Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапейскі Зьвяз бліжэйшым часам можа абвясьціць пра рашэньне пачаць перамовы наконт зьмяншэньня кошту візаў для грамадзянаў Беларусі. Калі ж беларусам дадуць танныя шэнгенскія візы?

На канфэрэнцыі ў Бэрліне “Беларусь пасьля выбараў: час для палітычнага збліжэньня?” прадстаўнікі Нямеччыны выказаліся за зьмяншэньне кошту візаў для беларусаў. Удзельнік канфэрэнцыі палітоляг Алесь Лагвінец адзначыў:
“Падчас канфэрэнцыі на гэта асабліва зьвярталася ўвага. Тыя, хто арганізоўваў канфэрэнцыю, а гэта фракцыя “зялёных” у бундэстагу, адназначна выказваліся на карысьць гэтага рашэньня. І я лічу, што гэта вельмі пазытыўны крок з боку нямецкага МЗС. Ад пазыцыі Нямеччыны вельмі шмат чаго залежыць. Падчас гэтай канфэрэнцыі прысутнічаў прадстаўнік офісу бундэсканцлера. Там таксама такая пазыцыя знаходзіць разуменьне. Гэта будзе вельмі пазыўным крокам з боку ЭЗ, калі гэтыя штучныя абмежаваньні для беларусаў будуць зьменшаныя”.
Аднак у амбасадзе Францыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, паведамілі, што навіна пра пачатак такіх перамоваў “даволі заўчасная, гэта развагі на тэму, ніякай канкрэтыкі пакуль няма”. Калі Эўразьвяз пачне перамовы ў гэтым пытаньні з афіцыйным Менскам, там пакуль не паведамляюць.
Раней старшынёўства Эўразьвязу выказвалася пра тое, што працэдура атрыманьня візаў і іх кошт ня зьменяцца, пакуль паміж Беларусьсю і Эўразьвязам ня будзе падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве і партнэрстве ў рамках эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.
Прэсавы сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў адзначыў:
“Нашы прапановы ёсьць у эўрапейскіх партнэраў. Яны выказаныя і ў шэрагу лістоў да кіраўніцтва адпаведных структураў Эўразьвязу. Эўрапейскія партнэры нашу пазыцыю ведаюць добра. Усе нашы прапановы ў іх на стале. І папярэднія кансультацыі па консульскай тэматыцы кіраўнік нашага консульскага ўпраўленьня ўжо праводзіў у гэтым годзе”.
Палітоляг Алесь Лагвінец у сваім выступе на канфэрэнцыі ў Бэрліне таксама зьвярнуў увагу на неабходнасьць спрашчэньня візавага рэжыму і найперш зьмяншэньня кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў:
“Такі крок павінен рабіцца нават у аднабаковым парадку з боку Эўразьвязу, не зважаючы на гатоўнасьць і жаданьне беларускіх уладаў. Хаця з боку беларускіх уладаў таксама заяўляецца жаданьне дамагчыся такога. І тут у гэтым пытаньні ў нас ёсьць агульнанацыянальны кансэнсус. Як улады, так і дэмакратычныя сілы выступаюць за такі крок. Беларусі патрэбны кантакты з Эўропай, і Беларусь павінна адкрывацца”.
Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук, які таксама браў удзел у канфэрэнцыі, адзначыў, што вырашэньня візавага пытаньня адносна грамадзянаў Беларусі аб’яднаныя дэмсілы дамагаліся цягам апошніх некалькіх гадоў.
“Нямецкія парлямэнтары таксама казалі, што гэта прыярытэт. І ў адным з дакумэнтаў, распрацаваных групай Квасьнеўскага, таксама гэта было адным з патрабаваньняў-рэкамэндацый. Таму я думаю, што такой палітыцы будзе дадзена зялёнае сьвятло”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG