Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новыя дэпутаты, хутчэй за ўсё, павысяць пэнсійны ўзрост”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — былы міліцыянт зь Віцебску Андрэй Левінаў. Пасьля таго як насуперак кіраўніцтву ён вырашыў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, афіцэра зь 15-гадовым стажам службы звольнілі. Сёньня ён разважае пра тое, ці аднолькава роўныя перад законам шараговыя грамадзяне і чыноўнікі.


“Шараговец з грамадзтвам, з аднаго боку — і дзяржава з чыноўнікам, зь іншага: ці яны, на ваш погляд, знаходзяць паразуменьне?”

“Грамадзтва цяпер у жудаснай апатыі — гэта рэакцыя на тое, што адбываецца ў дзяржаве, гэта — форма абароны ад яе. У нашым грамадзтве, на мой погляд, склалася катастрафічная сытуацыя: у нас чыноўнік, закон і толькі потым — чалавек. А павінна быць наадварот: чалавек — закон — і ўжо затым чыноўнік”.

“Народ давярае закону?”

“Звычайныя людзі ня вераць у справядлівасьць права. Таму што бачаць: закон найперш абараняе чыноўнікаў — чым вышэйшая пасада, тым большая абароненасьць”.

“Чаму дзяржава не абараняе звычайнага грамадзяніна?”

“Калі закранутыя інтарэсы шараговага чалавека, дзяржава абыякавая. Абсалютна. Бо, як правіла, менавіта яна і парушае ягоныя правы”.

“А ці дачакаемся пераменаў?”

“Вельмі сумняваюся, што новыя дэпутаты нешта зьменяць. Іхнія папярэднікі адмянілі льготы, ну, а гэтыя, прыкладам, хутчэй за ўсё павысяць пэнсійны ўзрост і г.д., і да т.п.”

“Ну а што з ідэяй міліцыі народнага даверу, якую вы вылучылі ў сваёй выбарчай праграме?”

“Міліцыя, як я ўжо казаў, у вачох народу — найперш карны орган. А насамрэч яна павінна абараняць народ. Аднак міліцыянт не абаронены перад сваволяй свайго ж кіраўніцтва. Як у такім разе ён можа абараняць свой народ?”

“Самі міліцыянты хоць разумеюць сутнасьць вашай ідэі?”

“На жаль, не: іх наняў народ дзеля абароны сваіх правоў. А супрацоўнікі міліцыі ацэньваюць дзейныя законы і робяць выснову: іх наймала дзяржава.

Хоць фактычна гэта робіць народ. Бо менавіта за народныя грошы ён служыць, і павінен таму абараняць менавіта народ”.


XS
SM
MD
LG