Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцаў дрэваў будуць судзіць


Міліцыянты заломваюць рукі Ігару Лапеху

Міліцыянты заломваюць рукі Ігару Лапеху

У Горадні прайшла акцыя ў абарону дрэваў на старой алеі ў гістарычным квартале. Трох удзельнікаў затрымалі міліцыянты.


На Эдварда Дмухоўскага склалі пратакол аб дробным хуліганстве, а на Ігара Лапеху і Надзею Крапівіну па два — за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне.

Іх чакае выклік у суд.

Дзевяць дрэў у Тэлеграфным завулку сьпілоўвалі з дазволу гарадзкой камісіі. Апошнім часам у горадзе зьліквідавана з розных прычынаў мноства дрэваў. Чаму дайшло да пратэсту гэтым разам? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да Ігара Лапехі, калі яго выпусьцілі з пастарунку.

“Дрэвы вельмі эфэктныя, сьпелага веку — семдзесят-восемдзесят гадоў. Калі іх сьпілавалі, адкрыўся від на аднапавярховы будынак флігеля, фактычна плеш яшчэ адна ў горадзе зьявілася. Яны не перашкаджалі камунікацыям, былі абсалютна здаровыя. Каб мы ведалі, што іх будуць пляжыць, мы б сфатаграфавалі. Але ж мы ня ведаем, на што ў іх наступным разам падымецца рука”.

Ігар Лапеха — біёляг і эколяг, выкладае ў Доме дзіцячай творчасьці. Ён падкрэсьлівае, што дрэвы ў Тэлеграфным завулку — даваеннай пасадкі, але сёньня яны пад пагрозай.

“Сёньня нас гэта абурыла яшчэ й таму, што ў завулку Тэлеграфным высечкі пачаліся тыдзень таму. У падпісным лісьце было напісана — ясень і клён, а сьпілавалі грабы, нам паказвалі гэты ліст, мы гэта ведаем. Тут якраз быў шанец уратаваць, але, на жаль, гэта не ўдалося”.

Ігар Лапеха кажа: днямі з подпісамі жыхароў была накіраваная заява ў гарвыканкам, каб захавалі алею на Тэлеграфным, была таксама пададзеная заява ў пракуратуру. Аднак дрэвы гэта не ўратавала. Цяпер пагроза навісла над грабамі, якія яшчэ засталіся ў Тэлеграфным завулку, лічыць Ігар Лапеха.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG