Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Уладзімер Някляеў, Васіль Зуёнак, Ганна Кісьліцына


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 11 кастрычніка


ЛІТПРАЦЭС

УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ: “МАЯ АПОВЕСЬЦЬ – ПРА ДРАМУ АДРАДЖЭНЦАЎ АПОШНІХ ДВАЦЦАЦІ ГАДОЎ”


У 35-м нумары “Дзеяслова” надрукаваная аповесьць Уладзімера Някляева “Вяртаньне Веры”. За бліскучым стылем, віртуозным сюжэтам, нечаканымі прыгодніцкімі сцэнамі з казачнымі ўваскрашэньнямі герояў і happy-end-ам выразна прачытваюцца суровыя беларускія рэаліі. Твор успрымаецца як першая спроба асэнсаваньня мастацкімі сродкамі лёсаў беларускіх адраджэнцаў апошніх дваццаці гадоў. З аўтарам аповесьці гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ... Было ж?.. Прайшло, як дождж, і прадчуваньні так і засталіся прадчуваньнямі. Паэт, які пра іх напісаў, зьбег за мяжу. Пабеглі іншыя... І ўсе крычалі, што калі яны не зьбягуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, зь якой вы змагаецеся, і стамляецеся ў барацьбе, у санаторый вас пасылала?..”

Гэта цытата з аповесьці “Вяртаньне Веры”. Спадар Някляеў, як узьнікла ідэя гэтага твору?”

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў:
“Звычайна пра гэта кажуць няпраўду, але тут я дакладна помню. 2001 год. Тады Зянон Пазьняк неяк няпэўна сябе паводзіў, незразумела было, ці прыедзе ён, ці будзе змагацца за прэзыдэнцтва ў гэтай краіне, ці гэта нейкая папярэдняя ягоная кампанія? А як толькі пайшоў гэты шум, што вось, можа, Зянон Станіслававіч вернецца, то ўсе тыя верніцы, якія па-сутнасьці і ёсьць Беларускі Народны Фронт, і якія ўжо даволі стомленыя тымі гадамі, якія прамінулі-прашумелі, адразу неяк напоўніліся энэргетыкай. І калі я прапанаваў на радзе Саюзу пісьменьнікаў вылучыць Зянона Пазьняка (бо каго нам яшчэ вылучаць?) на кандыдата ў прэзыдэнты ад Саюзу пісьменьнікаў, мне сказалі, што я трошкі адарваўся ад рэчаіснасьці, бо я ўжо перад тым быў за мяжой і толькі прыехаў. І маю прапанову забамбілі. Пасьля гэтага да мяне падышлі дзьве жанчыны і сталі казаць мне: дзякуй Богу, што вы прапанавалі Зянона Пазьняка, і ў нас зноў зьявілася нейкая надзея. Невядома, канечне, на што, але яна зьявілася. І вось тады я падумаў, што трэба пра іх напісаць. Я пачаў зь нейкіх вершаў, думаў паэму напісаць. А пасьля, узважыўшы ўвесь матэрыял, сеў за прозу, неяк яно само па сабе выбудавалася ў прозу”.

Аксак: “Сярод пэрсанажаў вашай аповесьці – каханая галоўнага героя, якая была зь ім на Дзядах ля Ўсходніх могілак у 1988 годзе, але адраклася ад свайго ўдзелу ў тых падзеях і потым зрабіла кар’еру ва ўладных структурах. Аднак жа ўвесь наступны час дапамагала былому каханаму то з турмы выйсьці, то пра чарговы арышт папярэджвала. Хто прататып гэтага пэрсанажу?”

Някляеў: “Ёсьць закон жанру – трэба будаваць сюжэт на палярнасьці. Калі была вось гэтая самаахвярная Вера, то павінна была быць і вось такая, выбачайце, сучка трошкі”.

Аксак: “А ў астатніх герояў ёсьць прататыпы? Калі так, то хто гэтыя нягеглыя, няздатныя даць блізкім простае чалавечае шчасьце людзі, якія, аднак, абяцаюць шчасьце ўсёй краіне?”

Някляеў: “Ну, прататыпу таго паэта, які зьбег, шукаць ня трэба – вось ён перад вамі. А наогул, трэба сказаць праўду пра тое, што адбылося. Я маю на ўвазе перш за ўсё не палітычную, а чалавечую праўду. Пацярпелі паразы сотні і тысячы чалавечых лёсаў, і перш за ўсё жаночых лёсаў. Не было ніякіх істотных перамог, асабліва ў апошні час. Гэта разьядала людзей, псыхіку людзей, тое, што ёсьць душа, разьядала. Гэта ня можа праходзіць так, як ветрык прашумеў, і назаўтра іншае надвор’е. Гэта істотная драма, і пра гэта нельга было не сказаць. Што я і паспрабаваў зрабіць”.

Аксак: “Галоўная ваша гераіня Вера выгуквае свайму каханаму такія словы: “Амаль дваццаць гадоў!.. Шэсьці, мітынгі, пікеты... Ні сям’і, ні дзяцей, ні хаты... Я кватэру мела, ад бацькоў засталася, дык там то штаб, то друкарня, то сходка за сходкай – і мяне выселілі, на вуліцу выкінулі. Ва ўлады пытацца бяз толку, бо яна і выкінула, таму спыталася ў тых, хто на змаганьне зь ёй клікаў: “Дзе мне жыць?” – а ў адказ пачула: “Кожны нечым ахвяруе”. Жыву ў нанятай сьлепавушцы за вакзалам... Ды што там з кватэры – мяне з жыцьця выкінулі! Жыцьцё выкінулі зь мяне – хто мне яго верне?.. На потым – само жыцьцё! А што цяпер? Калі цяпер у нас не жыцьцё, дык што тады ў нас цяпер?!”

Выглядае на абагульненьне лёсаў усіх, хто стаў пад штандары адраджэньня пасьля падзей ля Ўсходніх могілак у 1988 годзе. Вы сапраўды лічыце, што за гэтыя дваццаць гадоў змаганьня людзі страцілі сябе ў сваім асабістым жыцьці, а таму змаганьне ў чалавечым сэнсе было бессэнсоўным?”

Някляеў: “Калі казаць жорстка, то адсутнасьць перамогі – ёсьць параза. А калі ўжо гэта размазваць у паўтоны, паўгукі, то, канечне, чалавек можа захаваць нейкі той агеньчык зь нейкага таго мітынгу ці шэсьця, той вецер, той палёт, які падняў яго некалі над будзённым, можа захаваць па скон жыцьця. І асабліва жаночая душа здольная гэта захаваць. А можа быць, яна і не зьвяртае гэтак увагі на тое, што я завастрыў у гэтай аповесьці. Я маю на ўвазе канкрэтную маю гераіню, хоць яна, бачыце, як усё закручвае і робіць усё, каб выбрацца адсюль. Але большасьць, я думаю, у рэальным жыцьці, не ў літаратурным, ня так ужо й наракае на тое, што сталася, бо невядома, што сталася б у іншым выпадку. Як кажуць цяпер маладыя – ня факт”.

Аксак: “А ці ёсьць рэакцыя – і якая яна – першых чытачоў вашай аповесьці?”

Някляеў: “Рэакцыя ёсьць. І ў ацэнцы самой прозы непасрэдна, то нармалёвая. А вось што тычыцца тэмы – то рознае кажуць. Маўляў, ранавата ты пра гэта, пра гэта можна было і трэба было на нейкай адлегласьці гаварыць, каб не зачапіць тых людзей, пра каго напісаў... Можа быць... Я ня ведаю... Але колькі ў мяне засталося тае “адлегласьці” – я ня ведаю. Пакуль можна было напісаць – я напісаў”.

АЎТАР І ТВОР

ВАСІЛЬ ЗУЁНАК: “НА ЛЫСАЙ ГАРЫ – БОСКАЯ ЭНЭРГЕТЫКА”


На знакамітай Лысай Гары, калісьці густа абсаджанай чатырохсоткавымі пісьменьніцкімі лецішчамі, сёньня пісьменьніка сустрэнеш зрэдку. Зямельныя ўчасткі скупілі новыя гаспадары, непрэзэнтабэльныя па сёньняшніх часах хаціны пераважна пустуюць. Адзін зь нямногіх творцаў, хто захаваў вернасьць Лысай Гары, – паэт Васіль Зуёнак, які і з пачаткам восеньскіх халадоў не сьпяшаецца перабірацца ў сталічную кватэру. Зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадар Васіль, на мінулым тыдні дзяржава чарговым разам прадала пісьменьніцкі Дом творчасьці “Іслач”. І, мяркуючы па тым, колькі пісьменьнікаў прысутнічала на аўкцыёне, яны ўжо зьмірыліся з гэтай стратай. А дзе сёньня ваш асабісты дом творчасьці?”



Васіль Зуёнак
Васіль Зуёнак:
“Ды тут ён, на Лысай Гары. Паводле народных уяўленьняў, у падобных месцах зьбіраецца нячыстая сіла. Але я, маючы саракагадовы стаж “лысагорца”, мушу сказаць, што на нашай Лысай Гары пад Заслаўем – энэргетыка ўсё ж Боская. Тут д’ябал баль не склікае. Тут я сябе адчуваю свабодна і творча. Тут, дарэчы, пісаліся многія мае кнігі, пачынаючы ад “Маўчаньня травы”: сядзеў на лавачцы пры хаце, глядзеў на гару і пісаў. На Лысай Гары я прыжыўся, адчуваю тут сябе трывала. Трохі ў зямлі пакорпаешся, трохі па лесе пабегаеш, а ўночы – да пісьмовага стала”.

Скобла: “Цяпер ствараецца сайт Саюзу беларускіх пісьменьнікаў: зьбіраюцца біяграфіі, пераводзяцца ў электронны варыянт кнігі. Мне расказаў адміністратар сайту, як усіх зьдзівіў Зуёнак: прынёс ажно тры аб’ёмныя, але нявыдадзеныя кнігі паэзіі. Неяк вы ў адной з нашых ранейшых гутарак даволі скептычна аднесьліся да інтэрнэт-літаратуры. Сёньня, наколькі я разумею, былога скепсісу ў вас не засталося?”

Зуёнак: “Ну, відаць, трошкі паразумнеў за прамінулы час. Само жыцьцё падштурхоўвае да нейкіх разумных высноваў. Гады два таму я яшчэ спадзяваўся на кніжны варыянт выданьня сваіх твораў. Зь цягам часу плытчэў і плытчэў ручаёк маіх спадзяваньняў. Таму цяпер уся надзея на наш пісьменьніцкі сайт. Ня сам я займаўся гэтай справай, а рабілі ўсё хлопцы з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – Алесь Данільчык і Сяржук Сыс. Так што я цяпер чакаю сустрэчаў з чытачамі на інтэрнэт-старонках”.

Скобла: “Вы ці не адзіны беларускі паэт, які атрымаў Дзяржаўную прэмію за паэму. Было тое ў далёкім 1982 годзе. Чаму сёньня жанр паэмы ў заняпадзе?”

Зуёнак: “У маладых паэтаў, відаць, нейкія другія падыходы да паэзіі. Іх цягне ня ў бок панарамнай атэстацыі жыцьця, а ў бок імгненных паэтычных характарыстык, дзе прэвалюе форма, а ня зьмест. Нашыя сёньняшнія постмадэрністы робяць “адкрыцьці” на задворках эўрапейскай літаратуры. Там гэтыя адкрыцьці даўно пройдзеныя і забытыя, а ў нас дзясятым разам вынаходзяць ровар. Што да паэмы, то паэмны жанр вымагае веданьня вялікага жыцьцёвага матэрыялу. Паваеннае пакаленьне ўсё ж зьведала жыцьцё ў самых розных праявах, чаго ня скажаш пра сёньняшніх маладзёнаў. Для паэмы патрэбныя ня толькі асабістая творчая энэргія, але і багаты досьвед. Сёньня кажуць, што паэма састарэла. Але падобнае я чуў і тады, калі выходзіла мая паэма “Маўчаньне травы”. Гаварылі: такую вялікую паэму (цэлая кніга!) ніхто чытаць ня будзе!.. Ну, відаць, усё ж нехта прачытаў”.

Скобла: “Што вас цікавіць у жыцьці апрача літаратуры? Ці ў вас дзень бяз верша – згублены дзень?”

Зуёнак: “Не, я так не лічу і ніколі не лічыў. Я ня згодны з Алешам, які ставіў за мэту: ні дня без радка. Я пішу толькі тады, калі само прыходзіць… Ведаеце, там, дзе ёсьць чатыры соткі зямлі, чалавеку заўсёды знойдзецца занятак. Восеньню ўраджай зьбіраеш, летам паліваеш, вясной садзіш. У нас пераважнай жонка на зямлі гаспадарыць, але пры маёй прысутнасьці, наглядзе і дапамозе. Як устанеш раніцай, дык да вечару і пратупаеш”.

Скобла: “Восем гадоў таму мы перакрочылі парог ХХІ стагодзьдзя. Як вы лічыце, ці ўжо зьявіўся паэт новага часу? Каго б вы маглі назваць адкрыцьцём, праяўленым ужо ў новым стагодзьдзі?”

Зуёнак: “Калі называць канкрэтныя прозьвішчы, то адразу прыходзіць на згадку Рыгор Сітніца. І як мастак цікавы, і як паэт – проста выдатны. Я заўсёды з захапленьнем чытаю яго і слухаю ягоныя выступы. Заўсёды радасна ад сустрэчаў з паэзіяй Галіны Дубянецкай. І ў перакладах, і ў арыгінальнай паэзіі яна выдатны творца. Зусім нядаўна ў “Доме літаратара” Галіна чытала свае вершы, я іх слухаў на Лысай Гары. З празаікаў у новым стагодзьдзі хораша заявіла пра сябе Людміла Рублеўская, маю на ўвазе яе раман “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”, апублікаваны ў № 34 “Дзеяслова”.

ВАСІЛЬ ЗУЁНАК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

У каго і якія клопаты –
Самапатоля ці самадопыты,
У каго і якія таланы –
Самаданосы ці самападманы,
У каго і якія памкненьні –
Самаўхваленьне ці самаспаленьне,
У каго і якія сымпатыі –
Самарасьпяцьце ці зь веліччу сватаньне,
У каго і якія яны –
Гэткай будзе і ён цаны.

Два Бядулі

Было два Бядулі на Беларусі:
Адзін аб лёсе яе бедаваў,
Другі з аптымізмам жыў у хаўрусе –
На працадні бяду раздаваў.

Адзін у падручных пісьменьніцкай музы
“Пяць лыжак заціркі” калісьці дзяліў.
Другі старшынёўскія лейцы тузаў –
Калгасам-гігантам натхнёна руліў.

Адзін пяром выручаў эпоху,
Лічыў – бяду нясе на гарбе.
Другі нагружаў, каб усім патроху,
І каб найменей – самому сабе.

Адзін штодзённа пяць лыжак заціркі
На бальшавіцкай харчэўні меў.
Другі на ўсе грудзі калгасныя ўшыркі
Геройскімі зоркамі ўладна грымеў.

Адзін хаваўся за псэўданімам,
Другі сапраўднае прозьвішча нёс:
Бядулі… А беды – ня міма, ня міма,
А ўсё – навылёт праз народны лёс.

* * *

Зорныя Мядзьведзіцы сярпамі
Дажынаюць постаць на юры.
Складваю снапы гадоў тарпамі,
А жыцьцё ня вывучыў на памяць…
Божачка, урок мне паўтары!

Азымут

А ўсё-ткі добра: знаеш, дзе свае,
І сам ратунак голас падае,
Калі празь цёмную аблогу і слату
Нясецца ўсьлед:
– Ату яго, ату!..

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. ДВОЙЧЫ ЎВАЙСЬЦІ Ў АДНУ РАКУ

Глёбус Адам. “Convolutus“: лірыка і проза. – Мн.: “Сучасны літаратар”, 2008, 832 стар.

Ганна Кісьліцына
Чытаючы юбілейныя матэрыялы, прысьвечаныя пяцідзесяцігодзьдзю Адама Глёбуса, злавіла сябе на думцы, што для маладога пакаленьня крытыкаў і журналістаў, гэты пісьменьнік – ледзь ня “розум, гонар, і сумленьне нашай эпохі”. І справа ня ў тым, які Глёбус, а ў тым, якая эпоха…
Сёньняшні час – час, калі важна “здавацца”, а ня быць… А калі і быць, то паўсюль: у тэлевізары і газэце, радыё і інтэрнэце. Сёньняшні пісьменьнік спраўджвае сваё існаваньне па тым, наколькі згадваецца яго імя ў масмедыях. Ён – як вавёрка ў коле: перастаў варушыць лапкамі, і ўсё – месца занята новым сучасьнікам. Увага да літаратуры трымаецца на прэзэнтацыях, але рэдка каму хапае трываньня разгарнуць кнігу пасьля фуршэту зь яе нагоды... Крытык яшчэ піша нешта наўздагон, але рэцэнзія ўжо нікога не цікавіць, бо сёньняшнія рэцэнзіі – гэта нэкралёгі, добрыя словы на шляху ў літаратурнае небыцьцё. І таму ідэя выдаць “Convolutus“ – зборнік кніг, якія выходзілі раней, уяўляецца плённай, прынамсі, як спосаб авалодаць капрызнай чытацкай увагай, двойчы ўвайсьці ў адну і тую ж раку.

Такі прыём зьнітаваньня ў адну вялікую кнігу ранейшых выданьняў Адам Глёбус выкарыстоўваў раней, у сваіх “Тэкстах”, тысячастаронкавым выбраным, якое пабачыла сьвет у 2000 годзе. Новая кніга “Convolutus“ ” не намнога меншая па аб’ёме, і хоць вокладка і фармат падобныя да папярэдняй, зьмест – цалкам новы. Так што калі ў кнігарні вас апануе эфэкт “дэжавю”, ведайце – таго, ранейшага, выданьня даўно няма ў продажы…

Новую кнігу адкрываюць вершаваныя творы, знаёмыя чытачу па публікацыях у “Нашай Ніве” і выступах на літаратурных імпрэзах. Як пазначае пісьменьнік, “вершы пра каханьне, пра п’янства і сьмерць” ствараліся цягам 2001– 2007 гадоў. Насуперак аўтарскаму вызначэньню, выкажу думку, што лейтматывам гэтага паэтычнага сшытку зьяўляецца ўсё ж вобраз Вільні – сонечнай, вечаровай, інтымнай, мастацкай, ці, па трапным аўтарскім выказваньні, “у кожнага сваёй…”

Мароз у Вільні. Дзень цудоўны.
Мой сябар беларускамоўны
П’е брэндзі. Я гарбату п’ю.
У рэстарацыі шыкоўнай
Гаворым ціха і тактоўна
Пра Вільню, кожны пра сваю.

Ён любіць вежы і касьцёлы,
Шынкі, дзе дух заўжды вясёлы,
Архіў і унівэрсытэт.
А я люблю ў царкве анёлаў,
кірмаш, вакзал і грукат колаў,
калі ў кішэні ёсьць білет.

Мароз і сонца. Дзень сапраўдны.
Мы п’ем: я – брэндзі, сябар – каву.
Дап’ем і пойдзем спакваля.
У Вільні нас чакаюць справы.
Яму налева, мне направа,
Бо Вільня ў кожнага свая.


Увайшлі ў “Convolutus“ і “Шэрыя казкі з шэрай краіны” з мінулагодняй кнігі “Казкі”, якую, па сьведчаньні яе выдаўца Ігара Логвінава, можна сьмела залічаць у беларускія бэстсэлеры. Праўда, тут складана вызначыць, што адыграла ў гэтым большую ролю – кошт, кішэнны фармат, чорны гумар ці аўтарытэт аўтара. Праўда, знайшліся і крытыкі, якія абвінавацілі Глёбуса ў тым, што ў сваіх казках ён усё нахлусіў. Але гэта ўжо з разраду літаратурных кур’ёзаў…

Відавочна, той жа думкі пра аўтарскую хлусьню прытрымліваюцца і некаторыя героі “СУчасьнікаў”, самай правакацыйнай кнігі Глёбуса. Яе перавыданьне – добрая нагода напомніць маладзейшым чытачам, што “дзядзя Вова” не такі ўжо і добры, як паўстае са старонак сваёй сямейнай ідыліі “Дом”. Недзе пасярэдзіне між “Домам” і “СУчасьнікамі” знаходзяцца “Добрыя людзі” – занатоўкі, якія выходзяць калёнкай у газэце “Зьвязда”. Усе гэтыя творы складаюцца з празаічных мініятураў, якія можна чытаць запар, а можна паасобку, бо кожная зь іх мае цалкам самастойны сюжэт.

Клясычнае беларускае апавяданьне прадстаўленае ў разьдзеле “Браслаўская стыгмата” (выходзіла кнігай ў 2001 годзе). А вось у разьдзелаў “Кроплі” і “Рэч” папяровых кніжных адпаведнікаў няма. Мяне асабліва ўразіла “кулінарнае эсэ” “Мамамалако”, як, па-першае, рэч раней не чытаная, па-другое, стылістычна дасканалая, хоць, магчыма ня ўсім будзе блізкай і зразумелай пісьменьніцкая іронія і, па вызначэньні самога аўтара, “жорсткая фактура”.

Вельмі цікавай і актуальнай зьяўляецца спроба апісаць сучаснага чалавека праз рэчы, якімі ён валодае. Мастацкімі сродкамі намацаць каардынаты постчалавека, чый вобраз настолькі хісткі і няпэўны, што патрабуе адмысловых ловаў.

“Натура, натуральнасьць, сапраўднасьць – калі ласка, хай застаюцца; а мерцьвяка, сьмерць, змрочнасьць папрыбіраю. Замест запазычанага “натурморт” буду пісаць сваё слова “рэчавік”. Каб мае тэксты поўніліся рэчывам, рэчаіснасьцю, каб ствараўся эфэкт прысутнасьці. Мне трэба бадзёрая рэальнасьць, а ня прывіднасьці з мройнасьцямі. Рэальнасьць – тут і цяпер, навокал і поруч, поплеч, зусім блізка. Мая рэальнасьць актуалізуецца праз простыя рэчы: нагавіцы, гадзіньнікі, майткі, кніжкі, шкарпэткі, акуляры… Праз шыльды, брэнды, прозьвішчы, этыкеткі, імёны, налепкі, нашыўкі рэчы робяцца яшчэ ярчэйшымі і звышрэальнымі. На іх я пазначу памеры, нумары, кошты… Рэалізм? Не! Няма і ніколі не было ніякага рэалізму ў літаратуры і мастацтве…”

Глёбус, як заўсёды, правакуе чытача. Зь ім можна пагаджацца альбо не пагаджацца, любіць ці не любіць… Але адно я ведаю пэўна: у размове пра аблічча актуальнай беларускай культуры без яго постаці ўжо не абысьціся.


XS
SM
MD
LG