Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка робіць крок насустрач Расеі?


Аляксандар Лукашэнка сёньня выказаўся за разгляд прапановы Масквы пра адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі.


Заява прагучала на паседжаньні Рады бясьпекі, на якім Лукашэнка заявіў пра новыя пагрозы міжнароднай бясьпецы.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, нядаўнія падзеі на Каўказе сталі доказам неэфэктыўнасьці архітэктуры “як глябальнай, так і эўрапейскай бясьпекі”. Да пагроз бясьпецы “саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі” Лукашэнка аднёс пашырэньне НАТО, імкненьне ў гэты блёк Украіны, разьмяшчэньне амэрыканскіх аб’ектаў супрацьракетнай абароны ў Эўропе:

“Непасрэдна ў Эўропе балянс сілаў парушаны. І ня з нашай віны. Выхад ЗША з дамовы аб супрацьракетнай абароне і хуткае разгортваньне амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы падвысілі градус напружанасьці”.

А. Лукашэнка заявіў пра “раздражненьне НАТО ад росту ролі Масквы на міжнароднай арэне і ад “самастойнай палітыкі Менску”.

У сваёй прамове перад Радай бясьпекі А. Лукашэнка заявіў, што прапанова Расеі наконт новай сыстэмы эўрапейскай бясьпекі падтрыманая Беларусьсю, але пакуль не знаходзіць сур’ёзнага водгуку на Захадзе.

Урэшце А. Лукашэнка зрабіў выснову, што Захад будзе працягваць спробы навязаць мадэль аднапалярнага сьвету, у сувязі з чым Беларусі трэба ўмацоўваць дзяржаву і яе бясьпеку, а таксама “разгледзець прапанову Расеі наконт адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны на заходнім кірунку”.

Расейскія генэралы нядаўна заявілі пра гатовасьць падпісаць адпаведную дамову ўжо да канца гэтага году. Расея разглядае гэта як адказ на разьмяшчэньне амэрыканскіх ракет і радара ў Польшчы і Чэхіі.

Тэма адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі абмяркоўвалася ў часе візыту ў Менск прэм’ера Ўладзімера Пуціна. Аднак тады міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў казаў журналістам, што ня трэба сьпяшацца з прагнозам наконт тэрмінаў падпісаньня такой дамовы.

Справа ў тым, што перамовы наконт гэтага паміж вайсковымі ведамствамі Расеі і Беларусі ідуць ужо 8 гадоў, але безвынікова. Прычына ў тым, што бакі ня могуць дамовіцца, хто і як будзе кіраваць гэтай адзінай сыстэмай.

Магчыма, сваімі сёньняшнімі прарасейскімі заявамі А. Лукашэнка рыхтуе глебу да больш рашучых крокаў у гэтым кірунку.

Вайсковы аналітык зь Менску Аляксандар Алесін мяркуе, што верагоднасьць падпісаньня гэтай дамовы да канца году складае 60 працэнтаў. Арганізацыйныя і тэхнічныя працэдуры кіраваньня адзінай сыстэмай супрацьпаветранай абароны амаль падрыхтаваныя, кажа спадар Алесін.

“Размова можа ісьці пра тое, як дорага саступіць гэтую частку нашага сувэрэнітэту. Усё будзе ўпірацца ў эканамічныя льготы і прэфэрэнцыі. Асабліва гэтую сытуацыю абвастрае сусьветны эканамічны крызіс. Як казалі мне вайскоўцы, усё ўпіралася менавіта ў кошты на газ”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG