Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Дружнага хочуць стварыць усебеларускую экалягічную арганізацыю. Паводле сьведчаньняў мясцовых , нягледзячы на пратэсты, хімзавод паціху будуюць.

Першая экалягічная канфэрэнцыя з удзелам навукоўцаў і абласной грамадзкасьці адбылася ў Менску. Значную частку прысутных на ёй склалі ініцыятары стварэньня агульнабеларускай грамадзкай арганізацыі, жыхары пасёлку Дружны, якія змагаюцца супраць будаўніцтва хімзаводу ў іх мясцовасьці. Адна зь іх, Алена Буткоўская , так тлумачыць мэту ініцыятывы:
“Апошнім часам адбываецца шмат нэгатыўных экалягічных зьяў. І мы павінныя былі, пэўна, апынуцца ў такой сытуацыі, у якой мы апынуліся ў справе будаўніцтва хімзаводу. Гэта вельмі нечакана паставіла нас у небясьпечнае становішча і прымусіла прачнуцца. Мы ўсе зразумелі, што гэта трэба рабіць. Таму нават падчас гэтай сустрэчы мы вырашылі, што неабходна наш досьвед перадаць у рэгіёны. Каб мы навучыліся адзін другому дапамагаць”.
Адначасна ў Дружным мясцовыя ўлады і адміністрацыі прадпрыемстваў працягваюць ціснуць на актывістаў, якія супрацьстаяць будаўніцтву расейскага хімзаводу. Адна зь іх, інжынэр ЦЭЦ-5 Тацьцяна Рысевец, праз суд дамаглася скасаваньня спагнаньня, ускладзенага на яе адміністрацыяй прадпрыемства. Аднак была вымушаная звольніцца і вось як гэта патлумачыла:
“Мяне папярэдзілі людзі з аховы, што ім дадзеная каманда адсочваць кожны мой крок і паведамляць дырэктару. Што ўжо ёсьць людзі, якія мяне “здадуць”. У такіх умовах працаваць немагчыма. І ўсе зараз скардзяцца, калі мяне сустракаюць, што немагчымы маральны клімат, неверагодны ціск кіраўніцтва, і гэта людзям вельмі цяжка. Я лічу, што Бог і час усё расставяць на свае месцы, і ўсе атрымаюць паводле заслужанага. У тым ліку і наш дырэктар”.
Што сёньня адбываецца ў Дружным, паведамляе адзін з актывістаў Сяргей Абразоўскі:
“Завод будуецца, прычым па начах, – робяць гэта, як злодзеі. І становішча вакол гэтай сытуацыі напальваецца, бо людзі бачаць, што улады ігнаруюць іх меркаваньне і бясьпеку. Людзі ізноў гатовыя выйсьці на вуліцы. Мы стрымліваем гэтыя настроі, бо хочам накіраваць некалькі пазоваў у суд. Калі ж гэтыя пазовы будуць адхіленыя, то мы больш нікога стрымліваць ня будзем. Няхай будзе што будзе”.
Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачала расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора й іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстутыцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. За ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах шэраг актывістаў пакараныя буйнымі штрафамі, атрымалі папярэджаньні пракуратуры, былі звольненыя з працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG