Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засталіся фота і банкет


Сёньня складаюць свае паўнамоцтвы дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі. Лукашэнка выступае на заключным сумесным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу.


12.40 Аляксандар Лукашэнка скончыў свой выступ словамі пра тое, што самае галоўнае, што змагла зрабіць Беларусь – гэта стварыць самастойную дзяржаву.

“Сёньня ўжо ніхто не гаворыць, што мы кудысьці ўступім”, – заявіў ён. “Мы стварылі сваю дзяржаву і будзем яе адстойваць у тым ліку ўзброенымі мэтадамі”.

Лукашэнка паставіў задачу цягам 4-5 гадоў увайсьці ў лік найбольш разьвітых і моцных краінаў сьвету.

Дэпутатам ён паабяцаў: “Мы вас не пакінем бяз працы”. “Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі і прадстаўнік прэзыдэнта ў парлямэнце заўсёды будуць мець перад вачыма банк дадзеных на дэпутатаў. І бяз добрай працы яны не застануцца”, – паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

“Ні да каго зь сябраў Нацыянальнага сходу ў мяне няма прэтэнзіяў”, – запэўніў выступоўца. “Ні да Вольгі Абрамавай, ні да Віктара Кучынскага, ні да Канапёва”.


12.20
Замежныя грамадзяне вязуць грошы ў беларускія банкі, паведаміў Лукашэнка.
Чаму павінныя змагацца на маленькім кавалачку зямлі з адмываньнем грошай?


“Нашыя банкі моцныя? Не. Проста яны вераць нашай дзяржаве. У нас няма бюракратыі”, – перакананы ён.

“Вось гавораць, што патрэбна правяраць, ці ня ёсьць гэтыя грошы карупцыйнымі. Але навошта там патрэбна на маленькім кавалачку зямлі бегчы наперадзе усёй плянэты ў гэтым пытаньні? Чаму павінныя змагацца на маленькім кавалачку зямлі з адмываньнем грошай?” – задаўся пытаньнямі выступоўца.

“Праз некалькі дзён будзе падпісаны адпаведны загад, якім мы скасуем кантроль сілавых структураў за ўкладамі беларускіх і замежных грамадзян”, – паабяцаў кіраўнік краіны.

“Ён патлумачыў :“Сілавыя структуры будуць выведзеныя з банкаў. Яны болей ня будуць мець права патрабаваць праверкі ўкладаў.

“Тым больш, што людзі зь сілавых структураў, людзі з самымі цяжкімі пагонамі, таксама займаюцца зьдзірствам”, – заявіў Лукашэнка.

“І хутка вы ўсе пра гэта даведаецеся”, – паабяцаў ён.


12.10
“У міжнародных стасунках у апошні час праяўляецца дыктат з пазыцыі сілы, – заявіў Аляксандра Лукашэнка, на пачатку свайго выступу. “НАТО актывізавалася так, нібыта мы стаім на пачатку вайны. Ён шчыльна прыблізіўся да межаў Беларусі”.

“Цяпер сьвет ахапіў крызіс... ЗША пайшлі тым самым шляхам, якім ішоў Лукашэнка,” – пахваліўся кіраўнік дзяржавы.

“Я заўсёды гаварыў, што дзяржава павінна рэгуляваць усе сфэры жыцьця. А калі не можаш рэгуляваць, сыходзь з гэтых сфэраў. І вось да гэтага рэгуляваньня прыйшлі ўсе, нават амэрыканцы” – дадаў ён.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG