Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі і праваабаронцы возьмуць удзел у канфэрэнцыі “Беларусь пасьля выбараў: час для палітычнага збліжэньня?” Яна пройдзе сёньня ў Бэрліне ў будынку парлямэнту.


Канфэрэнцыя праводзіцца парлямэнцкай фракцыяй Бундэстагу “Зьвяз90/Зялёныя”, нямецкімі фондамі Генрыха Бёля і Конрада Адэнаўэра. Чакаецца, што на ёй выступіць Герт Арэнс, кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЭ, якая працавала ў Менску падчас выбараў. Нагадаем, канфэрэнцыя праводзіцца пасьля таго, як АБСЭ і Эўразьвяз прызналі, што выбары, нягледзячы на пэўныя нязначныя паляпшэньні, не адпавядалі дэмакратычным стандартам. А таксама пасьля таго, як Рада Эўразьвязу на паўгода прыпыніла візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Удзельнік канфэрэнцыі, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук заявіў:

“Беларусь пасьля выбараў — гэта загадка, якую трэба разгадваць. Гэта тыя ж людзі, якія былі да выбараў, гэта таксама дэмакратычныя сілы, якія працягваюць сваю барацьбу. І для таго, каб гэтая барацьба была больш асэнсаванай, мэтанакіраванай, трэба размаўляць і з Захадам, і з Усходам, і зь Нямеччынай, і з Польшчай... Трэба казаць Эўразьвязу, што канкрэтна мы хацелі б бачыць у якасьці крокаў добрай волі з боку Менску. Гэта зьмена заканадаўства па выбарах, лібэралізацыя СМІ, зьмена крымінальнага кодэксу ў тым, што за палітычную дзейнасьць можна трапіць у турму. Іншай альтэрнатывы ў Беларусі сёньня — праз масавыя акцыі, дэманстрацыі, байкоты — проста няма”.

Пасьля выбараў амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гебхарт Вайс заявіў: маўляў, у яго склалася ўражаньне, што пажаданьні беларускага кіраўніцтва “на ніжнім узроўні зразумелі не да канца”. Атрымалася “зьмяшаная карціна з пазытыўнымі элемэнтамі”. Спадар Раманчук мяркуе, што нямецкі бок таксама выступаў за тое, каб даць Лукашэнку шэнгенскую візу:

“Трэба цяпер за паўгода вельмі дакладна акрэсьліць, што такое кампраміс, што такое прагрэс зь беларускага боку. Каб потым не было так, што Эўропа робіць усё, каб неяк адмарозіць эканамічныя стасункі. І не купляць сабе проста час і актывы за кошт беларускай дэмакратыі і свабоды”.

Удзельнік канфэрэнцыі Алесь Лагвінец адзначыў, што вельмі важна даносіць да эўрапейцаў праўдзівую інфармацыю:


“Нямеччына неаднародная. І мы якраз едзем на запрашэньне больш правацэнтрыскага кола людзей, які хочуць пачуць і нашу праўду. І гэта таксама вельмі важна. Магчымасьць для дыялёгу павінна быць увесь час адчыненай. Мы гэтым якраз і мацнейшыя за рэжым, які якраз ня хоча ніякага дыялёгу.

На вялікі жаль, сёньня беларуская грамадзянская супольнасьць і ўлада знаходзяцца ў дзьвюх шклянках, якія аддзеленыя адна ад адной, па сутнасьці, падвойнай мяжой. Дык вось дзеля таго, каб адбываўся дыялёг, трэба наліваць у абедзьве шклянкі, і асабліва ў шклянку беларускай грамадзянскай супольнасьці”.

Павал Севярынец адзначае важнасьць такіх канфэрэнцый, але шкадуе, што сёньня апазыцыя зводзіцца да ўзроўню экспэртаў, а не палітычнай сілы.

“Тая роля, якую мы можам адыгрываць зараз, роля дарадцаў Эўропы ў справе збліжэньня, — яе трэба выконваць па меры магчымасьці.

Было б неабачліва адмаўляць наагул усялякія кантакты сёньняшняй улады з Эўразьвязам. Гэта пашкодзіла б інтарэсам беларускай незалежнасьці. Але падпраўляць, раіць, у пэўным сэнсе каардынаваць умовы гэтага збліжэньня — гэта задача людзей, якія ведаюць сытуацыю знутры. І якія, у адрозьненьне ад афіцыйных органаў, ня хлусяць, якія проста гавораць тое, што адбываецца”.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG