камісіі прыяжджалі глядзелі, і пажарныя, і МНС”.

Францішканскі кляштар, дзе месьціцца музэй, заснаваны ў 1618 годзе, ён амаль раўналетак Гальшанскаму замку, збудаванаму ў 1610-м. Спадарыня Акулевіч кажа, што не ўяўляе сабе цяпер Гальшанаў без музэю, бо штогод сюды прыяжджае да 13 тысяч турыстаў.

У музэі 9 супрацоўнікаў. Новай працы ім пакуль не прапанавалі. Пытаюся ў касіркі, спадарыні Алены: чым яна будзе займацца, калі музэй зачыняць?

“Вось мне падказвае малодшы навуковы супрацоўнік, што калі возьмуць, то пойдзем у калгас карміць сьвіней і даіць кароў”.

Побач з музэем — старая камяніца спадара Пятра Явідовіча. Ён таксама хацеў адчыніць у ёй музэй старых гадзіньнікаў, але заканадаўства зараз, зь яго слоў, такое, што трэба рэгістраваць ЧУП, дый наагул шмат папяровых праблемаў.

Спадар Явідовіч вельмі шкадуе, што зачыняюць музэй, бо турысты тут бываюць штодня.

“А колькі фільмаў тут здымалася. Толькі за гэты год я быў героем “Беларусьфільму” і “Масфільму”. Здымкі адбываліся ў кляштары, дзе месьціцца музэй”.

Паводле легенды, майстры, якія будавалі кляштар, стаміўшыся ад абвалаў, замуравалі ў сьцяну жанчыну — як ахвяру. Лічылася, што сьцены трымаюцца на яе злосьці. Я пытаюся ў спадарыні Акулевіч, ці азначаюць патрэсканыя сьцены, што злосьць у тае жанчыны ўжо скончылася?

Акулевіч: “Ведаеце, тут, калі казаць зь містычнага пункту погляду, то за 400-гадовую гісторыю будынак мае нейкія свае праяўленьні: гэтыя скрыпы, стогны, хліпы дзіцячыя... Я б тут ніколі нанач адна не засталася, бо страшна”.

Спадарыня Акулевіч кажа, што экспазыцыю, якую завозілі сюды з Нацыянальнага музэю, забяруць, але ў адной залі ў іх застаецца падарунак нашчадкаў Фэрдынанда Рушчыца з Польшчы. Яны падаравалі рэпрадукцыі прац мастака для паказу менавіта ў Гальшанскім музэі.

Спадарыня Акулевіч спадзяецца, што ўлады адновяць музэй у адной са старых гальшанскіх камяніц. Праўда, кажа, што раённы аддзел культуры ня здолее ўтрымаць 9 штатных супрацоўнікаў.

Акулевіч: “Я спадзяюся й чула, што людзі пішуць лісты ў падтрымку захаваньня нашага музэю, каб ён захаваў мастацкі накірунак, але куды яны іх дасылаюць і што з гэтага выйдзе, ня ведаю”.

XS
SM
MD
LG