Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Харланчук: “Не лічу, што сям'я і палітыка – розныя рэчы”


Госьця “Начной Свабоды” – акторка Ганна Харланчук (эфір 14 кастрычніка).

Знаткевіч: У аўторак у Беларусі адзначалася афіцыйнае сьвята – Дзень маці. Вы гадуеце траіх дзяцей – для вас гэты дзень адметны ці проста фармальная дата?

Харланчук: Вядома, адметны. Ведаеце, калі ты кожны дзень мама, мама, мама, то неяк гэта становіцца звычайным. А калі надыходзіць гэты дзень, і прыходзяць твае дзеці, і віншуюць цябе з гэтым сьвятам, і нагадваюць табе аб тым, што ты незвычайны чалавек, што ты мама і табе дадзены такі прывілей быць мамай, гэта вельмі дорага. І менавіта ў гэты дзень, мне здаецца, я адчуваю асаблівасьць таго, што я мама, што калісьці мне Бог даў такую магчымасьць адчуць, што я магу ўнутры мець новае жыцьцё, насіць гэтае жыцьцё, і гэта сапраўды такі цуд. І вось сьвята нагадвае аб гэтым. Таму гэта ня проста фармальнасьць, ні ў якім разе.

“Я проста стала больш сьпяваць ці больш чытаць казак...”

Знаткевіч: Вашая дачка нарадзілася летась, і яшчэ дваіх дзетак вы ўзялі на выхаваньне 4 месяцы таму. То бок фактычна цягам году вы сталі зь бязьдзетнага чалавека шматдзетнай маці. Як вы адчуваеце, наколькі гэта вас зьмяніла як асобу?

Харланчук: Ня думаю, што гэта рэзка мяне зьмяніла. У мяне няма такога адчуваньня. Здаецца, я проста стала больш сьпяваць ці больш чытаць казак і акунулася больш у дзіцячы сьвет – такі вельмі сьветлы, добры. Вядома, гэта адказнасьць – за траіх дзетак яна большая, чым за адно. Аднойчы, калі мяне сустрэў мой кіраўнік на працы, ён сказаў: “О, Ганна, ты стала “матёрее” (ад слова ‘мать’). Мабыць, іншыя людзі гэта заўважаюць. Але так ува мне ўсё засталося, як і было.

Знаткевіч: Ганна, існуе такі стэрэатып пра актораў, пра акторак, што гэта людзі, так бы мовіць, багемныя, ня схільныя да сямейнага жыцьця. Нейкая доля праўды ў гэтым ёсьць?

Харланчук: Ёсьць доля праўды ў тым, што калі на першым месцы ў цябе тэатар, калі гэта ўзводзіцца ў культ, то так, для сям’і тут у такім разе мала месца. І тады цяжка ствараць сям’ю, калі ў цябе такі погляд. Але ж я бачу шмат вельмі добрых акторскіх сем'яў. І яшчэ ёсьць такі момант, што мы як быццам больш відаць, чым іншыя людзі, і ад гэтага складаецца такі стэрэатып. Не ў акторскіх сем'ях хапае таксама розных праблем, проста яны ня так відаць. Так што не лічу, што акторскія сем’і больш нестабільныя. Наш прыклад, мне здаецца, кажа іншае.

“Калі я хачу шмат дзяцей, я абавязкова іх забясьпечу”

Знаткевіч: Ганна, вашай роднай дачцэ Адэльцы 1 год чатыры месяцы. Сёлета вашая сям’я ўзяла на выхаваньне дваіх прыёмных дзетак, брата і сястру, шасьцігадовага Піліпа і двухгадовую Івону. А ці плянуеце яшчэ дзяцей?

Харланчук: Так, плянуем. Але ведаеце, калі ты бярэш дваіх дзетак, усынаўляеш іх, то гэта зусім іншая сытуацыя, чым калі нараджаюцца свае. Там больш усё паступова ідзе, усё зразумела. А калі зьнянацку і так нечакана зьяўляюцца дзеткі, то патрэбны час, каб усё ўсталявалася. Таму мы вельмі хочам, і будзе яшчэ дзіця, і, мабыць, не адно, але трошку час павінен прайсьці, каб і яны адчулі сябе сваімі і мы іхнімі, каб роднымі сталі.

Знаткевіч: Калі людзі разважаюць, чаму ў Беларусі невысокая нараджальнасьць, можна пачуць вельмі адменныя тлумачэньні: адны кажуць пра эканоміку, маўляў, людзі бачаць, што ня змогуць годна забясьпечыць некалькіх дзяцей, а іншыя, наадварот, спасылаюцца на тое, што якраз у найбольш бедных краінах нараджальнасьць часта найвышэйшая. Для вас якое тлумачэньне падаецца больш пераканаўчым?

Харланчук: Дзеці шмат не ядуць (сьмяецца). Я бачу гэта на сваіх дзецях, на сваёй сям'і. Усё залежыць ад жаданьня. І тут ты не выбіраеш, якое становішча ў краіне. Ты проста бярэш на сябе адказнасьць. Вырашаеш, ты хочаш шмат дзяцей ці ня хочаш. Я ведаю, калі я хачу шмат дзяцей, я абавязкова іх забясьпечу.

Цяпер ёсьць магчымасьць да нечага ісьці, я маю на ўвазе кар'еру, працу. Раней такога не было, таму дзяцей нараджалася больш. Было больш часу думаць пра дзяцей. Цяпер няма гэтага часу, і ўвогуле быццам выцясьняюцца дзеці, быццам становяцца непатрэбнымі. Гэта вельмі прыкра.

Знаткевіч: Вы лічыце, што дзяржаўная дапамога нічога прынцыпова тут ня зьменіць, што больш усё-такі залежыць ад стаўленьня саміх людзей?

Харланчук: Так, несумненна.

“Я лічу, што жанчынам не забаронены ўваход...”

Знаткевіч: Ганна, у свой час вы зьбіраліся паступаць на рэжысэрскае аддзяленьне, але там вам сказалі, што на гэтае аддзяленьне бяруць толькі мужчынаў. На вашую думку, ці ёсьць у сучаснай Беларусі ролі, месцы, куды жанчынам, можна сказаць, уваход забаронены, куды жанчын не пускаюць, хоць варта было б пускаць? Ці ёсьць якая дыскрымінацыя, на вашую думку?

Харланчук: Менавіта той рэжысэр, які прымаў, калі я хацела паступаць, проста ня бачыць жанчыны як рэжысэра. Гэта нармальна, мне здаецца, бо я ведаю, што на наступны год паступалі дзяўчаткі. Проста там выйшла такая сытуацыя, і я не шкадую, што так атрымалася, што я стала акторкай. Я лічу, што жанчынам не забаронены ўваход...

Знаткевіч: Але вы можаце ўявіць сабе сытуацыю, што нейкі чалавек, нейкая, магчыма, рэжысэрка ці нейкі рэжысэр палічыў бы, што ён ня бачыць мужчыну ў ролі рэжысэра таму толькі, што гэта мужчына. І чалавека не пусьцілі б на рэжысэрскае аддзяленьне...

Харланчук: Гэта мне цяжка ўявіць. Гэта не стэрэатып, але так і ёсьць, што рэжысэрская праца больш мужчынская, у большай ступені для мужчынскага складу розуму, лёгікі мужчынскай.

Знаткевіч: То бок вы лічыце, што гэта натуральны фактычна стан рэчаў, так?

Харланчук: Натуральны, так. Я думаю, што ёсьць, вядома, выключэньні, ёсьць жанчыны – вельмі добрыя рэжысэры, але больш гэта мужчынская спэцыфіка.

“Кіраўнік адлюстроўвае сытуацыю ў краіне”

Знаткевіч: На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка, як езьдзіў на саміт СНД, браў з сабою свайго малодшага сына, 5-гадовага Мікалая. Мікалай народжаны па-за шлюбам. І вядуцца такія спрэчкі: наколькі нармальна, што кіраўнік дзяржавы возіць сваё пазашлюбнае дзіця, паказвае публічна ў іншых краінах. На вашую думку, ці варта асуджаць за такое палітыка, ці павінен палітык паказваць прыклад маральнасьці?

Харланчук: Насамрэч мне шкада, што ёсьць так, як ёсьць. І я лічу, што кіраўнік павінен абавязкова паказваць прыклад. Я не лічу, што сям'я і палітыка – гэта розныя ўвогуле рэчы. І ўпэўненая, што ўсё пачынаецца зь сям'і, усё пачынаецца з дому. І потым адсюль выносіцца далей, выносіцца ў працу, выносіцца на людзі. Кіраўнік адлюстроўвае сытуацыю ў краіне, і калі ў яго такая сытуацыя, то цяжка казаць, што ў нас будуць добрыя сем'і, якія будуць хацець мець шмат дзяцей ці ўвогуле мець дзяцей. Я бачу, што гэта ўсё вельмі ўзаемазьвязана. І хацелася б, вядома, каб гэта быў маральны прыклад, добры прыклад для ўсіх.
XS
SM
MD
LG