Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства замежных спраў Беларусі разьлічвае найбліжэйшым часам на пазытыўныя сыгналы з боку ЗША адносна пэрспэктываў уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.


Паводле Інтэрфаксу, такую заяву зрабіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка.

“З боку Эўракамісіі мы атрымалі зялёнае сьвятло на правядзеньне двухбаковых перамоваў па ўступленьні Беларусі ў СГА. Цяпер чакаем сыгналаў ад ЗША ў новым кантэксьце нашых дачыненьняў”, — адзначыў А.Еўдачэнка.

Таксама афіцыйны Менск прапануе падпісаць з Эўразьвязам пагадненьне пра гандаль, якое павінна закранаць усе сфэры эканамічных стасункаў.

“Вельмі хутка чакаецца прыезд у Беларусь дэлегацыі Эўракамісіі. Мы гатовыя да перамоваў па фундамэнтальным гандлёвым пагадненьні і гатовыя пачаць актыўную стадыю абмеркаваньня”, — заявіў спадар Еўдачэнка.

Дата прыезду ў Менск дэлегацыі Эўракамісіі яшчэ ўзгадняецца. Але “перадавая група” павінна прыехаць на пачатку лістапада. Гэты дыялёг з Эўракамісіяй працягне абмеркаваньне тэмаў, якія былі ўзьнятыя міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым падчас яго сустрэчы ў Люксэмбургу з “тройкай” ЭЗ.

Таксама афіцыйны Менск мае намер узьняць на перамовах з Эўракамісіяй пытаньне поўнай адмены квотаў на экспарт беларускага тэкстылю ў краіны Эўразьвязу і аднаўленьня Беларусі ў сыстэме гандлёвых прэфэрэнцыяў ЭЗ.

Паводле спадара Еўдачэнкі, у 1997 годзе Беларусь мела фарсаванае пагадненьне з Эўразьвязам па гандлі. Ад таго часу стасункі ў гэтым накірунку “былі замарожаныя, адбыліся фундамэнтальныя зрухі ў эканоміках Беларусі і ЭЗ і ў двухбаковых стасунках. Ранейшае пагадненьне не адпавядае выклікам сучаснасьці”.


XS
SM
MD
LG