Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўрапарлямэнту і кіраўнікі фракцыяў 16 кастрычніка заклікалі беларускія ўлады "зьняць забарону на ўезд у Беларусь з палітыкаў краін ЭЗ".


Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу парлямэнту Эўразьвязу, дэпутаты заклікалі афіцыйны Менск пайсьці на такі крок у адказ на рашэньне кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ аб частковым прыпыненьні забароны на ўезд у ЭЗ беларускіх чыноўнікаў.

28 кастрычніка сустрэча дэпутатаў з дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю пройдзе ў Вільні, паколькі ім было адмоўлена ў магчымасьці наведаць краіну. У літоўскай сталіцы яны сустрэнуцца, у прыватнасьці, з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным, а таксама студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія мелі намер назіраць за выбарамі ў Беларусі, таксама не атрымалі беларускіх віз.

9 кастрычніка Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі, у якой заклікаў выканаўчыя органы Эўразьвязу прыпыніць візавыя санкцыі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду.

"Пастаяннае адмаўленьне беларускіх уладаў у выдачы візы заходнім палітыкам выклікае асаблівую няўхвалу ў святле апошняга рашэньня Рады міністраў ЭЗ", — заявіў старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пэтэрынг.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG