Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум 2004-га: колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў неабмежаваная


4 гады таму, 17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшлі парлямэнцкія выбары і адначасова адбыўся ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндум. У выніку яго Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў (раней Канстытуцыя прадугледжвала толькі два прэзыдэнцкіх тэрміны запар).


Пытаньне на рэфэрэндум выносілася толькі адно і гучала так: «Ці дазваляеце Вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта, і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні”?

Паводле афіцыйнай інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, «за» прагаласавала 5 548 477 грамадзян, што складае 79,42% ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Супраць -- 9,9%. Старшыня ЦВК Мікалай Лазавік кажа:

8
“Гэта стала канстытуцыйнай нормай. Рашэньне рэфэрэндуму было накіравана на зьмяненьне Канстытуцыі, той нормы, якая абмяжоўвала знаходжаньне адной асобы на пасадзе прэзыдэнта двума тэрмінамі. Зараз гэта абмежаваньне зьнята”.

У той жа час, паводле артыкулу 112 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, «на рэспубліканскі рэфэрэндум не могуць выносіцца пытаньні: …зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь…».

Мікалай Лазавік патлумачыў, што гэта доўга абмяркоўвалася падчас падрыхтоўкі рэфэрэндуму, і юрысты прыйшлі да такой высновы:

“У дадзеным выпадку пытаньне не канкрэтна, што тычыцца абраньня прэзыдэнта альбо вызваленьня яго ад пасады. Гэтыя пытаньні ня могуць вырашацца шляхам правядзеньня рэфэрэндуму. Абраньне – праз выбары, вызваленьне – альбо па сканчэньні тэрміна паўнамоцтваў, альбо шляхам абвяшчэньня імпічмэнту. Вось гэта маецца на ўвазе. А колькасьць тэрмінаў як раз гэта норма не закранае”.


Такім чынам, колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў у Беларусі пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму 2004 года не абмежаваная. Ці гатовы народ беларускі да пажыцьцёвага кіраваньня прэзыдэнта? Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі выказаў такое меркаваньне:

“У прынцыпе, народ гатовы памяняць гэтага прэзыдэнта. Толькі ня ведае яшчэ на каго. Таму ўлада і спрабуе не пускаць яркіх асоб у дэпутаты, ці заціскаць СМІ, ці рэпрэсаваць. Калі б народ хацеў пажыцьцёва гэтага прэзыдэнта, дык уладзе ня трэба было гэтым займацца”.




XS
SM
MD
LG