Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайцюшкевіч: Надакучыць у Менску — перабяруся ў Горадню



Сёньня ў Горадні адбылася сустрэча з музыкам і кампазытарам Зьмітром Вайцюшкевічам. На імпрэзу прыйшло болей за сотню чалавек, пераважна моладзь. Памяшканьне Таварыства беларускай школы было перапоўнена. Акустычны канцэрт прайшоў у межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма!”.

Карэспандэнт: “На сьцяне ў Таварыстве беларускай школы я бачу надпіс —”За беларускую Беларусь. Будзьма разам!” Подпіс: Лявон Вольскі. Надпіс стары, так?”

Мажэйка: “Надпіс стары і вось тут, як бачыце, ёсьць месца для Зьмітра Вайцюшкевіча. Мы спадзяемся, што ён таксама напіша нам нейкі заклік, які дапаможа разьвівацца ТБШ, і таксама нам усім быць беларусамі”.

Карэспандэнт: “А размаўляем мы з Паўлам Мажэйкам, які сёньня прадстаўляе ў Горадні агульнанацыянальную кампанію “Будзьма!”

Мажэйка: “Я фактычна адказваю за яе на гэтай творчай сустрэчы з Вайцюшкевічам. Мы лічым, што беларусы — гэта сучасная нацыя, і мы б хацелі, каб як мага больш людзей у горадзе, асабліва маладых, дазвналіся пра гэта і пазнаёміліся з сучасным мастацтвам, якое, на наш погляд, вельмі эўрапейскае, вельмі дастойнае”.

Карэспандэнт: “А зараз — пытаньні да госьця. Зьміцер, Ваш канцэрт падаецца пад лёзунгам “Вайцюшкевіча дзесяць гадоў чакалі ў Горадні!” Кажуць, што Вы больш выступаеце ў Польшчы. Чаму дзесяць гадоў давялося чакаць гарадзенцам?”

Вайцюшкевіч: “Я таксама ня ведаю — чаму? Я сам з Гарадзеншчыны, зь Бярозаўкі, і для мяне Горадня мае свой сэнс пэўны, містычны, магічны. І я вельмі рады, што ўрэшце ўдалося арганізаваць сустрэчу дзякуючы кампаніі “Будзьма!” Я з задавальненьнем у ёй бяру ўдзел і рады, што я тут, у Горадні. Я нават думаў пра тое, што калі мне настолькі надакучыць у Менску, я перабяруся сюды”.

Карэспандэнт: “Калі перабірацца сюды, то Вы можа быць хадзілі, ці мо’ заўтра пойдзеце паглядзець, дзе, у якім месцы Вам найбольш хацелася б жыць, бо я разумею, што гэта павінна быць у Старым горадзе?”

Вайцюшкевіч: “Горад Гродна, Савецкая, 8”, — як у “Народным альбоме” сьпяваецца, таму хацелася б дзесьці там, у старых завулках што-небудзь прыдбаць. Я думаю ўвогуле наконт таго, што калі не пераехаць канчаткова, то прыехаць на год, адчуць жыцьцё культурнае, можа ўзрушыць яго, пажыць, паглядзець. Але ў мяне ёсьць такая мара пра іншыя гарады, ня толькі ў Беларусі. Таму што ня трэба жыць у гатэлях, трэба знайсьці сродкі на тое, каб наняць кватэру і пажыць некалькі месяцаў у Парыжы, у Кракаве, ці ў Варшаве, пахадзіць па вуліцах, таму можна зразумець і сваю маленькую Бярозаўку, і Горадню”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG