Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня ў Менску на апошняе пасяджэньне зьбярэцца Савет рэспублікі трэцяга скліканьня. Якім быў вынік яго дзейнасьці і хто прыйдзе на зьмену?

Першае пасяджэньне новага складу верхняй палаты прызначана на 31 кастрычніка. Як паведамілі ў Цэнтравыбаркаме, пераабраны каля 30% сяброў цяперашняга Савету рэспублікі. Імя восьмага сэнатара ад Менску стане вядомым у лістападзе. Месца засталося вакантным пасьля таго як праваслаўны сьвятар Фёдар Папоўны зьняў сваю кандыдатуру. Частку сэнатараў неўзабаве прызначыць кіраўнік Беларусі.
Старшыня камісіі па міжнародных справах 71-гадовы Мікалай Чаргінец быў сябрам Савету рэспублікі цягам 12-ці гадоў. Ён заявіў, калі яго зноў прызначыць Аляксандар Лукашэнка, то будзе працаваць і далей. Падсумоўваючы вынікі дзейнасьці верхняй палаты спадар Чаргінец адзначыў:
“Мардабойствам ніколі не займаліся ў адрозьненьне ад некаторых парлямэнтаў. Але прыходзілася вырашаць вялізную колькасьць пытаньняў зьвязаных з законатворчай дзейнасьцю. Гэтае скліканьне адрозьнівалася ад мінулых тым, што ў ім было прынята меней новых законаў”.
Паводле спадара Чаргінца, у першым скліканьні Савета рэспублікі адхілялася да 10% законапраектаў пададзеных Палатай прадстаўнікоў. У другім скліканьні – 6%. А цяпер гэта лічба паменшылася да 4%.
“Калі зьяўляліся меркаваньні супраць прыняцьця закону – гэта своеасаблівая апазыцыя. Апазыцыя, якая хвалюецца за сваю дзяржаву. Гэта своеасаблівая апазыцыя, але разам з тым яна апазыцыя. Калі чалавек выступае супраць закона ўнесенага на разгляд урадам па даручэньні прэзыдэнта”.
Палітоляг Юрась Чавусаў мяркуе, што апазыцыі як не было ў Савеце рэспублікі так і ня будзе ў новым складзе. Ня трапіла яна і ў Палату прадстаўнікоў.
“Калі пад час мінулых выбараў была хаця б спроба паўдзельнічаць у якасьці выбарцаў. Былі тады дастаткова вялікія фракцыі дэпутатаў у мясцовых саветах базавага ўзроўню. То ў гэтым годзе і спробы паўдзельнічаць у выбарах не было. Сама сыстэма выбараў такая, што цікаўнасьці грамадзтва там і не патрэбна. Некаторыя партыі дасылалі прапановы вылучыць некаторых дастойных сваіх сяброў у якасьці так званых сэнатараў. Але, натуральна, да гэтых прапаноў улада не прыслухалася. Толькі ў якасьці жарту можна меркаваць, што прэзыдэнт прызначыць некага з носьбітаў альтэрнатыўнага мысьленьня”.
Абедзьве палаты правядуць на разьвітаньне сумеснае пасяджэньне з удзелам кіраўніка краіны. У мінулы раз падобная пасяджэньне завяршылася раздачай падарункаў. Кіраўнік краіны абяцаў дапамагчы з працаўладкаваньнем тых, хто не патрапіў у новае скліканьне. А новаму складу Нацыянальнага сходу давядзецца дзейнічаць як “парлямэнту з недастатковай легітымацыяй”. Такую ацэнку далі ў Эўразьвязе па выніках мінулай выбарчай кампаніі.
Наша даведка: 8 х 8
Савет Рэспублікі фармуецца ў складзе 64 чалавек: па васьмі ад кожнай вобласьці і Менска, яшчэ восем прызначае прэзыдэнт. Выбары членаў Савета Рэспублікі праходзілі ў верасьні і кастрычніку на пасяджэньнях мясцовых саветаў кожнай вобласьці і менскага гарсавету і былі безальтэрнатыўнымі.
XS
SM
MD
LG