Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкаму рэдактару гэтага тыдня Мікалаю Халезіну 44 гады. Служыў у войску, кінуў так званы “наргас”, калі зразумеў, што ягонае прызваньне – творчасьць. Працаваў у першых беларускіх незалежных выданьнях, займаўся палітычным кансалтынгам, напісаў некалькі п’ес. А ў 2005 годзе з жонкай Натальляй Калядой арганізаваў Свабодны тэатар – незалежны калектыў, які ня мае ў Беларусі фінансаваньня, уласнай сцэны і памяшканьняў для рэпэтыцый. Цяпер гэта частка міжнароднага праекту, якім апякуюцца Вацлаў Гавэл і Том Стопард. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр аддаў тэатру ўсе правы на свае п’есы. 10 сьнежня 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай рэспублікі. А 13 красавiка 2008-га ў Салоніках ім уручылі прэмію «Эўропа – тэатру».


Сёньня Мікалай Халезін разважае пра тое, чаму трупа не жадае пакідаць Беларусь, шукаць прытулку і славы на Захадзе.

– Cябры пытаюцца: “Чаму ты не зьяжджаеш? Навошта сядзіш тут – у цябе ж такія ўмовы ў Эўропе: можаш працаваць, можаш заключаць кантракты. І жыць там – добра, вольна, як ты гэтага хочаш…”

Адказваю: “Не, бо тут жа застаяцеся вы. Застаецца мой любімы бацька. Мой брат. Мае любімыя цешча й цесьць. Ужо з-за гэтага не магу адсюль зьехаць”…

Пытаюцца гледачы: “Чаму вы не ад’яжджаеце? Выступаеце тут на нейкіх затурканых пляцоўках, у нейкіх барах, кватэрах… А ў Эўропе: швэдзкі Каралеўскі тэатар, гэтаксама для вас – лепшыя сцэны Нью-Ёрку, Парыжу…Чаму не зьяжджаеце?”

Адказваем: “Таму што ёсьць вы, і мусім быць побач… Наш абавязак – іграць для вас: няма лепшых гледачоў, чым тыя, якія тут, на радзіме”…

Супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта пытаюцца: “Калі вы ўжо зьедзеце?! Каб тое адбылося, можам нават білеты купіць! Вы ж там у такіх умовах, а тут…”

Адказваю: “Не, не магу ехаць туды, таму што там – няма вас. Тых, хто робіць усё для таго, каб у нас былі лепшыя гледачы. Каб яны так добра нас разумелі”. У адказ чую: “Табе абы насьміхацца над намі!” – “Не, мне не да жартачак…”

Але…

Я нават і сам ня ведаю: чым, як пераканаць чынавенства ў сваёй матывацыі заставацца ў сваім доме, не мяняць яго на чужы.

Не магу ўцямна патлумачыць і сябрам: чаму заўсёды вяртаемся сюды і ставім спэктаклі ў паўразбураным пакоі…

Ведайце: адсюль мы паедзем толькі пры адной умове – калі ўзьнікне пагроза ў жыцьці нашым блізкім.

І так жа ня хочацца, каб тая пагроза ўзьнікла…

Так жа ня хочацца зьяжджаць…

Толькі з усіх бакоў усё роўна чуеш: ну чаму ты тут?!

Адказваю ўрэшце так: не пакідаем Беларусі, бо мы й тут – свабодныя.

Нават тут свабодныя – у краіне, дзе грамадзтва яшчэ не пачувае сябе свабодным.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG