Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 22 кастрычніка 2008 году


Тое, што яшчэ нядаўна здавалася немагчымым, неўзабаве стане рэальнасьцю: прэзыдэнт Лукашэнка ды іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі са сьпісу “неўязных” зноў могуць падарожнічаць па Эўропе. Слухачы “Свабоды” актыўна рэагуюць на гэтую зьмену пазыцыі кіраўніцтва Эўразьвязу што да кантактаў з афіцыйным Менскам.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Нам піша Сяргей Касько зь Віцебску:

“Няўжо настае момант, калі Аляксандра Лукашэнку будуць прымаць у эўрапейскіх сталіцах на самым высокім узроўні, калі ён пачне езьдзіць па сьвеце як агульнапрызнаны прэзыдэнт эўрапейскай дзяржавы? Але ж у Беларусі за апошні час нічога не зьмянілася. Улада ня выканала ніводнага патрабаваньня з тых, на якіх настойваў Захад. За якія ж заслугі такая ўзнагарода дзейнаму аўтарытарнаму рэжыму?

Усе, у тым ліку і міжнародныя назіральнікі, бачылі, як у нас праходзілі выбары. У выніку іх у Палату прадстаўнікоў не прапушчаны ніводзін апазыцыянэр. Дэпутатамі сталі толькі тыя, каго вылучыла ўлада. Гэта што — дэмакратыя? Дапусьцім, што ў нас, сапраўды, большасьць насельніцтва падтрымлівае ўладу (хоць асабіста ў мяне тут вялікі сумнеў). Але ж ніхто, у тым ліку і сама ўлада, не адмаўляе таго факту, што мільёны людзей за дзейнага прэзыдэнта і ягоных вылучэнцаў не галасавалі, не галасуюць і не зьбіраюцца галасаваць. Чаму ж іх пазыцыю ніхто ня ўлічвае? Няўжо яны ня маюць права мець сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце?

Захад дапускае вялікую памылку, калі заплюшчвае вочы на ўсё гэта і выдае Лукашэнку шэнгенскую візу”
, — гэтак лічыць Сяргей Касько зь Віцебску.

Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе ў Беларусі ўжо пятнаццаты год. І пятнаццаты ж год беларуская апазыцыя бяз значнага плёну спрабуе дамагчыся дэмакратычных зьменаў у дзяржаве. Увесь гэты час Захад паступова ўзмацняў ціск на аўтарытарны беларускі рэжым, уводзячы візавыя і эканамічныя санкцыі, абмяжоўваючы кантакты з прадстаўнікамі ўлады, згортваючы палітычнае супрацоўніцтва. Пабачыўшы, што жаданага выніку гэта не прыносіць, Эўразьвяз зараз спрабуе прымяніць іншую тактыку — дамагчыся паступовых дэмакратычных пераўтварэньняў шляхам перамоў і кампрамісаў зь беларускай уладай. І казаць пра тое, што ў Беларусі на працягу апошніх месяцаў не адбылося ў гэтым кірунку ніякіх зьменаў, усё ж не выпадае, спадар Касько. Нагадаю, што на сёньня ў беларускіх турмах не засталося ніводнага палітвязьня, а пасьля апошніх масавых акцыяў апазыцыі ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у турэмную камэру.

Аўтар наступнага ліста — слухач “Свабоды” з трыццацігадовым стажам і адначасова наш апанэнт Мікалай Праўдзін зь Менску. Ён незадаволены тым, як наша радыё асьвятляе актуальныя міжнародныя падзеі і праблемы. У сваім лісьце слухач піша:

“Агідна слухаць вашу “Свабоду”, дзе вы аднабакова асьвятляеце падзеі ў Грузіі, асуджаеце Расею. Вашы заакіянскія гаспадары шчодра фінансуюць вас. А вы за гэта ведзяце шалёную кампанію супраць так званага “дыктатара” Лукашэнкі. Я — не ягоны прыхільнік, а проста — сумленны беларус (а калі больш дакладна — ліцьвін). Так, ён — мужык, так, ад сахі. Але кожны народ мае той урад, які заслужыў. І вы гэта цудоўна ведаеце. Альтэрнатывы Лукашэнку няма. Розныя Лябедзькі — драбяза ў параўнаньні з Лукашэнкам.

А наконт дыктатуры — нагадаю вам радкі з аднаго верша Пушкіна:

“Паситесь, мирные народы,
Вас не разбудит чести клич.
К чему стадам дары свободы?
Их должно резать или стричь.
Наследство их из рода в роды —
Ярмо с гремушками да бич!”

Больш дакладна ня скажаш. Бо пераважная большасьць насельнікаў нашай плянэты — натоўп, а калі больш груба — статак, быдла, халопы.

Я — за дыктатуру закону, дыктатуру інтэлекту. Але, на жаль, такой дыктатуры на Зямлі ніколі ня будзе. Як можна стварыць рай, застаючыся ў пекле?

Я больш за трыццаць год слухаў варожыя галасы толькі дзеля таго, каб ведаць хоць якую праўду пра нас. Але ад учорашняга дня маё сумленьне не дазваляе больш рабіць гэта”,
— гэтак лічыць Мікалай Праўдзін зь Менску.

Пушкінскія радкі пісаліся ў тую эпоху, калі на эўрапейскім кантынэнце панавалі абсалютныя манархіі, калі рабства ў выглядзе прыгону, прымусовай працы, асабістай залежнасьці ад волі фэадала ў многіх краінах (і асабліва ў Расейскай імпэрыі) не лічылася чымсьці ганебным і анамальным.

І якім анахранізмам на тле сёньняшняй аб’яднанай дэмакратычнай Эўропы выглядае аўтарытарны рэжым на эўрапейскім кантынэнце цяпер... Ня думаю, што беларускі народ у меншай ступені, чым суседнія палякі, літоўцы, латышы, варты свабоды, дэмакратыі, незалежнасьці.

Вельмі шкада, спадар Праўдзін, што пасьля трыццаці гадоў слуханьня “Свабоды” вы разьвітваецеся з намі. Хачу спадзявацца, што гэтае разьвітаньне часовае і што вам, як чалавеку цікаўнаму і крытычна настроенаму адносна любых догмаў ды ідалаў, усё роўна захочацца пачуць непадцэнзурныя навіны і непрычасаныя думкі і меркаваньні.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў распавядае пра тое, як зьмяніліся мясьціны, у якіх ён жыве, за апошнія паўтара дзясятка гадоў. На працягу ўсяго гэтага часу Віцебскую вобласьць узначальваў прызначаны прэзыдэнтам Лукашэнкам Уладзімер Андрэйчанка. У выніку нядаўніх парлямэнцкіх выбараў колішні старшыня аблвыканкаму быў абвешчаны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Якую ж памяць па сабе пакіне галоўны абласны начальнік? Кастусь Сырэль з гэтай нагоды піша:

“Насельніцтва Ўшаччыны за гэтыя гады зьменшылася недзе на 3 тысячы чалавек — нямала для раёну, у якім зараз жыве крыху больш за 18 тысяч. Мноства ўшачан зьехалі і працуюць за межамі ня толькі раёну, але і краіны, пераважна ў Расеі. Яны будуюць дамы, мыюць аўтамабілі, рамантуюць масты, даглядаюць нямоглых старых, стаяць за станкамі, бо на малой радзіме цяжка ўладкавацца на працу з прыстойным заробкам.

