Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік генэральнага дырэктара Аб’яднанага інстытуту ядзерных і энэргетычных дасьледаваньняў Мікалай Груша, які, як чакаецца, можа ўзначаліць дэпартамэнт разьвіцьця ядзернай энэргетыкі Мінэнэрга заявіў у сераду, што асноўная барацьба за права будаўніцтва АЭС у Беларусі найхутчэй разгарнецца паміж Расеяй і Кітаем.


Ці азначае гэта, што заходнія кампаніі ўжо дакладна ня будуць будаваць беларускую АЭС? Чаму ўлады схіляюцца абраць менавіта Астравецкую пляцоўку ў Гарадзенскай вобласьці? На гэтыя пытаньні адказвае палітык Алесь Міхалевіч.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Раней паведамлялася, што ў тэндэры на будаўніцтва АЭС у Беларусі могуць прыняць удзел і заходнія кампаніі. Цяпер чыноўнікі заяўляюць, што барацьба будзе паміж расейцамі і кітайцамі. Ці можна гэта лічыць палітычным рашэньнем?”


Алесь Міхалевіч
Міхалевіч:
“Ад самага пачатку рашэньне пра будаўніцтва АЭС у Беларусі было палітычным. Яно ніяк не грунтавалася на эканамічных матывацыях, проста Лукашэнку захацелася займець уласную ядзерную электрастанцыю. Займець уласную ядзерную зброю ў цяперашніх умовах не магчыма, дык хаця б займець АЭС і далучыцца да больш высокага клюбу дзяржаваў, якія разьвіваюць ядзерную энэргетыку.

Але зразумела, што справа гэта вельмі дарагая, і таму ад пачатку для выбару заставаліся якраз тыя краіны, якія прапануюць найбольш танныя варыянты. Зразумела, што ЗША ці Францыя, якія прапануюць дарагія і надзейныя праекты, адпадаюць па эканамічных прычынах. Самае галоўнае для Менску – мець уласную АЭС. А наколькі яна будзе стабільнай і бясьпечнай – гэта другасныя пытаньні, на якіх улады гатовыя эканоміць”

Цыганкоў: “Некаторыя аналітыкі зьвярталі ўвагу, што Беларусь магла б аддаць будаўніцтва АЭС заходнім кампаніям як рэвэранс у бок Захаду. Ці можна цяпер сказаць, што гэты рэвэранс аказаўся для Менску не настолькі важным, каб траціць на яго грошы?”

Міхалевіч: “Хутчэй за ўсё, грошы на будаўніцтва будуць неяк зьвязаныя з Расеяй – праз пазыку, крэдыт і гэтак далей. І зразумела, што Расея ў адказ чакае, што менавіта яе фірмы і яе атамнае лобі будзе будаваць АЭС у Беларусі”.

Цыганкоў: “Таксама 15 кастрычніка было аб’яўлена, што дзяржаўная камісія ў сваім прамежкавым заключэньні выбрала Астравецкую пляцоўку для пабудовы АЭС. Але раней гаварылі пра пляцоўкі ў Магілёўскай вобласьці. Чаму апошнія месяцы адбыўся такі паварот і чым гэта можна патлумачыць?”

Міхалевіч: “Доўгі час ад часоў Машэрава, калі побач з Беларусьсю будаваліся АЭС (Ровенская ва Ўкраіне, Ігналінская ў Літве, Смаленская ў Расеі) беларускія геолягі ўвесь час гаварылі, што Беларусь – зона непрыдатная і непажаданая для будаўніцтва АЭС.

Таксама варта адзначыць, што актывісты дэмакратычнага руху ў Горках узьнялі вельмі сур’ёзную кампанію супраць будаўніцтва на Быхаўскай пляцоўцы. Дзясяткі, сотні людзей далучыліся да гэтай кампаніі, у тым ліку людзей палітычна не заангажаваных. Магчыма, улады паглядзелі, што іх чакае вельмі сур’ёзная кампанія пратэсту, і гэта паўплывала на іхняе рашэньне.”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG