Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг росквіту: Беларусь на 78 месцы


Міжнародная арганізацыя Legatum Institute правяла дасьледаваньне Рэйтынгу росквіту шэрагу краінаў сьвету. Самай квітнеючай названая Аўстралія, затым ідуць Аўстрыя і Фінляндыя, а Беларусь займае 78 месца. Беларускія эканамісты прагназуюць далейшае зьніжэньне ўзроўню жыцьця.


Міжнародныя дасьледаваньні сьведчаць, што ў агульным рэйтынгу Беларусь страціла паказчыкі паводле шасьці пазыцый і апынулася ў пераліку краінаў зь нізкім даходам на душу насельніцтва – 10 900 даляраў за год. Афіцыйная беларуская статыстыка таксама сьведчыць, што за 9 месяцаў году кошты на прадукты харчаваньня падвысіліся на 19,6%, на нехарчовыя тавары – на 6,7%, платныя паслугі вырасьлі на 19,3%. Намесьніца кіраўніка Дэпартамэнту цэнаўтварэньня Лідзія Купрэева пракамэнтаваць становішча адмовілася. Нешматслоўнай была й кіраўніца прэсавай службы Натальля Пацэйка:

“Зараз усе адмовяцца, бо ў двух словах пра гэта ня скажаш. А што тычыцца лічбаў, статыстыкі, то я пра гэта зараз казаць не магу”.

Міжнародныя дасьледчыкі Legatum Institute праводзілі аналіз росквіту краінаў ня толькі паводле эканамічных паказчыкаў, але таксама паводле задаволенасьці жыцьцём іх грамадзянаў. Так, узровень эканомікі дазволіў Беларусі заняць 70 месца, а паводле задаволенасьці жыцьцём людзей – толькі 81. Вось як выказваюцца пра сёньняшняе жыцьцё слухачы нашага радыё ў тэлефанаваньнях на Свабоду:

“Няспынна прапагандуецца рост дабрабыту пры трывалым павышэньні цэнаў на прадукты, тавары масавага ўжытку, кватэрную плату, адукацыю, мэдыкамэнты. Начальнікам, за якіх мы галасавалі, трэба зразумець, што простым людзям жывецца вельмі-вельмі цяжка».

Незалежныя беларускія эканамісты заяўляюць, што рост ўзроўню жыцьця ў краіне ў бліжэйшай будучыні не адбудзецца. А на падвышэньне коштаў будзе ўплываць міжнародны фінансавы крызыс, рост кошту на расейскі газ для Беларусі. Сёньняшняе становішча камэнтуе палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
“Калі параўноўваць нас з краінамі СНД, то мы выглядаем больш-менш прыстойна. Паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці маем 10 тысяч даляраў на кожнага чалавека. І гэта, безумоўна, вышэй, чым Афрыка, многія краіны Азіі й Лацінскай Амэрыкі. Але ў параўнаньні з тымі тэмпамі росту ўзроўню дабрабыту, якія мы назіраем, да прыкладу, у Польшчы, Чэхіі ці краінах Балтыі, то там афіцыйныя заробкі ў 2,5 разы вышэйшыя за нашыя. І калі падлічыць такі вось індэкс дабрабыту, то каб набыць тыя ж тавары і паслугі цягам усяго жыцьця, то беларусу трэба працаваць на 5-10 гадоў больш, чым грамадзяніну той краіны, якая выбрала дэмакратыю і рынак”.

Паводле Міжнароднай арганізацыі Legatum Institute, першыя 10 месцаў у Рэйтынгу росквіту займаюць Аўстралія, Аўстрыя, Фінляндыя, Нямеччына, Сынгапур, ЗША, Швайцарыя, Ганконг, Данія і Новая Зэляндыя. Сярод краінаў былога СССР самае высокае месца трымае Эстонія – 36-е. Самае нізкае Ўзбэкістан – 80-е і Малдова – 83-е месца. Сярод найгоршых паводле Рэйтынгу росквіту зьяўляюцца Нэпал, Зімбабвэ, Танзанія, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Малі, Замбія, Емэн – займае апошні 104 радок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG