Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А. Левінаў: “Паміж народам і беларускай Фэмідай — бездань”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — былы віцебскі міліцыянт Андрэй Левінаў. Ён служыў участковым, 11 гадоў — у службе дазнаньня, быў намесьнікам начальніка РАУС. З-за сваёй прынцыповасьці, нежаданьня саступаць “просьбам”, тэлефонным “парадам” і неабгрунтаваным загадам начальства кар'ера капітана Левінава складалася няпроста. А пасьля таго як насуперак кіраўніцтву ён вырашыў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах і скласьці канкурэнцыю кандыдату ад улады — дзейнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Сямашку, яго наагул звольнілі.


Левінаў: “...Перад тым, праўда, на маім участку правялі маштабную праверку — хацелі нарыць “паказальны” кампрамат. Пэрсанальна супраць мяне было ініцыяванае ўнутранае расьсьледаваньне...”

Карэспандэнт: “Усё праходзіла па фармальна карэктным сцэнары, або — так, каб іншых свабодалюбівых калегаў вашых правучыць?”

Левінаў: “Гм, мяне абвінавацілі нібыта ў службовай неадпаведнасьці займанай пасадзе (гэта пасьля практычна 15-гадовай службы). Як тое расцаніць? Зачынілі ў кабінэце аддзелу кадраў, спрабавалі адабраць пасьведчаньне супрацоўніка міліцыі. Пры тым, што пасьведчаньне здаецца толькі пры звальненьні. І хоць я працягваў выконваць абавязкі ўчастковага, канфіскавалі пісталет. Ну а калі б здарылася пазаштатная сытуацыя? Як зьберагчы жыцьцё і здароўе? Іх гэта не хвалявала”.

12 жніўня 2008 году Андрэя Левінава ўсё ж звольнілі зь міліцыі. Ад тае пары ён цалкам аддаўся выбарчай барацьбе: зьбіраў подпісы для рэгістрацыі, напісаў скаргу ў Цэнтральны выбарчы камітэт. Лідзія Ярмошына ў адказ адказала: ваш ліст перасланы для праверкі ў Міністэрства ўнутраных спраў і Генэральную пракуратуру. Па бюракратычнай завядзёнцы скаргу з апошняй інстанцыі пераслалі ў пракуратуру Віцебскай вобласьці. Што карысьці?

Карэспандэнт: “…Ці мелі вы да таго часу досьвед змаганьня за ўласныя правы?”

Левінаў: “І за сябе стаяў не аднойчы, аднак болей — за пакрыўджаных шараговых грамадзянаў, чые інтарэсы бараніў па службе. У гэтым мне шмат дапамагаў родны брат — праваабаронца Павал Левінаў. Мы зь ім — у адной зьвязцы. Хоць тое зусім не азначае, што родная кроў дазваляе пагаджацца літаральна з усімі ягонымі крокамі ці думкамі. І наадварот. Не, часта мы спрачаемся. Шукаем праўду ў разумным, прафэсійным кампрамісе”.

Дарэчы, у наўпроставым эфіры Радыё Свабода ў тыя дні Андрэю было зададзена пытаньне: ці даводзілася яму крывіць сумленьнем падчас службы? Адказ наступны:

Левінаў: “...Мне — не, але шмат каму — так. Вось кароткі прыклад: дзесьці ў 1996 годзе было затрыманьне Валерыя Шчукіна, вядомага журналіста. Яго і нагамі білі, і палкамі. Я потым размаўляў з гэтымі людзьмі: “Што ж вы робіце? Гэта ж немалады чалавек, так нельга!” Некаторыя з тых, што гэта рабілі, ужо дарасьлі да пасады намесьніка начальніка РАУС. Я ім тлумачыў, што давядзецца за гэта адказваць, рана ці позна. Натуральна, гэта не падабалася. Пасьля 1996 году мяне ставілі далей ад акцый апазыцыі, людзей, нязгодных з уладай, каб я ня мог умяшацца і перашкодзіць тым дзеяньням міліцыі, якія, на мой погляд, незаконныя”.

Карэспандэнт: “Калі б вас абралі дэпутатам, што б зьмянілі ў працы праваахоўных органаў?”

Левінаў: “Найперш трэба будзе мяняць закон аб органах унутраных спраў, каб міліцыя ў вачах народу была ня карным органам, а найперш органам, які абараняе правы грамадзян. У нас жа міліцыя ўспрымаецца толькі як карны орган”.

Дарэчы, з апошнім Андрэй Левінаў сутыкнуўся і ў часе выбараў: ноччу невядомы напаў на яго з засады, і лекары канстатавалі зьбіцьцё, чэрапна-мазгавую траўму — такім чынам, як ён лічыць, зь ім зводзілі палітычныя рахункі.

Андрэй Левінаў
: “Закон павінен працаваць. Добры альбо дрэнны, але працаваць. А ў нас на паперы ўсе законы добрыя, абараняюць простых грамадзян, а насамрэч яны абараняюць толькі чыноўнікаў. Просты чалавек як быў безабаронным, так такім і застаецца. І можна колькасьць міліцыі павялічыць яшчэ ў пяць разоў, але карысьці ад гэтага ня будзе. Бо міліцыя павінна дзейнічаць на падставе законаў, а з тым заканадаўствам, якое ёсьць у нас, нічога зрабіць нельга”.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Андрэй Левінаў замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Шараговы грамадзянін і беларуская Фэміда — чаму няма паразуменьня?”

У прыватнасьці, ён папрасіў зрабіць чатыры сюжэты — пра стасункі грамадзянаў зь міліцыяй, судом, пракуратурай і адвакатурай.

Калі ў слухачоў радыё, наведнікаў сайту Свабоды ёсьць адпаведныя прыклады, развагі — дасылайце іх па пошце, тэлефануйце на аўтаадказьнік. Кожнаму з вас экс-капітан Андрэй Левінаў дасьць адказ, а мы выкарыстаем вашыя думкі і прапановы ў замоўленай ім перадачы.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG