Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”. Першыя “Дзяды” 30 кастрычніка 1988 году былі гвалтоўна разагнаныя. На гэтай акцыі была карэспандэнтка "Свабоды" Галіна Абакунчык.


Соўсь: "Скажыце, калі ласка, што ўразіла і найбольш запомнілася ў той дзень?”

Абакунчык: “Мяне асабліва ўразілі і запомнілася тры моманты таго дня: калі ў бок Маскоўскіх могілак ішла вялікая колькасьць людзей, то раптоўна каля ходнікаў пачалі спыняцца легкавыя машыны, зь іх выскоквалі людзі, хапалі пэўных, вядомых асобаў, заштурхоўвалі ў гэтыя машыны і імкліва зьнікалі. У мяне тады моцны шок выклікала відовішча, калі вядомага мастака літаральна за ногі па асфальце цягнулі ў такую машыну, а хтосьці голасна крычаў: адпусьціце яго.

Другое моцнае ўражаньне засталося ад міліцэйскага кардону пры ўваходзе на Маскоўскія могілкі. Падобнага зборышча міліцыянтаў я дагэтуль ніколі ня бачыла.

І трэці элемэнт шоку, які застаўся ў памяці і па сёньня, гэта вадамёты і закратаваныя, як мы зараз называем аўтазакі, з міліцыянтамі ў касках і са шчытамі. Яны суправаджалі частку калёны, якая рушыла ў Курапаты.


Фота з архіву Ўладзімера Арлова


Соусь:
“Дарэчы, падобныя ўражаньні перажылі многія ўдзельнікі тых падзеяў. Да прыкладу, вось якімі ўспамінамі падзяліўся тагачасны карэспандэнт Беларускага тэлебачаньня, журналіст Леанід Міндлін”.

Зьнік страх у людзей – і гэта было самае цікавае
“Першы ўспамін – гэта Маскоўскія могілкі. Калі мы ўбачылі людзей са шчытамі, у шлемах, стаялі вадамёты, пажарныя машыны – мы такога ня бачылі ніколі. І пасьля, калі яны пайшлі “расьсякаць” групу людзей, то ўсе пачалі крычаць, каб хавалі Пазьняка. Пасьля самы яркі ўспамін – гэта поле, выступае Пазьняк. А ўсе, каб бачыць, прыселі ці сталі на калені. А пасьля нехта закрычаў: “казакі”. Мы павярнуліся і пабачылі, як падыходзілі міліцэйскія ланцугі. Зьнік страх у людзей – і гэта было самае цікавае”.

Соусь: “Галіна, а ці было ў Вас пачуцьцё страху?”

Абакунчык: “Як і спадару Міндліну, мне запомніліся таксама, што не было страху: мітынг у полі працягваўся і тады, калі міліцыянты пачалі браць людзей у ачапленьне. Затым усе пайшлі насустрач гэтым ланцугам зь міліцыянтаў, разрывалі гэтыя ланцугі і рухаліся далей. Усё гэта і тады і зараз бачыцца вельмі велічным і сымбалічным. А вось якія ўражаньні ад падзеяў 30 кастрычніка 1988 году атрымаў журналіст газэты “Беларусы і Рынак”, а тагачасны карэспандэнт-пачатковец Генадзь Барбарыч:”

Калі прамаўляў Пазьняк, то я памятаю такі шэры, доўгі ланцуг міліцыянтаў у савецкіх, мышына-шэрых шынэлях і з дубінкамі
“Уразіла, што людзі не спалохаліся. Калі прамаўляў Пазьняк, то я памятаю такі шэры, доўгі ланцуг міліцыянтаў у савецкіх, мышына-шэрых шынэлях і з дубінкамі. Раней савецкая міліцыя хавала такія сродкі, як дубінкі, а вось у Курапатах у 1988 годзе яны вырашылі ўпершыню іх паказаць. Канечне, я чуў такую трывогу, што магу атрымаць гэтым “дэмакратызатарам” і, думаю, не адзін я. Але людзі не пабеглі, яны слухалі выступоўцаў і толькі пасьля з годнасьцю разышліся. А я пайшоў лесам і раптоўна натрапіў на паўдзесятка пажарных машын. Словам, улады рыхтаваліся па поўнай – хацелі нас папаліваць крыху. А надвор’е ў той дзень было досыць марознае. І, натуральна, у маёй сьвядомасьці гэта быў такі выбух”.

Соусь: Гэта быў успамін Генадзя Барбарыча, а маё наступнае пытаньне да Галіны Абакунчык: “Як паўплывалі падзеі 30 кастрычніка 1988 году на Ваша далейшае жыцьцё?”

Фота з архіву Ўладзімера Арлова


Абакунчык:
“Для мяне асабіста гэта быў ня першы ўдзел у грамадзкіх акцыях, бо раней былі мітынгі ў абарону Верхняга гораду, шэсьце ў Курапаты ўлетку таго ж году. Але падзеі Дзядоў 1988 году паставілі апошнюю кропку на ўсё астатняе жыцьцё адносна таго разуменьня -- што ўяўляе сабой савецкая ўлада і яе сапраўднае стаўленьне да народу.

Але для іншых журналістаў тыя падзеі мелі таксама і дадатковыя наступствы. Журналіст Пётр Марцаў на Дзядах 1988 году прысутнічаў, як карэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Аднак менавіта ён адзін зь першых зьведаў на сабе дзеяньне сьлезацечнага газу “Чаромха”. Вось як падзеі разгортваліся для яго:

Вочы сталі сьлязіцца і так я апынуўся ў нейкай міліцэйскай машыне. Так мяне адвезьлі здаецца на Акрэсьціна, у прыёмнік-разьмеркавальнік. Толькі там я здолеў паказаць пасьведчаньне журналіста.
Марцаў:
“Што мяне асабліва ўразіла – гэта вялікая колькасьць людзей. Я нават уявіць сабе ня мог такога – вельмі магутная была энэргетыка. Калі мітынг скончыўся і людзі пачалі вяртацца ў горад – усё адбылося вельмі неспадзявана. Я раптам адчуў штуршок і адчуў, як у твар удары нейкая едкая вадкасьць. Вочы сталі сьлязіцца і так я апынуўся ў нейкай міліцэйскай машыне. Так мяне адвезьлі здаецца на Акрэсьціна, у прыёмнік-разьмеркавальнік. Толькі там я здолеў паказаць пасьведчаньне журналіста. Напачатку мяне адпусьцілі, але я застаўся, бо мне было цікава што будзе з людзьмі. І пакуль я там хадзіў па калідорах і зьбіраў інфармацыю, мяне затрымалі паўторна. А на працы ад мяне адмовіліся, сказалі, што ніхто мяне нікуды не адпраўляў, што я пайшоў сам. І цягам наступных месяцаў мне давалі зразумець, што я павінны напісаць заяву на звальненьне. Я падумаў, што ў гэтай “бітве” мне ня выйграць і я сышоў. Такім чынам, гэтая падзея істотна паўплывала на мяне. Пэўна, неяк па-іншаму склалася б жыцьцё, калі б я працягваў працаваць у Беларускім тэлеграфным агенцтве”.



  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG