Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шараговых міліцыянтаў кіраўніцтва ня лічіць за людзей”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – былы міліцыянт зь Віцебску Андрэй Левінаў. Пасьля таго, як насуперак кіраўніцтву ён вырашыў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, афіцэра зь 15-гадовым стажам службы звольнілі. Наш карэспандэнт гутарыць зь ім сёньня пра тое, ці лёгка міліцыянтам бараніць свае ж асабістыя правы?


Карэспандэнт: Андрэй, Вас са скандалам звольнілі зь міліцыі фактычна за жаданьне ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны. Ці мела вашае кіраўніцтва рацыю?

Левінаў: Нармальны кіраўнік наадварот мусіць мець жаданьне, каб людзі зь ягонай структуры былі ў дэпутатах і неяк маглі дапамагаць у вырашэньні насьпелых праблемаў сыстэмы. А ў маім выпадку даходзіла да абсурду: абвінавачвалі, напрыклад, нібыта ў незаконным выезьдзе за мяжу падчас адпачынку.

Карэспандэнт: Гісторыя капітана Левінава – прэцэдэнт, або ёсьць падобныя ж прыклады?

Левінаў: Ёсьць яшчэ некалькі калегаў, якія спрабуюць змагацца ня толькі за свае правы, але й таварышаў па службе.

Карэспандэнт: Што найперш не задавальняе вашых калегаў?

Левінаў: Найперш – непавага вышэйстаячага кіраўніцтва: фактычна нас ня лічаць за людзей. У прыватнасьці, таму, што ў нас адсутнічае прафсаюз. Другая праблема – заробак. І трэцяя – людзі ўвесь час на працы, фактычна без выходных. У выніку губляюць з-за гэтага сем’і: больш за 95 працэнтаў супрацоўнікаў міліцыі скасавалі шлюб, у другі, а то і ў трэці раз спрабавалі стварыць сям’ю.

Карэспандэнт: Зь міліцыі больш звальняюцца самі – добраахвотна, або загадам зьверху?

Левінаў: Калі нашыя спрабуюць звольніцца самі і пішуць рапарты, то іх усяляк спрабуюць адгаварыць: абяцаюць усё што заўгодна, любыя там ордэны-мэдалі… Адначасова малейшая хіба, нешта нейкае – гатовыя звольніць самі.

Карэспандэнт: Як часта вашыя калегі спрабуюць судзіцца зь нейкае нагоды?

Левінаў: Гэта проста нонсэнс, надзвычайны выпадак, калі міліцыянт падае ў суд на сваё начальства. Ну прычына звычайна адная: незаконна накладзенае дысцыплінарнае пакараньне.

Карэспандэнт: Міліцыянт – служыць закону. Але ці верыць ён сам у справядлівасьць адносінаў да сябе з боку начальства?

Левінаў: Калі супрацоўнік МУС не адчувае, што ён абаронены – у першую чаргу законам, то ён ніколі ня зможа абараніць іншага чалавека менавіта з гледзішча зноў жа закону. Я ня ўпэўнены, што міліцыянты вераць у магчымасьць адстойваньня ўласных правоў. Мне асабіста за час службы ўдалося выйграць некалькі справаў супраць свайго кіраўніцтва. Але зь іншага боку ўрэшце рэшт на дадзены момант усё ж звольнілі… То бок веры ў справядлівасьць у нас крайне мала.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG