Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа нагадала аб шасьці месяцах для дэмакратызацыі


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

У Варшаве адбылася сустрэча дэлегацыі беларускай апазыцыі зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім.


Прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў перадалі міністру Радаславу Сікорскаму сваю кансалідаваную пазыцыю адносна “дарожнай мапы” для беларускіх уладаў. Згодна з гэтай “дарожнай мапай” цягам найбліжэйшых шасьці месяцаў афіцыйны Менск павінен зьмяніць выбарчае заканадаўства, стварыць роўныя ўмовы для афіцыйных і незалежных мэдыяў, даць апазыцыі доступ да дзяржаўных СМІ, а таксама лібэралізаваць умовы для дзейнасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў і скасаваць артыкулы крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за палітычную дзейнасьць. Сябра дэлегацыі лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў:

Анатоль Лябедзька
“Міністар выказаў сваю вялікую зацікаўленасьць у эўрапэізацыі Беларусі. Каб яна была палітычна бліжэй да Эўропы. Узгадаў нават свае карані — яго маці з-пад Стоўбцаў. І сказаў, што ўсе нашы прапановы будуць максымальна ўлічаны. А вось як гэта будзе рэалізавана на практыцы — паглядзім, якія будуць наступныя крокі і Эўразьвязу, і Польшчы, і як будзе рэагаваць беларуская ўлада”.

Паводле спадара Лябедзькі, эўрапейцы пакуль ня маюць канчатковага пляну дзеяньняў, ён яшчэ толькі выпрацоўваецца. І таму прапановы аб’яднаных дэмсілаў вельмі своечасовыя. Міністар Сікорскі адзначыў, што эўрапейцы шмат чым рызыкуюць, але бяз рызыкі ня можа быць выніку.

“Ён сказаў, што для нас лякмусавая папера — гэта адносіны ўлады да апазыцыі і да польскай меншасьці. Ён сказаў, што на стадыі рашэньня лібэралізацыя памежнага рэжыму, якая будзе закранаць інтарэсы 10% насельніцтва Беларусі, зьмяншэньне кошту візаў і разьвіцьцё гандлёвых стасункаў зь Беларусьсю. Гэта тое, на што яны гатовыя ісьці. Што ўзамен гэтага атрымаць ад афіцыйнага Менску, мы давялі міністру”.

Таксама прадстаўнікі беларускай апазыцыі адзначылі, што калі казаць пра дыялёг Эўропы з афіцыйным Менскам, то ён можа быць толькі трохбаковым. Анатоль Лябедзька дадаў:

“Як сказаў сёньня Сікорскі, санкцыі зьнятыя адносна Лукашэнкі. Але ж яны хочуць, каб яшчэ нехта і запрасіў. А гэта пытаньне, ці захоча хто запрашаць, калі будуць толькі словы, а ня будзе дзеяньняў. Ён зрабіў такі зразумелы намёк на тое, што калі ня будзе ніякіх зрухаў, то ня будзе прэфэрэнцыяў. Сёньня ніводная эўрапейская краіна, і Польшча ў тым ліку, якая найбольш актыўна выступала за зьняцьцё санкцый, не гатовая запрасіць Лукашэнку”.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG