Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Міжнародны дзень ліквідацыі жабрацтва. Колькі жыхароў Беларусі недаядаюць, а колькі праядаюць усё,што зарабляюць? Чаму многія бедныя жывуць у трохпакаёвых кватэрах коштам па сто пяцьдзесят тысячаў даляраў?


На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: “Колькі ў Беларусі бедных людзей і як гэтая лічба мянялася апошнія гады?”

Міхал Залескі
Залескі:
“У нас нават у заканадаўстве панятку беднасьці няма – у нас заўсёды нешта выдумляюць. У тут нашы неакамуністы выдумалі панятак “малазабясьпечаныя”. Але што такое “мала”? Калі лічыць па беларускіх падыходах, то найбольш было бедных у 1999-2000 годзе – паводле ацэнак Сусьветнага Банку, 47 працэнтаў. Потым яна пачала зьніжацца, бо пайшлі някепскія даходы ад нафты, і можна было больш кінуць на фонды сацыяльнага спажываньня, узьняць пэнсіі.

Зараз структура беднасьці ў нас прыблізна такая – пяць працэнтаў людзей у Беларусі недаядаюць да таго ўзроўню, які патрэбны нармальнаму чалавеку, каб не галадаць. Гэта альбо сацыяльныя маргіналы – п’яніцы, наркаманы, дзеці такіх людзей – альбо сацыяльныя пэнсіянэры, частка інвалідаў, маці дзяцей-інвалідаў і гэтак далей. Гэта людзі, якія маюць прыбыткі менш за 150 тысячаў рублёў у месяц на чалавека – гэта 2,5 даляры на дзень.

Таксама ёсьць 15 адсоткаў людзей, якія праядаюць усё, што зарабляюць – гэта таксама бедныя, бо ў іх не застаецца не на што іншае. Большасьць – гэта наша беларуская “сярэдняя кляса”, сярэднія па беларускіх мерках, але бедныя паводле эўрапейскіх. Ну і каля 10 працэнтаў насельніцтва да бедных не адносяцца нават паводле эўрапейскіх меркаў”.

Цыганкоў: “Розныя дзяржавы змагаюцца з беднасьцю рознымі шляхамі. Беларусь заяўляе сабе як сацыяльная дзяржава. Ці выяўляецца гэта ў справе барацьбы з беднасьцю?”

Залескі: “Яна выяўляе, але засталася савецкая звычка “бамбіць па вялікіх плошчах”. Няма індывідуальнага падыходу, даецца ўсім пароўну, не пытаючыся, каму што трэба. Аднаму можа патрэбны кавалак мяса, другому лекі, трэцяму – за
камунальныя паслугі заплаціць. А ў Беларусі “катэгарыяльны падыход” – ёсьць людзі, якія належаць да катэгорыі, якая патрабуе дапамогу”.

Я мяркую, што з цягам часу мы пяройдзем на іншы падыход. Будзе два каналы дапамогі – дабрачыннасьць і заяўляльны прынцып. Чалавек будзе зьвяртацца па дапамогу і яму будуць даваць яе з улікам ягонай маёмасьці.

Памятаю, амэрыканская экспэртка, зь якой мы працавалі ў Беларусі, была вельмі зьдзіўленая. Прыйшла жанчына, просіць дапамогі. Амэрыканка пытаецца, якая ў вас кватэра? Тая адказвае – трохпакаёвая ў Менску. Дык амэрыканка кажа – дык прадайце гэтую кватэру, купіце іншую. Ў Цюцькавічах і жывіце заможна да самой сьмерці, грошай хопіць. “Не!” – адказвае наша жанчына.

У нас яшчэ існуе “сваё” разуменьне беднасьці, якое не ўлічвае маёмасьць і нерухомасьць”.

Цыганкоў: “То бок многія людзі недаядаюць, жывучы ў кватэрах коштам па 150 тысяч даляраў?”

Залескі: “Так, разьлічваючы іх перадаць сваім дзецям. У нас яшчэ іншы мэнтальны падыход да гэтай праблемы”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG