Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці патрэбныя такія генэралы, якія падцягнуцца ня могуць?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 16 кастрычніка.


Рада Эўразьвязу на паўгода прыпыніла візавыя санкцыі для шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, у тым ліку для Аляксандра Лукашэнкі. Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на гэтую тэму.

Спадар Уладзімер: “Часовая адмена санкцыяў цягне за сабой шэраг пытаньняў. Спынюся на адным: “Няўжо Эўропа забылася на тое, што адбылося колькі дзесяцігодзьдзяў таму? Тады таксама кіроўныя эўрапейцы спрабавалі ўлагодзіць дыктатара зь Нямеччыны, каб ён не распачаў бойкі ў заходнім кірунку. Але ж што з таго адбылося насамрэч… Спачатку ўся Эўропа апынулася ў агні страшэннай вайны, а потым вайна прыйшла і на нашу радзіму”.

Спадарыня: “Лукашэнка прыстасуецца да дзьвюх і болей кароў. Праўда, карміць будзе лепей тую, якая болей дасьць малака. А Эўразьвязу лепей бы сябе вышэй цаніць і не дарыць розным дыктатарам падарункаў кшталту “Чым бы дзіця ні цешылася, абы ня плакала”.

***

Наступныя тэлефанаваньні — на тэму выбараў:

Спадар Андрэй, Пінск: “Няма сэнсу пастаянна трымаць Цэнтравыбаркам. Лепш за ўсё ў мэтах эканоміі народных грошай за месяц да выбараў склікаць групу людзей, якія б раздрукавалі неабходную колькасьць бюлетэняў, і адразу пасьля выбараў іх распускаць. Такім чынам эканомяцца вялікія грошы зь бюджэту краіны. Да наступных выбараў амаль тры гады. Можна сказаць, што Цэнтравыбаркам будзе існаваць гэтыя тры гады проста так, і на яго будуць траціцца агромністыя грошы”.



Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Спадар: “Мяркую, у Азэрбайджане выбары пройдуць, як і ў нас у палату. Галасавалі за адных, а прайшлі толькі кандыдаты праўладныя. Там выберуць сына Гейдара Аліева ў прэзыдэнцкую хату. Там, як і тут, выбары будуць няйнакш як парадныя”.

***

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Пытаньне да Радыё Свабода. Пачуў, што ў Расеі будзе скарачэньне генэралаў ды палкоўнікаў. У нас жа ў Беларусі, калі ўзяць КДБ, МУС, войска, вельмі шмат у параўнаньні з Расеяй гэтых палкоўнікаў ды генэралаў. Ці патрэбныя такія палкоўнікі ды генэралы, якія нават на перакладзіне раз падцягнуцца ня могуць?”

На пытаньне адказвае палітык і былы вайсковец Мікола Статкевіч:

“Беларускае войска ўвесь час скарачаецца, і ягоная колькасьць адносна ўсяго насельніцтва невялікая. Безумоўна, у ім патрэбныя генэралы і палкоўнікі, нават калі яны ня могуць падцягнуцца на перакладзіне, бо войскам павінен хтосьці камандаваць. Іншая рэч, што ў складзе сілавых структур Беларусі — рэзкі ўхіл у бок так званых праваахоўных органаў. У нас непамерна вялікая колькасьць спэцслужбаў і Міністэрства ўнутраных спраў. Яны ў разы перавышаюць склад войска. У нас, калі не памыляюся, восем спэцслужбаў, і гэта неверагодны перакос. І я думаю, што гэтай частцы сілавых структураў патрэбныя скарачэньні сапраўды”.

***

Працягваем праграму выказваньнем з нагоды футбольнага матчу паміж беларускай і ангельскай камандамі, які адбыўся ў Менску напярэдадні:

Спадарыня: “Хацелася б даведацца, дзе вучаць такіх камэнтатараў, як вось той, што камэнтаваў футбол паміж ангельскай і нашай камандамі”.

У працяг тэмы пытаньне слухача Паўла, дасланае праз СМС: “Дзе ў нас вучаць апэратараў, спартовых журналістаў, рэжысэраў?” Адказвае спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі:

“Шмат хто з апэратараў нашай Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Што тычыцца спартовых рэжысэраў, то, калі я не памыляюся, іх наагул не рыхтуюць. Але іх рыхтуюць у розных навучальных установах былога Савецкага Саюзу. Я ведаю, што ў Санкт-Пецярбургу ёсьць добры ўнівэрсытэт. Што тычыцца спартовых журналістаў, то таксама, наколькі я ведаю, у нас у краіне, у тым жа Санкт-Пецярбургу, Маскве таксама такой спэцыялізацыі няма. Але ёсьць факультэт журналістыкі ў БДУ. А што далей? Далей — любоў да спорту, веданьне спорту, адукацыя — усё гэта карысна і вынікова”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG