Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Старшыня палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў паведаміў 17 кастрычніка, што завершаная праца над праектам Канстутыцыйнага акту «Саюзнай дзяржавы», і ня выключыў, што праект Канстытуцыйнага акту можа быць разгледжаны на бліжэйшым пасяджэньні Вышэйшага Дзяржсавету 3 лістапада. Наколькі сур’ёзнай можна лічыць такую заяву? Чаму апошнімі тыднямі беларускі бок зрабіў некалькі дэманстратыўных крокаў у бок Масквы? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэта «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Наколькі сур’ёзна можна ўспрымаць заяву Вадзіма Папова? З аднаго боку, мы прызвычаіліся, што дзяржсакратар саюзнай дзяржавы спадар Барадзін кожны тыдзень кажа пра надзвычайныя прарывы, і гатовыя да падпісаньня дакумэнты, зь іншага Вадзім Папоў усё ж мае статус сьпікера Палаты прадстаўнікоў, і ён не сказаў нічога сэнсацыйнага. Магчыма, кіраўнікі дзяржаваў 3 лістапада разгледзяць гэты Акт, які рыхтуецца ўжо 10 гадоў — разгледзяць і накіруюць зноў на дапрацоўку. .”

“Лукашэнка ўжо гатовы падпісваць несур’ёзныя дакумэнты”

Сьвятлана Калінкіна
Калінкіна: “Сапраўды за гэтыя 10 гадоў Канстытуцыйны акт пісалі і перапісвалі шмат разоў, уносілі нейкія зьмены. Але калі стрэльба вісіць на сьцяне, яно павінна выбухнуць. І з гэтым Актам бакам трэба нешта рабіць.

Мяне цешыць наступнае. Аляксандар Лукашэнка раней казаў, што ніколі ня будзе падпісваць нейкія несур’ёзныя дакумэнты. Цяпер, наколькі нам вядома, існуючы дакумэнт — гэта прапанова расейскага боку, праект ня мае на ўвазе нейкага радыкальнага аб’яднаньня краінаў, стварэньня новых пасадаў. Тое, Што Лукашэнка гатовы ўжо падпісаць нават такі дакумэнт — гэта мяне радуе”.

Цыганкоў: “Да словаў Сьвятланы можна дадаць, што Вадзім Папоў адзначыў, што раней былі распрацаваны некалькі праектаў Канстытуцыйнага акту, у якіх зьмяшчаліся самыя радыкальныя прапановы. У адпаведнасьці зь некаторымі зь іх прапаноўвалася стварэньне канфэдэратыўнай дзяржавы, увядзеньне пасады прэзыдэнта саюзнай дзяржавы. “У распрацаваным намі праекце ўсе гэтыя пытаньні вырашаюцца ў адпаведнасьці з Дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы”, — заявіў Папоў. Ці варта гэта разумець так, што ў праекце нічога кардынальна новага не прадугледжана?”

Андрэй Фёдараў
Фёдараў: “Вельмі падобна на тое. Сапраўды, беларускае кіраўніцтва раней неаднаразова заяўляла, што ня мае сэнсу працягваць рабіць нейкія новыя дакумэнты, якія нічога не дадаюць да саюзнай дамовы — таму яно, маўляў, ня будзе ў гэтыя гульні гуляць. Але калі зараз пра гэта пайшла гаворка, то можна меркаваць, што там толькі касмэтычныя зьмены.

Я паглядзеў у свой архіў і высьветліў, што за апошні год пра Канстытуцыйны акт выказваўся толькі спадар Папоў. Ён казаў пра гэта ў лютым і ў чэрвені…”

Цыганкоў: “То бок ён становіцца новым “Барадзіным”?

Фёдараў: “Так. Прынамсі, у адносінах да Канстытуцыйнага акту. Ён жа старшыня рэдакцыйнай камісіі, таму, магчыма, проста спрабуе прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасьці”.

Цыганкоў: “За апошнія тыдні Менск зрабіў некалькі дэманстратыўных крокаў у бок Масквы. Гэта і словы пра магчымае падпісаньне супольнай супрацьпаветранай абароны, гэта і словы Лукашэнкі пра пагрозу NATO на нарадзе ў Радзе Бясьпекі, і вось словы пра Канстытуцыйны акт. Чаму Менску спатрэбілася гэтая рыторыка, тым больш на фоне пэўнага прарыву ў адносінах з Захадам?”

“Расея зараз будзе даціскаць..”

Калінкіна: “Я мяркую, што ўсе крокі Менску на Захад — дэманстратыўныя. Рэальны ўплыў на сытуацыю застаецца з Усходу. Цяпер, калі вельмі цяжкая фінансавая сытуацыя, калі ня вырашаная праблема з цэнамі на энэрганосьбіты, калі пачалася прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў — Беларусь жадае ўсяляк падвысіць свой палітычны і геапалітычны статус.

Я б зьвярнула ўвагу на тое, што з расейкага боку заўсёды гаварылася, што праблема “Іскандэраў”, сыстэма СПА ня будзе вырашана, пакуль ня будзе вызначаны статус “Саюзнай дзяржавы”. А беларускі бок казаў, што не ўвядзем расейскі рубель, пакуль ня будзе вызначаны гэты статус. Таму я думаю, што праект Канстытуцыйнага акту ўсплыў і ў сувязі з гэтымі двума акалічнасьцямі.

Менск вызначае свае пазыцыі, як гулец, у якім Расея павінна быць зацікаўленая, і за гэта просіць нейкія саступкі. Вось і ўсплыў Канстытуцыйны акт. Які будзе ягоны зьмест — можна толькі здагадвацца. Але будзем спадзявацца, што Вадзім Папоў ня хлусіў, калі казаў, што нічога радыкальнага ў ім няма”.

Цыганкоў: “Сьвятлана раней ужыла вобраз стрэльбы, якая можа калі-небудзь выстраліць. У гэтай сувязі — наколькі небясьпечная гэта гульня? Які б ня быў — пусты, выхалашчаны — гэты акт, але ён у любы момант можа даць дадатковыя паўнамоцтвы па ўрэзаньні беларускага сувэрэнітэту?”

Фёдараў: “З майго пункту гледжаньня, усе гэтыя гульні з саюзнай дзяржавай небясьпечныя для беларускай незалежнасьці. У нас і так надта цесныя адносіны з Расеяй, яна надта ўплывае на палітыку Беларусі — а калі гэта будзе яшчэ і фармалізавана, і зьявяцца дадатковыя магчымасьці, то небясьпека толькі павысіцца”.

Калінкіна: “Я лічу, што гэта была вялікая памылка Аляксандра Лукашэнкі — гульня ў інтэграцыю. Ён паквапіўся на танныя нафту і газ, эканамічныя выгоды, але страціў палітычную прастору для гульні. Цяпер гэтай прасторы становіцца ўсё меней. Багаж абяцаньняў, якія ён даў, быў падмацаваны расейскімі цэнамі, крэдытамі, дамоўленасьцямі. Таму, як мне здаецца, Расея зараз будзе даціскаць, каб рэалізаваць свае інтарэсы ў Беларусі”.

Аднак ня выключана, што ўся гэтая гісторыя з канстытуцыйным актам палягае больш у сфэры піяру, чым рэальнай палітыкі. Для Масквы нейкая інтэграцыйная дэманстрацыя можа стаць псыхалягічнай кампэнсацыяй за той стан пэўнай міжнароднай ізаляцыі, у якім яна апынулася пасьля вайны на Каўказе. Для Менску — дэманстрацыяй ляяльнасьці, сродкам супакаеньня саюзьніка, каб таму пасьля крокаў Брусэлю насустрач Менску ня мроіліся натаўскія танкі пад Воршай.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG