Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восень. Вяскоўцы капаюць гранаты і снарады


Днямі праваахоўныя органы зьвярнуліся да жыхароў Магілёўшчыны па дапамогу ў выяўленьні людзей, якія займаюцца пошукам зброі, альбо гандлююць ёй.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, больш за тысячу дзьвесьце адзінак выбуховых рэчываў сёлета выявілі ў насельніцтва супрацоўнікі Магілёўскай управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Афіцыйныя крыніцы таксама паведамляюць пра канфіскацыю каля двух дзесяткаў адзінак стралковай зброі. Праваахоўныя органы зьвяртаюцца да насельніцтва па дапамогу:
“Калі вам вядома якая-небудзь інфармацыя пра незаконнае захаваньне боепрыпасаў, зброі, выбуховых рэчываў, а таксама пра асобаў, датычных да іх стварэньня, альбо якія незаконна захоўваюць незарэгістраваную зброю, калі ласка, паведаміце пра гэта ва ўпраўленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Магілёўскай вобласьці”, гаворыцца ў звароце мясцовага КДБ.
Найчасьцей зброю шукаюць на месцах баёў часоў Другой Сусьветнай вайны. Гаворыць кіраўнік магілёўскага пошукавага клюбу Мікалай Барысенка:
“Сапёры з намі пастаянна працавалі, пастаянна былі побач з намі. У выпадку знаходжаньня нечага са зброі вывозілі й зьнішчалі. Небясьпечная гэта справа – сустракацца зь іржавай сьмерцю. Пагатоў, у нас жа хлопцы маладыя, недасьведчаныя”.
Факты незаконнага абароту зброі на Магілёўшчыне ў афіцыйных паведамленьнях ня рэдкія. Так, на пачатку кастрычніка затрымалі жыхарку Асіповіцкага раёну падчас яе спробы прадаць паўтысячы патронаў да пісталета Макарава. У яе дома потым выявілі яшчэ столькі ж. У Магілёве кіраўнік камэрцыйнай арганізацыі зьбіраўся прадаць аўтамат шмайсэр. Жыхары быхаўскай вёскі Хомічы знайшлі гранату й тры артылерыйскія снарады. Пры маніпуляцыі граната выбухнула й забіла аднаго з мужчынаў.
Не палохае людзей ня толькі рызыка загінуць, але й крымінальная адказнасьць. Гаворыць супрацоўнік магілёўскай управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі:
“Згодна з крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, нават захаваньне зброі – дзеяньне, якое караецца паводле закону. Ня кажучы пра яго продаж. І тэрмін пакараньня таксама ня малы – да дванаццаці гадоў пазбаўленьня волі”.
Эканаміст Андрэй Юркоў перакананы: пакуль існуе попыт на зброю, людзі будуць рызыкаваць. Ён зазначае: калі прагледзець зводкі злачынстваў, то нескладана ўбачыць – найчасьцей праваахоўныя органы выкрываюць за пошукам і збытам зброі жыхароў сельскай мясцовасьці:
“Яны добра ведаюць месцы, дзе праходзілі баі. Багата хто наводзіць прафэсійных ужо капальнікаў на такія месцы, паказвае і ўжо за пэўныя сродкі дапамагае прафэсійным шукальнікам выконваць іх працу. У гэтай сытуацыі дзяржава павінна добрыя сумы выплачваць тым, хто добраахвотна здае гэтую зброю. Тыя ж цэны, якія існуюць на чорным рынку, вядомыя кампэтэнтным асобам”.
Згодна з заканадаўствам, калі чалавек здае зброю, ён пазбаўляецца крымінальнай адказнасьці. Андрэй Юркоў, кажа – можа гэты факт і важны, аднак людзі ўсе адно будуць шукаць – на вёсцы пануе галеча й безграшоўе. А продаж знойдзенай зброі – сродак выжываньня. Праўда, пры ўмове, што падчас яе пошуку з табой ня здарыцца найгоршага – як жыхаром быхаўскай вёскі Хомічы, што загінуў ад знойдзенай гранаты...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG