Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму быў ўтвораны Аргкамітэт БНФ <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


19 кастрычніка 1988 году ў памяшканьні тагачаснага Дому кіно (касьцёл сьв. Сымона і Алены) быў утвораны Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту.

Трымаю вузкую палоску паперы, на якой праз капірку надрукавана:

«Арганізацыйная група па стварэньню Беларускага камітэта памяці ахвяраў сталінізму (Камітэт 58) запрашае Вас прыняць удзел ва устаноўчым сходзе, які адбудзецца 19 кастрычніка у 18-00 па адрасу Савецкая, 15 (Дом Кіно, Мінск). На сходзе Камітэта «58» будзе прынята праграма дзеяньняў, статут, выбраныя кіруючыя і рабочыя ворганы».

(Лічба “58” – нумар артыкулу сталінскага крымінальнага кодэксу, па якім былі расстраляныя ды сасланыя ў ГУЛаг мільёны ахвяраў).

Гэтае запрашэньне перадаў мне Аляксандар Лукашук ў рэдакцыі "Звязды" раніцай, а ўжо ўвечары ў Доме кіно пабачыў дзесяткі знаёмых - пісьменьнікаў, гісторыкаў, навукоўцаў. Пасяджэньне адбывалася на другім паверсе Дому кіно (некалькі гадоў таму пасьля рэканструкцыі касьцёлу вернутае першапачатковае аблічча, пазьнейшыя перакрыцьці разабраныя, і адноўленая адзіная малельная заля). У залі – Стэфанія Станюта, Васіль Быкаў, Максім Танк, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Віктар Казько... Шмат было моладзі - але былі і тыя, хто, як Сяргей Грахоўскі, правёў значную частку жыцьця ў сталінскім ГУЛагу. Прышлі сюды “па разнарадцы” з гаркаму і вэтэраны са значкамі «50 гадоў у КПСС».

На шчасьце, я прыхапіў з сабой дыктафон. Стужка захавалася, хаця якасьць запісу ня самая лепшая, да таго ж мы часам перагаворваліся з Уладзімерам Арловым. І ўсё ж галасы таго гістарычнага дня данесеныя.

Вёў сход пісьменьнік Міхась Дубянецкі, уступнае слова сказаў Васіль Быкаў.

Слухаць:

Быкаў:На працягу стагодзьдзяў наш народ моўчкі цярпеў прыгнёт. Ліў сваю кроў, ахвяраваў мільёнамі жыцьцяў і - маўчаў. Маўчаў, бо ягоныя гісторыкі пазбавілі яго праўдзівай гісторыяграфіі, яго філёсафы ўнушалі яму фальшывую ідэю аб мудрай правільнасьці ягонага бязьмежнага цярпеньня. Ягоныя рыцары прыгожага пісьменства спаборнічалі між сабой аб тым, хто найлепш апяе тое, што варта было выбуху гневу і абурэньня. Ягоныя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы былі пазбаўленыя ўласнай палітыкі, магчымасьці дзейнічаць на карысьць народа, а шмат хто зь іх сам стаў ахвяраю тэрору, уласнае сьлепаты і заблуджэньня.

Але мы болей не хочам жыць, каб ня памятаць як аб нашым гонары, так і аб нашых ахвярах, нашых пакутніках. Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду і зрабіць зь яе пэўныя высновы. Найперш, праўду трэба сказаць пра мільёны безымянных людзей Беларусі, рабочых, калгасьнікаў, інтэлігентаў з народа, беларусах, рускіх, паляках, яўрэях, людзях іншых нацыянальнасьцяў, панішчаных у гады сталіншчыны бяз віны, бяз права, бяз сьледу ў народнай памяці. Сімвалам тых, панішчаных, сёньня сталі ўжо славутыя Курапаты. Але Курапаты толькі адна кропля ў моры людзкой крыві.

Мы павінны таксама назваць імёны катаў нашых ахвяр. Хто былі гэтыя нелюдзі?... Як даўно вядома, кат і ахвяра інфэрнальным чынам зьвязаныя між сабой, і чалавецтва павінна ведаць і памятаць абодвух. Гэта патрэбна ў імя справядлівасьці, у імя дэмакратыі, у імя нашай будучыні. У тым наш сьвяты абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленьнямі, каб ім не давялося дакараць нас за тое, што мы мелі магчымасьці і ўпусьцілі яе. Мабыць, ніхто з нашых папярэднікаў ня меў такой магчымасьці, якую лёс ці гісторыя далі нам, і было б найвялікшай гістарычнай несправядлівасьцю ня выкарыстаць яе.

Але зьдзейсьніць гэты абавязак, мабыць, будзе нялёгка, Сілы рэакцыі, сталіншчыны ня склалі сваёй выпрабаванай зброі, і гатовы ўзяць рэванш за іхняе паражэньне ў галоснасьці. Каб пераканацца ў тым, даволі хоць зрэдку браць у рукі газэту "Вечерний Минск", орган менскага гаркома і гарсавета народных дэпутатаў, і паглядзець, хто і супраць чаго там выступае. Сілы зла цяпер перажываюць невялікую паўзу ў сваёй антынароднай дзейнасьці, перабудова і галоснасьць блытае іх адпрацаваныя за гады карты. Але яны ўжо пачалі прыстасоўвацца і да атмасфэры перабудовы. А ў некаторых выпадках -- і браць яе пад сваё кіраўніцтва. Кіраваць з такім разьлікам, каб хутка і бяз стратаў вярнуць так любы іхнім лекейскім душам таталітарызм з падаўленьнем, рэпрэсіямі, п’яным і пакорным існаваньнем заняволенага народа. Таму ўсе, каму дарагія прынцыпы дэмакратыі і сацыялізму, лёс нацыі, павінны быць пільныя, не даць сябе ашукаць ні крывадушнай бюракратыі, ні амаральнай навуковасьці, ні тым правакатарам ад перабудовы, якія маюць заданьне пусьціць яе на злом галавы, адвярнуўшы ад высакароднай мэты дэмакратычнага Адраджэньня нацыі, растварыць ідэалы дэмакратызацыі ў нацыянальных, рэгіянальных, ведамасных і амбіцыёзных сварках і супярэчнасьцях.

Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай сьвядомасьці, стане важным элементам гістарычнай памяці, і гарантам. Гарантам будучыні народа, які праз генацыд, кроў і зьнявагу з упартасьцю асуджанага ірвецца да сонца, дабра і справядлівасьці” (воплескі).

На сходзе вырашылі стварыць Таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў «Мартыралог Беларусі». Выступоўцы адзначалі, што без дэмакратызацыі грамадзтва немагчымыя ні вяртаньне гістарычнай памяці, ні стварэньне прыстойных умоваў жыцьця для суайчыньнікаў. Было зразумела, што мэты новай арганізацыі павінны быць значна шырэйшыя, чым аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. Таму арганізацыя Разумелася – арганізацыя будзе палітычнай. А магчыма, - будзе дзьве арганізацыі. Гучалі прапановы ўтварыць Народны Фронт. Калі прыступілі да вылучэньня кандыдатуры старшыні Мартыралёгу, Васіль Быкаў зазначыў, што старшыня павінен валодаць шмат якімі якасьцям.

Слухаць:

Быкаў: “Дарагія таварышы! Вядома, арганізацыя, якую мы стварылі, з'яўляецца сугуба дэмакратычнай, і ўсе кардынальныя пытаньні будуць вырашацца дэмакратычным шляхам з удзелам большасьці, але, тым ня менш, значэньне кіраўніка, відаць, так сказаць, будзе вельмі вялізным. Я думаю, што, як кожны кіраўнік, гэта павінен быць асаблівы чалавек. Гэта павінен быць аўтарытэтны чалавек, дасьведчаны, адукаваны. Гэта павінен быць энтузыяст гэтай выдатнай справы, павінен быць аддадзены ідэям дэмакратызацыі і нацыянальнага Адраджэньня. Апроч таго, што вельмі важна, гэты чалавек павінен быць пазбаўлены таго вялізнага недахопу, які ёсьць ва ўсіх нас, які выхаваны ўсімі папярэднімі гадамі, -- то ёсць ён павінен быць пазбаўлены страху. Найперш, страху перад начальствам. І такім чалавекам - я думаю, што вы мяне падтрымаеце – калі я назаву Зянона Станіслававіча Пазьняка.” (воплескі).

Было зразумела: ад таго, хто стане на чале «Мартыралёга», залежала, чым скончыцца гэты сход, ці будзе пастаўленая прапанова пра стварэньне Народнага Фронту, якая гучала з вуснаў выступоўцаў. Аднак ў залі Чырвонага касьцёла прысутнічалі і тыя, каго менавіта з гэтае прычыны кандыдатура Пазьняка не задавальняла. Перашкодзіць галасаваньню спрабаваў намесьнік загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ Расьціслаў Бузук, які жадаў накіраваць сход у бок бясплодных дэбатаў. Але тады Васіль Быкаў рашуча ўзяў мікрафон у свае рукі і прапанаваў прагаласаваць (на здымку зафіксаваны гэты момант. Зьлева — супрацоўнік ЦК КПБ Расьціслаў Бузук і вядучы сходу, пісьменьнік Міхась Дубянецкі).

Слухаць:

Быкаў: “Наступнае, што павінна быць: хто супраць кандыдатуры? Прашу падняць рукі! Хто устрымаўся? Няма! Усё!” (воплескі)

Прадстаўнік ЦК Бузук: И это – демократия?

Галасы з залі: “Так, дэмакратыя!”

Далей сход вёў Пазьняк. Ён нагадаў, што ўжо гучалі прапановы пра стварэньне Народнага фронту.

Слухаць:

Пазьняк: “Гэтую прапанову трэба прыняць. Таму я выстаўляю на галасаваньне наступную прапанову: утварыць пры таварыстве «Мартыралёг» арганізацыйны камітэт... арганізацыйны камітэт па стварэньні Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адрадждэньне» (воплескі).

Слухаць:

Пазьняк:У нас усіх,хто прысутнічае – 227 чалавек. Са 174 запрошаных прадстаўнікоў грамадзкасьці прысутнічае 112, без запрашэньня – 115.... Хто за тое, каб пры таварыстве “Мартыралёг” стварыць арганізацыйную групу... арганізацыйны камітэт пас тварэньню Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне”? Прашу падняць рукі. Апусьціце. Хто супраць? Слова ў часе галасаваньня не даецца, таварыш Бузук! Пасьля галасаваньня – тады скажаце...Чатырнаццаць плюс пяць – дзевятнаццаць чалавек супроць. Хто ўстрымаўся? Тры чалавекі ўстрымалася. Такім чынам, рашэньне аб стварэньні Аргкамітэту пры таварыстве “Мартыралёг” прынятае!” (воплескі)

На гадзіньніку было 22.15. Пазьняк зачытаў сьпіс Аргкамітэту.

Слухаць:

Пазьняк: “Арганізацыйная група “Камітэту-58” спадзявалася на Вашую падтрымку і прапрацоўвала гэтае пытаньне. Мы прапануем на ваш разгляд сьпіс Арганізацыйнага камітэту. Хачу падкрэсьліць, што гэта будзе група, гэта будзе Камітэт, які будзе займацца рабочымі пытаньнямі. Менавіта: стварэньне праграмы, стварэньне апорных арганізацый, выпрацоўка ідэйных палажэньняў, абмеркаваньне іх у грамадзкасьці, і стварэньне арганізацыйнай структуры Народнага Фроенту. ...Вопыт паказвае – з латыскага, эстонскага і літоўскага Народнага Фронту, што праз два - два з паловай месяцы мы можам спадзявацца з’езду Народнага Фронту Беларусі. Зачытваю... (воплескі)... зачытваю кандыдатуры, якія, на наш погляд, маглі б узяцца за працу па стварэньню Народнага Фронту. Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі, Алесь Бяляцкі, пісьменьнік, Анатоль Варава, гісторык, Вінцук Вячорка, філёляг, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, Юры Дракахруст, матэматык, Міхась Дубянецкі, пісьменьнік, Вячаслаў Жыбуль, літаратуразнаўца, Яўген Кулік, мастак, Мікола Купава, мастак, Валеры Масьлюк, рэжысер, Пятро Садоўскі, кандыдат філялягічных навук, Алесь Суша, гісторык, Генадзь Тумаш, мастак, Сымон Сьвістуновіч, мастак, Міхась Ткачоў, доктар гістарычных навук, Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, Ігар Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Міхась Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Яўген Шунейка, мастацтвазнавец, Васіль Якавенка, пісьменьнік”.

Галасы з залі: “Зянон Пазьняк!”

Пазьняк: “Зянон Пазьняк. Усіх дваццаць тры чалавекі. Таварышы, я павінен сказаць, што гэта – першапачатковая мадэль групы. Я думаю, што яны зьбяруцца на сваё паседжаньне, выпрацуюць праграму працы, выбяруць свайго кіраўніка. Мы павінны ўлічваць, што гэта яшчэ – ня Фронт, гэта людзі, якія будуць працаваць, на якіх будуць спадзявацца. І тыя, хто захоча ўдзельнічаць у гэтай працы, павінны самі прапанаваць сябе. Пажадаем посьпехаў Арганізацыйнаму камітэту”.

Такім чынам, быў утвораны аргкамітэт Народнага Фронту (пазьней ягоны склад быў павялічаны) – першага за дзесяцігодзьдзі маўчаньня дэмакратычны руху, арганізацыі, якая ўжо праз некалькі гадоў здолее дамагчыся Незалежнасьці Беларусі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG