Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вось і паказаў Лукашэнка сваю “любоў” да дзяцей...”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 кастрычніка, пятніцу.


Нацыянальная Акадэмія навук і Міністэрства энэргетыкі заяўляюць пра магчымае будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне на Гарадзеншчыне. Камэнтар слухача:

Спадар, Смаргонь: “Нашы кіраўнікі вырашылі будаваць АЭС у Астраўцы. Я б хацеў дазнацца, што яны сабе думаюць. Тое, што гэты раён густанаселены, іх гэта не хвалюе, тое, што тут аздараўляюцца дзеці з чарнобыльскай зоны, іх таксама не абыходзіць, тое, што гэты раён багаты на пітную ваду і пэрспэктыўны — таксама. І апошняе: гэты раён сэйсьмічна небясьпечны. У нас ва ўладзе тэрарысты?”

Выказваньне камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

“У Заходняй Эўропе шмат атамных электрастанцыяў. А шчыльнасьць насельніцтва значна большая. Пытаньне ў надзейнасьці гэтых рэактараў. Мне падаецца, галоўная загана ў тым, што наш урад хоча, каб было танна і сярдзіта. Менавіта таму і схіляецца да расейскага праекту. Хоць можна было б замовіць, да прыкладу, у франка-нямецкай фірмы “Арэва”. Канечне, гэта крыху даражэй будзе каштаваць, але там зусім іншыя парамэтры надзейнасьці. А вось калі хочуць танна ды сярдзіта, дык можа атрымацца менавіта сярдзіта. І тады ўжо ўсё адно: ці гэта выбухне на Магілёўшчыне, ці на Гарадзеншчыне. Гэта ўжо будзе ня надта прынцыпова”.

Паводле адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі беларускія дзеці змогуць выяжджаць на аздараўленьне за мяжу толькі да 14 гадоў і ня больш як тры разы за год. Тэлефанаваньне слухачкі:

Спадар: “Вось і паказаў ён сваё крывадушша і сваю так званую любоў да дзяцей. Хіба ж гэта “бацька” для нашых дзяцей, для самых бяздольных дзяцей, дзяцей-сіротаў, інвалідаў, якіх замежныя краіны бяруць на аздараўленьне?”.

“Менск — тэрыторыя цьвярозасьці” — пад такой назвай цягам тыдня праходзіла антыалькагольная акцыя. Выказваньне на гэтую тэму:

Натальля, Менск: “Тыдзень цьвярозасьці прайшоў незаўважна для беларускага тэлебачаньня. Рэкляма піва стала яшчэ больш агрэсіўнай, прапагандуецца п’янства да страты кантролю над сабой. Дзе ж наша народная ўлада? Куды ж яна глядзіць?”

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Хацелася б, каб ваш эканаміст спадар Залескі пракамэнтаваў, што ў нас у рэспубліцы многа імпартных сокаў. Дык вось адкуль у нас грошы, каб закупляць тыя сокі ў Расеі? Дзе гэтыя гандляры бяруць валюту?”

Адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“Канечне, грошы пазычаныя ў банку, і на іх пачынаецца гэты гандлёвы абарот. Альбо на свае, ці сабраныя ў складчыну. Такая зьдзелка, як прадаць там трактар і набыць сок, а тут прадаць — яна клопатная і нявыгадная для вытворцаў трактароў. Праблема ў тым, што ім выгадней набываць той сок у Расеі, чым у нас. Бо ніхто ў нас яблыкі не нарыхтоўвае, не перапрацоўвае на сокі, і няма ў каго купіць. А чаму няма дзе набыць тут? Бо няма свабоды людзям арганізаваць гэтую справу”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадарыня: “Выбараў няма, усё прызначаецца і рашаецца адным чалавекам. Дзякуй усім беларускім сынам, якія змагаюцца з рэжымам”.

Спадар: “Цікава было б, каб Радыё Свабода перадала матэрыялы з гісторыі БНФ. Дзякуй”.

Спадар: “Калі беларуская мова вернецца, тады кожны паверыць у тое, што постсавецкая сымболіка сканае, вернецца герб “Пагоня” і над намі залунае бел-чырвона-белы сьцяг. Патрыёт”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG