Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адваявалі страйкам 4 тысячы рублёў


Мінуў тыдзень пасьля страйку швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў у Слоніме, падчас якога работніцы дамагаліся падвышэньня заробку. Улады гораду й адміністрацыя прадпрыемства абяцалі выправіць сытуацыю. Што за гэты час зьмянілася на фабрыцы?


Дырэктар прадпрыемства Уладзімер Іванашка кажа, што адміністрацыя спрабуе рэарганізаваць вытворчасьць:

“Коўдравы ўчастак здаем у арэнду й пераносім яго ў іншы будынак на Менскі тракт. Яшчэ адзін цэх, паколькі ён не працуе, таксама здаем у арэнду й пераводзім людзей у швейны. За кошт гэтага скарачаем структуру кіраваньня. Эканомім сродкі на ўнутраных перамяшчэньнях, паколькі цяпер усё будзе знаходзіцца ў адным месцы. Ліквідуем адну прахадную. На ўсе гэтыя мерапрыемствы спатрэбіцца паўгода”.

Гэта, так бы мовіць плян пэрспэктыўны, а як зьбіраецеся падымаць заробак сёньня?

Іванашка: “Павялічваем надбаўку па кантракце ў адпаведнасьці з дэкрэтам прэзыдэнта. Гэта будуць дадатковыя страты для прадпрыемства, але ўлічваючы тое становішча, якое склалася на фабрыцы, напэўна, пойдзем на гэты крок”.

Высьвятляецца, са слоў самога ж спадара Іванашкі, што заробак швеяў, які зараз у сярэднім складае 170—200 тысяч рублёў, падымецца на 80 тысяч.

На яго думку, швачкам трэба падвышаць сваю кваліфікацыю, а то, маўляў, маладыя работніцы своечасова не выконваюць заказ, а тым самым стрымліваюць паток і атрымліваюць малы заробак. Тым часам вопытныя работніцы ў месяц зарабляюць, са слоў дырэктара, 450—500 тысяч.

Вось што адносна свайго заробку сказала спадарыня Тацяна, якая адпрацавала на фабрыцы 10 гадоў:

“Я атрымала 185 тысяч, так мне налічылі, а я працавала цэлы месяц, прычым брала заказы, каб дарабіць. Дык 185 тысяч — гэта налічылі, а вылічылі падаходныя, за інтэрнат, і ў выніку я атрымала 126 тысяч на рукі”.

Заўтра павінен адбыцца сход, на якім дырэктар давядзе калектыву свае пляны рэарганізацыі вытворчасьці. Зь яго слоў, найменш кваліфікаваным работнікам будзе прапанавана перайсьці на працу ў пашывачны цэх, які будзе здавацца ў арэнду іншаму прадпрыемству.

Што тычыцца работніц фабрыкі, то яны пакуль ня вызначыліся са сваімі далейшымі дзеяньнямі, бо ўжо зараз у калектыве ёсьць такія, што ня хочуць падтрымліваць страйк.

Са слоў спадара Іванашкі, праблемы на фабрыцы пачаліся з таго часу, калі на яе перасталі трапляць заказы ад заходніх фірмаў, якія зараз карыстаюцца паслугамі кітайскіх швачак.

Нагадаю, што ў мінулы чацьвер каля 60 чалавек са швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў пакінулі працу й прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак. У той жа дзень на фабрыцы адбыўся сход з удзелам старшыні райвыканкаму спадара Касьцюка, спэцыялістаў й адміністрацыі фабрыкі. Рабочым паабяцалі павысіць заробак і праз тыдзень на наступным сходзе іх праінфармаваць пра тое, што зроблена.

XS
SM
MD
LG