Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя банкі часова спыняюць аўтакрэдытаваньне


Сусьветны фінансавы крызіс найбольш істотна адкарэктаваў працу камэрцыйных ды дзяржаўных банкаў.


Беларусь у гэтым працэсе ня стала выключэньнем — фінансавыя ўстановы радыкальна пераглядаюць сваю палітыку найперш у галіне крэдытаваньня. Адны банкі ўжо істотна падвысілі крэдытную стаўку, іншыя ўвогуле на няпэўны час спынілі выдачу крэдытаў фізычным і юрыдычным асобам. Найбольш адчувальна зьмены адбіліся на рынку жыльля і на аўтамабільнай сфэры — спажыўцы найчасьцей бралі крэдыты для набыцьця кватэраў і адносна нестарых машынаў.

Шэраг камэрцыйных банкаў, якія апошнім часам спэцыялізаваліся на аўтакрэдытаваньні, часова спынілі выдачу валютных крэдытаў на набыцьцё аўтамабіляў. Іншыя пераарыентаваліся на беларускія рублі, аднак пад істотна большыя працэнты — калі дагэтуль можна было атрымаць пазыку пад 12-13% гадавых у далярах, то цяпер стаўка ў рублях перавышае 20%. З улікам таго, што больш за 60% машынаў — новых і ўзростам да 5 гадоў — у Беларусі рэалізуюцца менавіта праз крэдыты, то разьлічваць на тэмпы росту аўтапарку, што было характэрна для двух апошніх гадоў, не даводзіцца.

За апошні час больш за іншых аўтакрэдытаў выдаў “Белгазпрамбанк”. Аднак сёньня ў аддзеле аўтакрэдытаваньня паведамілі, што такая паслуга на няпэўны час скасаваная:

“На жаль, на сёньняшні дзень мы не крэдытуем насельніцтва”.

Карэспандэнт: “Ні ў рублях, ні ў валюце?”

“Не. Можаце паспрабаваць зьвярнуцца ў лістападзе. Але пакуль пэрспэктывы неакрэсьленыя”.

Заснавальнік і галоўны рэдактар спэцыялізаванай газэты “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка мяркуе, што ў першую чаргу ад зьмены правілаў гульні ў банкавай сфэры пацярпяць буйныя беларускія аўтадылеры кшталту “Атлант-М”, якія ў бальшыні сваёй працавалі з пакупнікамі новых аўто праз банкаўскія крэдыты. Але не застануцца ўбаку ад праблемы і патэнцыйныя пакупнікі, якія наўрад ці захочуць набываць машыны пад 20% гадавых:

“Пры тым, што мэханізм нібыта адладжаны ў “Атланта”, у першую чаргу ад зьменаў пацярпяць менавіта такія буйныя кампаніі, як
Хваля невяртаньня крэдытаў ўжо пачалася ...
“Атлант-М”. Мяркую, што гэта найперш будзе адбівацца на лінейцы дарагіх аўтамабіляў. Бо крэдытаваньне, вы ж разумееце, спэцыфічная рэч — ніхто ня будзе браць крэдыт на 500 даляраў. А калі бяруць сур’ёзныя крэдыты , то гэта і сур’ёзная адказнасьць. Больш за тое, калі рэзка зьмяняюцца ўмовы, гэта, натуральна, неадкладна адбіваецца на пакупніцкіх здольнасьцях насельніцтва. Крэдыты ж вяртаць трэба, людзі павінны разумець: жыць у крэдыт добра, калі ёсьць упэўненасьць. Калі ўсё жыцьцё пакрыху аддаваць — гэта адно. Але калі гэта вісіць цяжкім грузам 5—7 гадоў (гледзячы якія крэдыты і на што), то, зразумела, трывога ёсьць. І банкіры ўжо кажуць: хваля невяртаньня крэдытаў, пакуль невялікая, але ўжо пачалася. Людзі з гэтым сутыкнуліся: крэдыты трэба вяртаць. Таму ня думаю, што мы пазьбегнем наступстваў сусьветнага крызісу”.

У Беларусі сытуацыя з аўтакрэдытаваньнем усё ж крыху лепшая, чым у суседзяў. Прыкладам, ва Ўкраіне крэдытаваньне на набыцьцё аўтамабіляў спыненае ўвогуле. З-за гэтага многія аўтааматары трапілі практычна ў безвыходнае становішча. Некаторыя, спадзеючыся атрымаць крэдыт, замовілі за мяжой дарагія аўто і цяпер ня маюць магчымасьці своечасова разьлічыцца з пастаўшчыком.

Прадстаўнік аўтахолдынгу “Атлант-М” Ільля Прохараў мяркуе, што пакуль аб’ектыўна ацаніць сытуацыю на беларускім аўтарынку досыць складана, бо ў новых умовах яго ўдзельнікі пачалі існаваць зусім нядаўна:

“Калі ўлічыць, што ў сярэднім па фізычных асобах прыкладна 60% пакупнікоў карысталіся крэдытамі, то, натуральна, скарачэньне выдачы крэдытаў, а таксама перагляд умоваў па крэдытах, працэнтных стаўках у першую чаргу, хутчэй за ўсё, адаб’ецца на пакупніцкай здольнасьці і, канечне, на продажы аўтамабіляў. Наколькі адаб’ецца — мы сказаць пакуль не гатовыя, бо ня надта шмат часу прайшло, па-першае, ад зьмены банкамі ўмоваў, каб пабачыць якуюсьці статыстыку. Літаральна некалькі тыдняў недастаткова, каб прааналізаваць і падсумаваць нейкія вынікі”.

Палёгкі беларускія кіроўцы чакалі на іншым кірунку. Фінансавы крызіс спрычыніўся да рэзкага падзеньня коштаў на нафту, што аўтаматычна выклікала зьніжэньне цэнаў на паліва ў шэрагу краінаў сьвету. Аднак сёньня міністар эканомікі Мікалай Зайчанка заявіў, што кошты на нафтапрадукты на ўнутраным рынку Беларусі зьніжаць не плянуецца. Паводле міністра, “пакуль няма падставаў для перагляду ў бок зьмяншэньня цэнаў на паліва”. Цяпер бэнзін у Беларусі істотна даражэйшы за паліва ў Расеі ці Ўкраіне.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія”, аўтааматар зь вялікім стажам Леанід Заіка лічыць такую пазыцыю памылковай. Беларусы нарэшце могуць дазволіць сабе аўтамабіль, а вось запраўляць яго робіцца ўсё большай раскошай:

“Мы павінны сябе разумна, сацыяльна адказна паводзіць. Нельга зарабляць грошы на бэнзіне, на тым, што нарэшце стала складаць нейкі звыклы бок беларускага жыцьця. Іншымі словамі, людзі так доўга марылі пра аўтамабілі, бо не маглі іх набыць. Цяпер яны набыць машыны могуць, а ім узялі і радыкальна паднялі цэны на бэнзін. Ну навошта ж так псаваць нэрвовую сыстэму грамадзянам?”

Дарэчы, прыватныя гандляры аўтамабілямі і перагоншчыкі вымушаныя канстатаваць, што попыт на аўтамабілі прыкметна зьнізіўся. Людзі адкладаюць сур’ёзны набытак на потым, пакуль жа думаюць перадусім пра самае неабходнае. У такой сытуацыі некаторыя аналітыкі прагназуюць паступовае зьніжэньне коштаў перадусім на ўжываныя аўтамабілі як за мяжой, так і ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG