Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня спаўняецца 75 гадоў народнаму артысту Беларусі, Ігару Дабралюбаву. Родны “Беларусьфільм” у кінарэжысёра, прыкаванага да ложка, адсудзіў аўтарскія правы.


Свой юбілей аўтар такіх культавых стужак як “Белыя Росы”, “Іван Макаравіч”, “Расклад на пасьлязаўтра”, “Плач перапёлкі”, “Эпілёг” ды іншых адзначае амаль у бездапаможным стане -- пасьля перанесеных двух інсультаў ён не ўстае з ложка і не размаўляе. Калегі Дабралюбава лічаць, што да заўчаснага сыходу майстра з дыстанцыі прыклалі руку і чыноўнікі.
Адным з рэдкіх наведнікаў хворага Ігара Дабралюбава – ягоны калега, кінарэжысёр Валеры Панамароў. Кажа, што колькі не заходзіў у кватэру Дабралюбавых, ніводнага разу не сустрэў там хоць бы аднаго чыноўніка ад кінэматаграфіі:
“Ну я ж там бываю, ён праз дарогу жыве. Да яго практычна больш ніхто, апроч мне і ня ходзіць. Чыноўнікі не прыходзяць увогуле, ужо шмат гадоў. І дагэтуль яшчэ колькі гадоў ніхто яго ў сябе не прымаў! Прасіў экранізаваць апавяданьне Васіля Быкава “На жоўтым пясочку”, яшчэ Гуляка быў міністрам, дык яго проста ігнаравалі. Народны артыст Беларусі, а яго не прымаюць! На ўзроўні Рылаткі пагавораць, а далей – нікуды. Не – і ўсё. Тое ж самае, дарэчы, і са мной. “Чорныя ляды” ляжаць, “Тутэйшыя” ляжаць, і гэта зразумела. Дык я нікуды і не хадзіў. І яму таксама казаў: Ігар Міхайлавіч, усё роўна нічога ня будзе. Быкаў – як тарэадор перад быком, з чырвонай анучай. Толькі раздражніце іх, а толку ніякага. Аднак ён дамагаўся справядлівасьці, калі хадзіў яшчэ больш-менш. Але ўсё было як у тумане. А яны проста баяцца. Некаторыя чыноўнікі за столькі гадоў мне гэта самі неаднаразова казалі.”
Ад сярэдзіны 1990-х адзін з самых пладавітых за савецкім часам рэжысёраў фактычна сьпісаны ў наклад. Спачатку яго ціха “зацерлі” на задні плян, не даючы дзяржаўных замоваў, а канчаткова разьвіталіся пасьля таго, як Ігар Дабралюбаў агучыў жаданьне экранізаваць згаданы спадаром Панамаровым “Жоўты пясочак”Васіля Быкава.
Пра рэзкі паварот лёсу, які з падачы досыць далёкіх ад творчасьці чыноўнікаў стаў характэрным і для некаторых іншых прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня кінэматаграфістаў, разважае заслужаны дзеяч мастацтваў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР кінарэжысёр Вячаслаў Нікіфараў. Ён сам ад безвыходнасьці ад’ехаў у Расею і ў Беларусі бывае рэдка:
“З Ігарам Міхайлавічам было, напэўна, камусьці нязручна. Цьвяткову, дапусьцім, які ў Міністэрстве адказваў за кіно, а потым і дырэктарам студыі пабыў. Потым яшчэ камусьці наступнаму, Сасноўскаму. Усім, хто ў кінэматаграфіі правіў баль. Ім было нязручна, бо быў чалавек, які самастойна думае; інтэлігентны, адукаваны, разумны чалавек, які мог не “падтакваць” глупству, а мець сваё меркаваньне. Вось гэта ім не падабалася. Карацей, яны, абслугоўваючы ўласны камфорт, аберагаючы ўласнае самалюбства (якое да дзяржаўных спраў і агульнанацыянальнай культуры, шчыра кажучы, ня мела нікага дачыненньня), дык вось, абслугоўваючы саміх сябе, перадушылі ўсё жывое, што было. Ці амаль усё. І ў прыватнасьці ўсё, што зьвязанае з імем Дабралюбава.”
Толькі за адны “Белыя Росы” чалавек такога калібру як Дабралюбаў у любой іншай краіне меў бы статус “гонар нацыі”. Аднак беларускія рэаліі іншыя. Вось ужо больш за дзясятак гадоў дзяржаўная цікаўнасьць да папулярнага рэжысёра зьнікла. Жыў на пэнсію, раз-пораз атрымліваў адлічэньні ад пракату стужак за мяжой, перадусім, у Расеі. Менавіта там пра стваральніка культавых “Белых Росаў” узгадалі летась. Затэлефанавалі з Масквы: маўляў, створаны дабрачынны фонд “Добры век” у падтрымку вэтэранаў кіно былога СССР. Ініцыятарам стаў кінарэжысёр Мікіта Міхалкоў, які знайшоў грошы ў расейскіх бізнэсоўцаў. Пэнсія хоць і не самая вялікая – 200 даляраў, але прынамсі хапае на нейкія лекі. Праўда, цяпер у разьліках яшчэ трэба браць на ўвагу судовыя выдаткі на карысьць “Беларусьфільма”. Незадоўга перад юбілеем Калегія ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду вынесла прысуд: аўтарскія правы Ігара Дабралюбава на кінафільмы, зьнятыя ім падчас працы на “Беларусьфільме” у 1964-1995 гадах, не прызнаваць.
Пра намер высьветліць сытуацыю з “Беларусьфільмам”, пад дахам якога стварыў два дзясяткі рознажанравых стужак, Дабралюбаў заявіў яшчэ перад хваробай. У 2002 годзе кінастудыя падпісала дамову з рэжысёрам на выкарыстаньне маёмасных правоў падчас дэманстрацыі яго працаў у Беларусі і за яе межамі. Аднак апошнім часам студыя спыніла паказваць аўтару дамовы з пракатнымі агенцтвамі – якраз у той момант, калі фільмы савецкіх часоў сталі надзвычай запатрабаванымі.
Вярхоўны суд вырашыў, што ў адпаведнасьці з Грамадзянскім кодэксам, які дзейнічаў на момант стварэньня фільмаў, аўтарскае права належала кінастудыі. Дамову ад 2002 году, якую Дабралюбаў прасіў скасаваць, суд палічыў неадпаведнай заканадаўству і пастанавіў вярнуць студыі 1 500 даляраў, а таксама аплаціць судовыя выдаткі ў памеры каля
тысячы даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG