Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Санкт-Пецярбурзе на стадыёне “Пятроўскі” адбудзецца футбольны матч групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў паміж мясцовым “Зэнітам” і барысаўскім БАТЭ.


Па выніках папярэдніх сустрэчаў расейская каманда займае ў групе “Н” апошняе, чацьвёртае месца, прайграўшы італьянскаму “Ювэнтусу” і гішпанскаму “Рэалу”. Барысаўцы на выезьдзе таксама саступілі мадрыдцам, аднак у Менску сэнсацыйна згулялі ўнічыю з турынцамі. Маючы ў актыве 1 ачко, БАТЭ пакуль на трэцім радку. Дзьве першыя пазыцыі прагназавана дзеляць гранды сусьветнага футболу – “Рэал” і “Ювэнтус”. Ці варта чакаць ад беларусаў новых сюрпрызаў?

Галоўны трэнэр БАТЭ Віктар Ганчарэнка напярэдадні сустрэчы з “Зэнітам” у сваім блогу на сайце sports.ru напісаў: ягоныя выхаванцы ўжо прадэманстравалі пэсымістам, што і правінцыйная каманда здольная ўчыняць сэнсацыі. Гэта быў адказ на пашыранае меркаваньне, што, маўляў, у шасьці матчах групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў беларуская каманда ня здолее зарабіць ніводнага ачка. Між тым, толькі недахоп гульнявой практыкі падобных спаборніцтваў, на думку маладога настаўніка барысаўцаў, не дазволіў пакласьці ў багаж 3 ачкі – тры тыдні таму на стадыёне “Дынама” у Менску БАТЭ забіў два хуткія галы “Ювэнтусу”, але не ўтрымаў перавагу і сустрэча завяршылася ўнічыю 2:2.

Як лічыць адзін з самых вядомых беларускіх футбольных арбітраў Вадзім Жук, які судзіў міжнародныя матчы самых розных узроўняў, сёньняшняя сустрэча ў Санкт-Пецярбурзе для барысаўцаў будзе нават больш складанай, чым супраць “Ювэнтуса” ці “Рэала” (у Мадрыдзе БАТЭ прайграў зь мінімальным лікам 0:2). У выпадку паразы ці нічыі расейцы ўжо ня змогуць гарантаваць сабе ўдзел у далейшым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, што непрымальна для сёлетняга ўладальніка Супэркубку УЭФА:

“Што для БАТЭ будзе складаная гульня – гэта зразумела. Таму што ўсё ж “Зэніт” – каманда, загартаваная ў эўрапейскіх спаборніцтвах, уладальнік Кубку УЭФА, Супэркубку. То бок, будзе вельмі цяжка. Але калі БАТЭ будзе гуляць так, як гуляў у першым тайме з “Ювэнтусам”, асабліва першыя хвілінаў 30, то думаю, што нейкія шанцы ёсьць. Хоць “Зэніт” пасьля шэрагу няўдачаў у чэмпіянаце Расеі, дзе ён нават у тройку не ўваходзіць, натуральна, будзе рабіць усё дзеля таго, каб прынамсі трапіць у Кубак УЭФА, заняць трэцяе месца ў падгрупе. Таму зразумела, што “Зэніт” зробіць усё, каб перамагчы. Паглядзім, як атрымаецца, але БАТЭ будзе вельмі і вельмі складана”.

Учора на прэсавай канфэрэнцыі на стадыёне “Пятроўскі” Віктар Ганчарэнка заявіў, што ягоная каманда мае задачай “максымальны вынік”, перад хлопцамі не было ўстаноўкі нават на нічыю. У гэтым сэнсе многія спэцыялісты адзначаюць: наступальныя амбіцыі дапамагаюць дэбютантам змагацца з нэрвамі, але на сытуацыю трэба глядзець цьвяроза. Так, Вадзім Жук застаецца пры меркаваньні, што ў супрацьстаяньні з камандай галяндзкага трэнэра Дзіка Адваката БАТЭ ўсё ж у ролі аўтсайдэра:

“Амбіцыі, безумоўна, добрыя. Але ўсё ж трэба глядзець рэальна. “Зэніт” гуляе ў моцным чэмпіянаце Расеі, шмат міжнародных сустрэчаў правёў – важных, складаных. Таму ён больш вопытны, канечне, баец. А што тычыцца БАТЭ, то ў нашым чэмпіянаце, па сутнасьці, няма такіх вартых супэрнікаў, якія маглі б праверыць іхнае спраўднае майстэрства. Яшчэ раз кажу: амбіцыі – гэта вельмі добра, і ў дадзеным выпадку гэта за кошт маладосьці гульцоў і настаўнікаў. БАТЭ якраз і моцны тым, што калектыў добры, хлопцы змагаюцца адзін за аднаго і спрабуюць паказаць найлепшы вынік. Ці хопіць гэтага ў сустрэчы з “Зэнітам” – паглядзім. Але не зусім проста ім будзе. Піцерцам адступаць няма куды: калі яны дома ня выйграюць у БАТЭ, то вакол іх, натуральна, хмары таксама пачнуць згушчацца”.

Паводле спадара Жука, менавіта пасьля сёньняшняй гульні стане зразумела -- што БАТЭ сабой насамрэч уяўляе на міжнароднай арэне з гледзішча сілы і каманднай тактыкі?

Як вынікае з расейскай прэсы, інтарэс да сустрэчы надзвычай высокі. Пры тым, што кошты на матч у 20 разоў большыя, чым падчас хатніх гульняў БАТЭ. Да прыкладу, квіткі на матчы Лігі чэмпіёнаў адміністрацыя стадыёну “Пятроўскі” у папярэднім матчы з мадрыдзкім “Рэалам” вызначыла ў памеры ад 5 да 11 тысяч расейскіх рублёў, у эквіваленце -- ад 200 да 450 даляраў. На сустрэчу з беларусамі кошты плянуецца зьнізіць удвая, паколькі ў адзін шэраг з гішпанцамі беларусаў паставіць складана па ўсіх парамэтрах.

Для параўнаньня, самы танны квіток на менскі стадыён “Дынама” стартуе ад 5 даляраў. Праўда, сыстэма распаўсюду ў Беларусі такая, што набыць квіток у касе практычна немагчыма, з-за чаго адкрываецца шырокая прастора для дзейнасьці спэкулянтаў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG