Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ ў чэрвені беларускі парлямэнт прыняў папраўкі ў Закон “Аб рэкляме”, адпаведна зь якім у рэспубліцы будзе забаронена рэкляма экстрасэнсаў, астролягаў, варажбітак, чараўнікоў і прадракальнікаў.

Заадно зь імі забарону на рэкляму дзейнасьці атрымалі і прыватныя псыхолягі. Да ўступленьня паправак у законную сілу яшчэ далёка, але наступствы прынятых зьменаў ужо ёсьць.

Намесьніца старшыні Парлямэнцкай камісіі жыльлёвай палітыкі, будаўніцтва, гандлю і прыватызацыі Ганна Бурава тлумачыць, якім чынам сярод прадказальнікаў і варажбітоў апынуліся псыхолягі:

Псыхалягічная дапамога наагул будзе забаронена
“Псыхалягічная дапамога наагул будзе забаронена, дазволена толькі для дзяржаўных арганізацый і арганізацый, якія гэткую дапамогу аказваюць бясплатна. З той прычыны, што цяпер вельмі часта за псыхалягічнай дапамогай хаваецца зусім іншае. Рэклямуюць псыхалягічную дапамогу, а потым пачынаецца: “Пазваніце Машы, Дашы, размова тэт-а-тэт”, хвіліна размовы — даляр... Дык вось і паспрабуйце вызначыць, што, хто і дзе”...

Вольга — былая супрацоўніца фірмы, якая дапамагала грамадзянам зазірнуць у будучыню з упэўненасьцю ці разагнаць сум размоваю коштам ад паўтары да трох тысяч беларускіх рублёў за хвіліну. Яна сьведчыць, што прынятыя ў закон папраўкі ўжо адбіліся на працы гэткіх фірмаў:

“Гэты бізнэс цяпер характарызуецца, я б сказала, 12-м арканам Таро, які выглядае як чалавек, падвешаны ўніз галавой — у падвешаным стане. У Беларусі працуе пяць гэткіх фірмаў, і на кожную зь іх так ці інакш гэта ўжо ўзьдзейнічае. Папраўкі былі прынятыя ў першым чытаньні, другога слуханьня яшчэ не было, але юрысты рэклямных аддзелаў СМІ пачалі “перастрахоўвацца” і адмаўляцца ад непасрэднай рэклямы...”

Нацыянальная традыцыя: на ўсялякі выпадак

Гэта прывяло да таго, што ў жніўні старыя макеты рэклямы не прымалі, а новыя гатовыя яшчэ не былі. Без рэклямы званкоў значна паменела, багата супрацоўнікаў мусілі звольніцца. Але выйсьця не давялося доўга шукаць, працягвае мая суразмоўца:

“Зрабілі макеты, дзе гэтыя паслугі рэклямаваліся ўскосна, — пачалі рэклямавацца ўсялякія клюбы “жаночая лінія”, “сяброўка”, “савет ды любоў”, “сямейная рада” і іншыя гэткага кшталту”.

Сталых кліентаў фірмы-прадбачцы будучыні ня страцілі:

“Тэлефануюць на якую-небудзь “жаночую лінію” і пытаюцца — а ці гадаеце вы на картах Таро? Ім адказваюць — так, канечне...”

26-гадовая Алена зь Менску лічыць сябе цалкам рацыянальным чалавекам. Працуе PR-мэнэджэрам. Сваё захапленьне тэлефоннымі прагнозамі Таро называе бяскрыўднай забавай:

“Часам я званю ў гэтую службу, — калі ў мяне нейкія жыцьцёвыя цяжкія моманты, няўдачы нейкія, калі мне цяжка прыняць пэўнае рашэньне, я да іх зьвяртаюся. І вельмі часта менавіта пасьля размовы зь імі я прымаю рашэньне, то бок мяне прагнозы неяк падбадзёрваюць, нейкі настрой даюць... Ёсьць пэўная жанчына, якой я званю пастаянна... І, дарэчы, збольшага ўсё, што яна казала ды раіла, спраўджвалася”...

Барацьба з формай, а ня з сутнасьцю

На думку грамадзкага рэдактара “Радыё Свабода” Мікалая Халезіна, забарона рэклямы экстрасэнсаў і варажбітак — ідэя бессэнсоўная. Гэта барацьба з формай, а ня з сутнасьцю праблемы. Прыкладна гэтаксама выглядае і гісторыя барацьбы з прастытуцыяй.

Гэтая забарона нічога ня дасьць
“Гэтая забарона нічога ня дасьць, бо ёсьць шмат розных шляхоў да сэрца таго, хто шукае нечага гэткага... Калі ёсьць інтэрнэт, ёсьць налепкі, ёсьць улёткі — заўсёды кожны знойдзе тое, што яго цікавіць. Трэба не забарона, трэба тлумачальная праца — каб людзі зразумелі, што ГЭТА — ня тое, чаго яны шукаюць”.

З гэтым меркаваньнем пагаджаецца і Вольга, якая варожыць на картах Таро:

“Людзі ідуць да псыхоляга тады, калі ўсьведамляюць пэўныя праблемы і гатовыя іх вырашаць, над імі працуючы. А да варажбіткі ці астроляга яны ідуць па цуд, каб нічога рабіць пры гэтым было ня трэба. А там ад іх зноў патрабуюць пэўных высілкаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG