Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як жывецца ў дэпутацкім доме


Дом дэпутатаў пануе над забудовай

Дом дэпутатаў пануе над забудовай


27 кастрычніка першы раз зьбяруцца на паседжаньне новаабраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня.

Новыя парлямэнтары паселяцца ў гатэлі “Кастрычніцкім” у самым цэнтры Менску. Але тут пажывуць нядоўга. Праз кароткі час іх чакае пераезд у так званы дэпутацкі дом, што знаходзіцца ў Казарменным завулку сталіцы.

Дагэтуль можна пачуць, што рэгіянальныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў жывуць у “клімаўскім” доме. Маўляў, яго будаваў Андрэй Клімаў — былы бізнэсовец, дэпутат і палітвязень. Але ён удакладняе: гэты дом будаваўся ў іншы час — “…калі я сядзеў”.

Андрэй Клімаў
Блытаніна ідзе ад таго, што побач з “дэпутацкім” домам знаходзіцца яшчэ адзін — для дыпляматаў. Вось да яго Андрэй Клімаў сапраўды мае дачыненьне:

“Я яго будаваў пры ўдзеле гарвыканкаму. Ён ад пачатку і плянаваўся як дом для дыпляматаў. А цяпер ён належыць упраўленьню справаў кіраўніка дзяржавы”.

Дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Сьвірыд, калі ідзе пешшу ў свой дом, праходзіць і паўз “клімаўскі”. Ён кажа “Свабодзе”, што быццам у дыпляматаў кватэры і прастарнейшыя, і зручнейшыя. Але спадар Сьвірыд, які прыехаў з Ганцавічаў і пражыў на Казарменным завулку сем гадоў, ім не зайздросьціць:

Аляксандар Сьвірыд
“Асабіста мяне задавальняла ўсё: і месца, і якасьць кватэры, і мэбля ў доме. Мясьціна ціхая, спакойная, утульная, недалёка ад станцыі мэтро “Першамайская”, літаральна 50 мэтраў да Сьвіслачы”.

Калі дэпутаты групы “Рэспубліка” з Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня галадавалі ў службовай кватэры генэрала Фралова, многім журналістам, у прыватнасьці і мне, давялося там пабываць. Агульнае ўражаньне засталося такое: у кватэры ёсьць усё — добрая мэбля, тэлевізар, дываны, ложак, коўдры… Як жартаваў генэрал, з сабою трэба было прывозіць толькі лыжкі ды прасьціны. Тэлевізары ў кватэрах беларускія — “Віцязь” і “Гарызонт”. Мэбля — пераважна гомельская, гарадзенская. Ёсьць і сіняўскай мэблевай фабрыкі, што ў Клецкім раёне.

Аляксандар Сьвірыд кажа, што кватэры ў доме розныя:

“Там ёсьць двух-, трох- і чатырохпакаёвыя. Мы калі першы раз засяляліся, дык цягнулі жэрабя. Я, памятаю, вярнуўся з камандзіроўкі, а мне кажуць: бяжы, цягні жэрабя! Прыбег, а засталіся ўсяго дзьве кватэры — абедзьве двухпакаёўкі. Ну, я і выцягнуў, сымбалічна можна сказаць”.

Дарэчы, у доме 140 кватэр. Дэпутатаў жа з рэгіёнаў ніколі не было больш за 90. Але паколькі дом належыць упраўленьню справамі прэзыдэнта, то звычайна тут часова жывуць яшчэ і чыноўнікі з рэгіёнаў. Ёсьць і кватэры, якія належаць звычайным людзям — яны нейкім чынам пабудаваліся тут праз каапэратыў.

Спэцыяльнай аховы ў доме няма. Прыпаркавацца ля яго зручна — ёсьць вялікая пляцоўка. Але за карыстаньне ёй трэба плаціць, у тым ліку і дэпутатам.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка зь Петрыкава кажа, што ў ягоную кадэнцыю дэпутацкага дому яшчэ не было. І ягоныя калегі жылі ў гатэлі “Менск”:

“Там цудоўна чым? Ты прыйшоў — табе цёплы пакой. Хочаш — тэлевізар уключы, хочаш памыцца — ідзі ў ванну. Ёсьць лядоўня, туалет. Што яшчэ трэба? Хочаш гарачага — схадзі ў сталоўку, дый буфэт у гатэлі быў”.

Аляксандар Сьвірыд лічыць, што дэпутатам, якія ідуць на зьмену яму і ягоным калегам, нічога лепшага за гэты дом ня трэба:

“Ад дабра дабро не шукаюць. Але ж хто яго ведае, у якіх варунках новы дэпутат жыў у сябе? Гэта ж да чаго хто прывык. Можа, у яго катэдж асабісты быў ці што іншае? Па пасадах — я бачыў сьпіс новых дэпутатаў — можа, хто і ў лепшых умовах жыў.

Мяне асабіста гэта задавальняла. Хаця ў той жа час магу сказаць, што некаторыя з нашых дэпутатаў скардзіліся: халаднавата, няўтульна…”

Вячаслаў Герасіменка кажа, што асабіста дэпутаты за пражываньне ў гатэлі нічога не плацілі. А Аляксандар Сьвірыд цьвердзіць: цяпер яны аплачваюць са сваёй кішэні і пражываньне, і ўсе камунальныя паслугі. Спадар Герасіменка, які падпісаў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку і вымушаны быў пакінуць парлямэнт пасьля лістападаўскага 1996 году рэфэрэндуму, камэнтуе:

“У мяне быў заробак, эквівалентны 100 далярам. А ў лістападзе 1996 году сярэдні заробак у Беларусі таксама быў 100 даляраў”.

Цяпер жа заробак дзейнага дэпутата складае каля 1500 даляраў. Афіцыйная ж статыстыка паказвае: у прамысловасьці сярэдні заробак — 500 даляраў, а ў сельскай гаспадарцы — яшчэ ніжэйшы.

XS
SM
MD
LG