Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены міліцыянт патрабуе 55 мільёнаў за паклёп


Андрэй Левінаў

Андрэй Левінаў

Кастрычніцкі суд Віцебску пачаў разгляд заявы былога ўчастковага інспэктара Андрэя Левінава, які вінаваціць супрацоўнікаў абласной управы МУС у распаўсюдзе паклёпніцкіх зьвестак.

Падставай для звароту ў суд стаўся артыкул “Милиционер потерял работу из-за выборов”, надрукаваны 29 верасьня ў газэце “Комсомольская правда в Белоруссии”. Журналістка Ірына Козьлік выклала тлумачэньні самога сп. Левінава, які распавёў, што быў звольнены з працы пасьля таго, як вырашыў узяць удзел у мінулай выбарчай кампаніі. Таксама ў артыкуле былі зьмешчаныя словы кіраўніка аддзела па інфармацыі і сувязях з грамадзкасьцю абласной управы МУС Андрэя Семяніхіна, які заявіў, што міліцыянт з 15-гадовым працоўным стажам быў звольнены выключна з тае прычыны, што дрэнна выконваў свае абавязкі.

Зьвесткі пра службовыя парушэньні, згаданыя ў артыкуле ад імя прадстаўніка абласной управы, звольнены міліцыянт лічыць паклёпніцкімі. Ён меркаваў абвергнуць іх праз суд, аднак судзьдзя Вікторыя Лешчанка не задаволіла частку ягоных хадайніцтваў што да выкліку асобных сьведкаў і далучэньня да справы некаторых пісьмовых дакумэнтаў. Андрэй Левінаў сем разоў патрабаваў адхіленьня судзьдзі, аднак спадарыня Лешчанка гэтыя патрабаваньні не задаволіла таксама.

Выступаючы перад судом, кіраўнік аддзелу па інфармацыі і сувязях з грамадзкасьцю спадар Семяніхін заявіў, што лічыў размову з журналісткай Ірынай Козьлік прыватнай, а таму дапусьціў некаторыя недакладнасьці. Пазьней, калі ён хацеў унесьці праўку ў першапачатковы варыянт свайго камэнтара, спадарыня Козьлік нібыта яму ў гэтым адмовіла. Прадстаўнікоў газэты “Комсомольская правда в Белоруссии” суддзя пастанавіла выклікаць на наступнае пасяджэньне.

За зьнявагу гонару, годнасьці і прафэсійнай рэпутацыі, а таксама за маральны ўрон Андрэй Левінаў запатрабаваў грашовай кампэнсацыі — 50 мільёнаў ад віцебскай управы МУС і 5 мільёнаў асабіста ад Андрэя Семяніхіна, які рыхтаваў інфармацыю для аўтаркі артыкулу. Спадар Левінаў кажа, што гэтыя грошы, калі іх удасца адсудзіць, ён перадасьць віцебскаму дзіцячаму дому.

Ён па-ранейшаму пэўны, што і ягонае звальненьне, і ўсе службовыя спагнаньні апошняга часу зьвязаныя зь ягонай грамадзкай актыўнасьцю. Ён распавядае, што ў прыватных гутарках ягоныя начальнікі раілі яму адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Андрэй Левінаў не пагадзіўся. Паводле афіцыйных вынікаў галасаваньня па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19 ён набраў 12% галасоў, саступіўшы свайму галоўнаму праўладнаму канкурэнту, дзейнаму дэпутату былога парлямэнту Сяргею Сямашку.


XS
SM
MD
LG