Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскую фабрыку гразяцца зачыніць


7 кастрычніка работніцы фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак. Сёньня ім сказалі, што фабрыку могуць зачыніць.

Чыноўнікі абяцаюць расфарміраваць фабрыку пухова-пер’евых вырабаў у Слоніме, калі да Новага году яна ня стане рэнтабельнай

Сёньня пра гэта на сходзе працоўнага калектыву заявіў намесьнік старшыні райвыканкаму Анатоль Фідрык.

На сёньняшняй сустрэчы дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Іванашка, выклаў сваю канцэпцыю выхаду з крызісу, прапанаваўшы рэарганізацыю фабрыкі.

Ён таксама казаў і пра скарачэньні, але абяцаў, што ніхто бяз працы не застанецца, паколькі адзін цэх у іх арандуе прыватнае прадпрыемства і там патрэбныя швачкі.

Што датычыць павышэньня заробку, прынята рашэньне павялічыць надбаўку па кантракце ў адпаведнасьці з дэкрэтам прэзыдэнта. Праўда, сёньня рабочыя так і не пачулі, колькі ж яны змогуць атрымліваць у найбліжэйшы час.

Больш катэгарычна выступіў перад рабочымі намесьнік старшыні Слонімскага райвыканкаму спадар Фідрык. Ён заявіў, што калі фабрыка да Новага году ня стане рэнтабэльнай, то яе папросту расфармуюць.

Адна з работніц фабрыкі, спадарыня Галіна, кажа, што многія яе калегі пасьля гэтай сустрэчы папросту ў разгубленасьці:

“Некаторыя задумаліся над тым, каб шукаць другую работу. Яшчэ нехта думае перайсьці ў прыватнае прадпрыемства, а тыя каму па 45-47 гадоў, нічога ня хочуць зьмяняць”.

Са слоў спадарыні Галіны, адміністрацыя паабяцала, што на пачатку наступнага месяца работніцы фабрыкі змогуць канкрэтна даведацца пра памеры сваіх новых заробкаў.

7 кастрычніка каля 60 чалавек са швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў пакінулі працу й прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак, які складае цяпер 170 — 200 тысяч рублёў.
XS
SM
MD
LG