Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крымінальнікі перастаюць вешаць на сябе лішняе”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – былы міліцыянт зь Віцебску Андрэй Левінаў. Пасьля таго, як насуперак кіраўніцтву ён вырашыў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, афіцэра зь 15-гадовым стажам службы звольнілі. Наш карэспандэнт гутарыць зь ім сёньня пра лятэнтную – прыхаваную злачыннасьць, ня выяўленую з розных прычынаў праваахоўнымі органамі.


Карэспандэнт: “Вы 15 гадоў служылі ў міліцыі. Ці давяраеце афіцыйным вынікам барацьбы за парадак?”

Левінаў: ”Я бы ня цешыўся тымі справаздачамі – яны не адлюстроўваюць рэальнасьць”.

Караспандэнт: “Як вы лічыце, наколькі востра стаіць у краіне праблема так званай лятэнтнай злачыннасьці?”

Левінаў: “Не скажу, што ў Беларусі яна вельмі высокая, аднак усё ж, на мой погляд, стаіць на дастаткова трывожным узроўні. А прычынаў таго, чаму яна не выяўляецца, маса. І найперш – недавер людзей да міліцыі: прыйдзеш у райаддзел добраахвотна, каб дапамагчы, але яшчэ невядома, чым той паход завершыцца… Наступная: вялікая цякучасьць кадраў, адпаведна вельмі мала прафэсіяналаў, вось і спрабуюць так ці інакш прыхаваць сапраўдную карціну”.

Карэспандэнт: ”Вам даводзілася бачыць спробы навесьці ў гэтым пытаньні парадак?”

Левінаў: “Яго спрабуюць наводзіць, так бы мовіць, з пэрыядычным пастаянствам. Толькі ў выніку адна рука робіць адно, а другая абсалютна супрацьлеглае”.

Карэспандэнт: “Якімі хітрыкамі карыстаюцца, каб прыглушыць праблему – ці праўда, што часта практыкуецца “навешваньне” нераскрытых злачынстваў на таго, каму, як кажуць, ужо і губляць няма асабліва чаго? Або гэтая схема занадта прымітыўная – з большага кіношная?”

Левінаў: “Цяжка сказаць дакладна…”

Карэспандэнт: “Пытаюся, бо ад савецкага пэрыяду памятаю так званую “віцебскую справу”.

каб грамадзтва стала дапамагаць міліцыі, яно мусіць спачатку гэтай міліцыі паверыць
Левінаў:
“Тады наагул на невінаватых вешалі тое, што яны не зьдзяйсьнялі… Што тычыцца цяперашніх парадкаў, дык яшчэ тры-чатыры гады таму сапраўды “вешалі” да васьмі крадзяжоў на таго, хто ведаў: за сапраўды зьдзейсьненае ён пры любым раскладзе больш за пяць гадоў не атрымае. Дамаўляліся пра нейкія ўмовы і падвышалі такім чынам раскрываемасьць”.

Карэспандэнт: “Цяпер справы мяняюцца да лепшага, або застаецца ранейшая практыка?”

Левінаў: “Напэўна, ідзе ў лепшы бок. Нават ня ведаю чаму… Ці то міліцыянты перавыхоўваюцца. Ці то злачынцы мяняюцца: зараз яны зусім неахвотна ідуць на супрацоўніцтва зь міліцыяй, і ня хочуць браць на сябе нічога лішняга, нават калі тое ім нічым не пагражае”.

Карэспандэнт: ”Ці магла б дапамагчы органам правапарадку ў гэтым змаганьні – грамадзкасьць?”

Левінаў: “Безумоўна. Аднак каб грамадзтва стала дапамагаць міліцыі, яно мусіць спачатку гэтай міліцыі паверыць. А ў масе сваёй яно не асабліва давярае і лічыць МУС карным органам”.


XS
SM
MD
LG