Час у нашым раёне быццам шматкроць запаволіў сваю хаду, амаль спыніўся. Простая, здаецца справа: адрамантаваць школу ў райцэнтры. Але і яна цягнулася больш за пяць гадоў, не спыняючыся і ў час заняткаў. Раённы дом культуры рамантаваўся яшчэ даўжэй. Даходзіла да кур’ёзаў — пакуль рамантавалася наступнае, папярэдняе развальвалася і зноў патрабавала рамонту. А як выглядае наш двор, у які глядзяць вокны ня толькі дзьзвюх соцень кватэр навакольных дамоў, але і вокны райвыканкаму? Ён нагадвае танкавы палігон. І гэта — на працягу больш як шаснаццаці год… Мы, жыхары навакольных дамоў, стараемся неяк прыкрасіць хаця б ля сваіх пад’ездаў — прыбіраем, садзім кветкі, дрэвы, кусты. Але ці можам мы зрабіць тут нешта большае голымі рукамі?

Вы скажаце — пры чым тут Андрэйчанка? Ды проста ён — адзін з апалягетаў сыстэмы, пры якой усё гэта магчыма”
.

Далей у сваім лісьце Кастусь Сырэль апісвае зьмены, якія адбыліся ў навакольных мясьцінах. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Зачынілі і працягваюць зачыняць мноства школ, ліквідавалі і працягваюць ліквідаваць мноства фэрмаў. Зьнішчаюць лясы. Дзеля высечкі будуюць адмысловыя дарогі, якія потым будуць закінутыя. Вушачане заўважылі адну цікавую акалічнасьць: выразаюць сярэдзіну лясоў, пакідаючы ўскрайкі. Так што калі паглядзець здалёк, то быццам бы лес на месцы. А насамрэч на месцы колішняга лесу — буралом.

Але апагеем чатырнаццацігадовага кіраваньня спадара Андрэйчанкі ў Віцебскай вобласьці, без сумневу, стала будаўніцтва санаторыя “Вечальле” непадалёк ад Вушачаў. Гэта — грандыёзны даўгабуд, на які не ступала нага будаўніка амаль дзесяцігодзьдзе. Каскад вадаспадаў зарастае хмызьняком, на стадыёне буяе пустазельле, пчальнік “загадаў доўга жыць”, цэх па разьліву мінэральнай вады разрабаваны, а ў пустых, бы вочы невідушчага, незашклёных вокнах шматлікіх будынкаў доўгімі зімовымі начамі адно вые вецер. Колькі тут ляснула народных грошай — невядома. Калі меркаваць па грандыёзнасьці і размаху будоўлі, то не дзясяткі і нават ня сотні тысяч даляраў, а мільёны, і немалыя.

Вось чаму ніхто з маіх знаёмых і ніхто з чальцоў маёй сям’і на выбарах за Андрэйчанку не галасаваў. Тым ня менш нейкім таямнічым чынам Уладзімер Паўлавіч стаў нашым дэпутатам.

Што ж, бывайце назаўсёды, Уладзімер Паўлавіч. Атрымаеце шыкоўную кватэру ў Менску, будзеце ціхенька драмаць на паседжаньнях парлямэнту. Праз два месяцы вам споўніцца шэсьцьдзесят, праз чатыры гады, атрымаўшы дэпутацкую пэнсію, сыйдзеце з палітычнай арэны, і празь дзесяць год ніхто пра вас і ня ўспомніць”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Да ліста спадар Кастусь прыклаў некалькі фотаздымкаў. На іх — і здратаваны коламі занядбаны двор, і ператвораныя ў пусткі навакольныя лясы, і закінутыя недабудаваныя карпусы санаторыя “Вечальле”. Падумалася: усё гэта і ёсьць помнік той эпохі, зь якой цяпер разьвітваюцца мясцовыя жыхары. І памятаць старшыню аблвыканкаму, перасаджанага ў дэпутацкае крэсла, яны будуць яшчэ доўга. Прынамсі да таго часу, пакуль будуць стаяць нямым дакорам гэтыя неабжытыя цагляныя сьцены, у якія бескарысна ўкладзеныя (а фактычна змарнаваныя) мільярды рублёў бюджэтных грошай. Тых самых грошай, за якія можна было стварыць новыя працоўныя месцы, адрамантаваць двары, падвысіць жабрацкія заробкі калгасьнікам, настаўнікам, мэдыкам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG