Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны друк шырока асьвятляе рашэньне Эўразьвязу прыпыніць на паўгоду візавыя санкцыі адносна беларускіх службовых асобаў.

“Эўразьвяз прыйшоў на дапамогу двум усходнім дэспатам. Гэта чорны дзень для Эўропы”, – піша нямецкая Die Tageszeitung, камэнтуючы рашэньне Эўразьвязу прыпыніць візавыя санкцыі адносна беларускіх і ўзбэцкіх чыноўнікаў.

гэтым разам Лукашэнка зноў падмануў са сваімі “выбарамі”
“У якасьці абгрунтаваньня сваёй паблажлівасьці эўрапейскія міністры замежных спраў кажуць аб рэформах, якія нібыта былі праведзены ў Беларусі і Ўзбэкістане. Бо абодва дыктатарскія рэжымы нядаўна вызвалілі апазыцыянэраў і барацьбітоў за правы чалавека, якія раней былі бязьвінна пазбаўленыя волі. Аднак гэтым разам Лукашэнка зноў падмануў са сваімі “выбарамі”, – адзначае нямецкае выданьне.

На думку “Die Tageszeitung”, “палітыка Эўропы ледзь не падштурхоўвае дэспатаў да гандлю людзьмі. Спачатку ім трэба без усялякіх на тое падставаў арыштаваць сваіх грамадзянаў... каб потым у перамовах з Эўропай выкарыстаць іх у якасьці прадмета гандлю”.

Нямецкая Berliner Zeitung піша: “Пакуль не зразумела, за што Эўразьвяз узнагароджвае Лукашэнку. Хіба ня ён праваліў іспыт на дэмакратычную сьпеласьць падчас парлямэнцкіх выбараў? Ці ня высьветліцца хутка, што ўяўныя меры па лібэралізацыі – толькі пыл у вочы?”

На думку бэрлінскага выданьня, рашэньне Эўразьвязу – “сыгнал, што Захад больш не спадзяецца на беларускую апазыцыю, якая ізноў пацярпела паразу, прычым на апошніх выбарах больш з-за сябе самой, чым з-за дыктатуры”. “Эўразьвяз, відаць, адмовіўся ад думкі, што апазыцыя можа дэмакратычным шляхам зьмяніць рэжым у Беларусі”, – мяркуе “Berliner Zeitung”.

“Навошта нам Беларусь?” – такі загаловак мае артыкул Лаянэла Бінэра ў брытанскай “Guardian”. Аўтар адзначае, што Лукашэнка пераглядае сваю прарасейскую скіраванасьць і робіць жэсты ў бок Захаду: вызваленьне палітвязьняў, некаторыя паляпшэньні падчас апошніх выбараў, хаця АБСЭ не прызнала іх ні свабоднымі ні справядлівымі. Бінэр прыгадвае таксама пагадненьне, заключанае Лукашэнкам з піяр-агенцтвам Тымаці Бэла, каб палепшыць імідж і рэпутацыю Беларусі на Захадзе. “Першая парада – згаліць жахлівыя вусы,” – раіць Лаянэл Бінэр кіраўніку Беларусі.

Далей ён прызнае, што на думку скептыкаў названыя крокі Менску – ня больш чым хітрыкі, каб пакінуць усё, як было: фальсыфікаваць выбары і арыштоўваць іншадумцаў, але пры гэтым весьці гульню і з Расеяй, і з Эўропай, дамагаючыся саступак ад абодвух бакоў. Але аўтар “Guardian” ня выключае, што Лукашэнку можна пераканаць у тым, што Беларусь можа стаць больш прыцягальнай для інвэстараў нават калі гэта будзе азначаць адмову ад парушэньня правоў чалавека. Акрамя таго, Бінэр мяркуе, што “карцінка расейскіх танкаў, якія рушаць па Грузіі, наўрад ці радуе кагосьці ў Менску. А калі беларусы пачнуць плаціць за энэрганосьбіты па новых, больш высокіх цэнах, магчыма яны пачнуць праклінаць Пуціна гэтак жа, як зараз яны лаяць Буша” – піша ў “Guardian” Лаянэл Бінэр.

ключавым для таго, каб распасьцерці эўрапейскія абдымкі для беларускага рэжыму, была жнівеньская інтэрвэнцыя Расеі ў Грузіі
Чэская газэта “Lidové noviny” друкуе сёньня артыкул “Эўразьвяз прываблівае Лукашэнку, каб выцягнуць яго з-пад расейскага ўплыву”. Як сказаў міністар замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг, – піша газэта, – ключавым для таго, каб распасьцерці эўрапейскія абдымкі для беларускага рэжыму, была жнівеньская інтэрвэнцыя Расеі ў Грузіі і зьвязанае зь ёю памкненьне Захаду прывязаць да сябе іншыя патэнцыйныя мішэні агрэсіўнай расейскай палітыкі. А сярод гэтых мішэняў Украіна і Беларусь знаходзяцца на першым месцы. “Ясная справа, што вырашальную” — гэтак чэскі міністар адказаў без хістаньняў на пытаньне, якую ролю ў рашэньні 27 сяброў Эўразьвязу адыграў стратэгічны пункт гледжаньня, а ня самі выбары. “Усім нам павінна быць ясна, што мацнейшая прывязка Беларусі да Расеі ня дасьць больш дэмакратыі. Беларуская эканоміка ў значнай ступені залежыць ад расейскай, і калі б мы нічога не зрабілі, Беларусь магла б стацца прыватнай уласнасьцю “Газпрому” ды іншых”, — сказаў Шварцэнбэрг.
XS
SM
MD
LG