Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавы крызіс прыйшоў на Магілёўшчыну?


Учора старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў зазначыў, што сусьветны фінансавы крызіс прынёс прыкметы пагаршэньня сытуацыі ў гарадзкой гаспадарцы. Ён прызнаў, што крызіс можа нэгатыўна адбіцца на экспартаваньні тавараў мясцовай вытворчасьці. Гэта пакуль адзіная публічная заява прадстаўніка магілёўскай улады пра ўзьдзеяньне сусьветнага фінансавага крызісу на рэгіянальную эканоміку.

Сваю заяву Віктар Шорыкаў зрабіў на нарадзе гарвыканкаму, прысьвечанай выкананьню гарадзкой гаспадаркай прагнозных паказьнікаў. Дэталізаваць пагрозы, якія нясе фінансавы крызіс эканоміцы гораду, старшыня гарвыканкаму ня стаў:

“Сёньня ж, бачыце, праблемы ў крэдытаваньні банкаў. Праз экспарт мы можам мець пэўныя нэгатыўныя моманты ўплыву гэтага фактару”.

Спадар Шорыкаў таксама прызнаў, што абяцаных заробкаў у памеры пяцісот даляраў на прадпрыемствах гораду няма:

“Ніводная галіна ў горадзе не перасягнула гэтай мяжы”.

Тым часам у Магілёўскім аблвыканкаме цьвердзяць, што сусьветны фінансавы крызіс пакуль ня мае прыкметнага нэгатыўнага ўплыву на рэгіянальную эканоміку:

“Складанасьці ёсьць, аднак не настолькі, каб панікаваць. Я б сказаў так”, — зазначае начальнік камітэту эканомікі Мікалай Дудзінскі.

Спадар Дудзінскі раіць людзям, якія маюць рахункі ў банках, свае ашчаджаньні не сьпяшацца здымаць:

“Яны будуць прыносіць працэнты, і ўсё будзе нармальна. Дзяржава, урад ведаюць гэтыя праблемы і робяць захады”.

Ці ўпэўненыя магілёўцы ў тым, што дзяржава ў выпадку пагаршэньня сытуацыі абароніць іх банкаўскія ашчаджэньні?

Спадар: “Думаю, наўрад ці. Ня хопіць ні сіл, ні магчымасьцяў”.

Спадар: “Канечне, не. Паляцеў і даляр, паляцела і эўра. Грашовыя ўклады — гэта ўсё гульня лічбаў. Мы ж адсочваем усё, што робіцца і ў Расеі, і ва Ўкраіне. Таму ўпэўненасьці ў мяне няма”.

Спадар: “У бальшыні насельніцтва сумы ўкладаў нязначныя. Вось у каго дужа вялікія грошы, тыя могуць зьведаць праблемы. Асабліва тыя, хто гуляе на розьніцы курсаў альбо на акцыях. А для простага насельніцтва гэта выключна абыякава”.

У Прыёрбанку запэўніваюць, што непасрэдна на банкаўскую сыстэму крызіс пакуль ня ўзьдзейнічае.

“Магчымы ўплыў у сярэднетэрміновай пэрспэктыве ў цэлым на эканоміку. Аднак гэта будзе зьвязана з тым, што, магчыма, упадзе платаздольнасьць нашых экспартных партнэраў за мяжой. Адзінае, што мы павысілі стаўку на адзін-два працэнтныя пункты па крэдытах для насельніцтва”, — паведамілі ў прэсавай службе Прыёрбанку.

У прэсавай службе патлумачылі, што стаўку ўзьнялі, бо рэсурсы падаражэлі, а нацыянальны банк узьняў сваю стаўку рэфінансаваньня па крэдытах і дэпазытах.

Між тым эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць прызнаньне старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Віктара Шорыкава абгрунтаваным:

“Ужо ёсьць прыкметы таго, што нашы прадпрыемствы пачалі страчваць выручку ад экспарту. Напрыклад, на “Белшыне” атрымалі паведамленьне ад сваіх пакупнікоў, каб зьнізілі кошты на дваццаць працэнтаў”.

Што да банкаў, то, на думку эканаміста, іх ліквіднасьць пагоршылася, бо пагоршылася прыцягненьне крэдытаў з-за мяжы.
XS
SM
MD
LG