Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Зэльцэр: “Брат застаўся адзіным закладнікам рэжыму”


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

Што чуваць пра амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, якога восьмы месяц трымаюць у беларускай турме?


Восьмы месяц знаходзіцца ў менскай турме КДБ амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, якога асудзілі на тры гады зьняволеньня, абвінаваціўшы ў камэрцыйным шпіянажы. Кожны дзень вязьня наведвае адвакат Зьміцер Гарачка. Спадар Гарачка кажа, што яго вельмі непакоіць стан здароўя падабароннага, які мае шэраг хранічных захворваньняў, але не атрымлівае ў Беларусі лекаў, да якіх прызвычаіўся.

“Быццам была нейкая камісія, нібыта яго глядзела, але хто гэта быў — невядома, і з вынікамі нікога не азнаёмілі. Я магу сказаць толькі тое, што ён мне кажа. На здароўе ён скардзіўся, скардзіцца і працягвае скардзіцца. І кажа, што яму ўсё горш. І я схільны гэтаму верыць, бо адэкватнага лячэньня тут ён не атрымлівае”.

Разгляд скаргі Эмануіла Зэльцэра на рашэньне Менскага гарадзкога суду адбудзецца ў Вярхоўным судзе. Гэты разгляд ужо аднойчы быў перанесены — з 26 верасьня на 31 кастрычніка. Чаму гэтак доўга суд рыхтуецца да разгляду справы чалавека, пра якога кажуць, што ў любы дзень зь ім можа здарыцца непапраўнае? Дакладнага адказу на гэтае пытаньне Зьміцер Гарачка ня ведае. Адвакат не выключае, што акрамя афіцыйна названай прычыны ёсьць і іншыя. Нагадаем, у судзе заявілі, што “разгляд скаргі адкладзены ў сувязі з неабходнасьцю запатрабаваць пэўныя дакумэнты”.

Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, кажа, што ягоны брат застаўся адзіным “закладнікам” беларускага рэжыму ў торгу з Захадам і, паводле яго, зараз вырашаецца пытаньне, на што яго памяняць. Марк Зэльцэр спадзяецца, што паляпшэньне адносін Беларусі з Захадам дапаможа станоўча вырашыць і лёс Эмануіла Зэльцэра.

“Зараз я большы аптыміст, але, магчыма, я памыляюся. Мяркую, ня выпусьціць брата на волю зусім ня мае ніякага сэнсу. Ці нехта настолькі абавязаны Барысу Беразоўскаму, што нельга выпускаць? Безумоўна, у гэтай гісторыі перапляліся інтарэсы шмат каго, усё вельмі сур’ёзна. Магчыма, калі-небудь будзе вялікі сэрыял па гэтай гісторыі, але галоўнае, каб чалавек застаўся жывы”.

Паводле Марка Зэльцэра, расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі нібыта зацікаўлены ў тым, каб Эмануіл Зэльцэр як мага даўжэй заставаўся ў беларускай турме. Нібыта Беразоўскі прэтэндуе на частку маёмасьці грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, які нядаўна памёр і па справах чыёй спадчыны і накіраваўся ў сакавіку ў Беларусь Эмануіл Зэльцэр. Ягоны брат Марк сьцьвярджае, што за апошнія месяцы Барыс Беразоўскі ня меней за тры разы прылятаў у Беларусь.

Барыс Беразоўскі гэтыя зьвесткі не камэнтуе. Адносна прэтэнзій на спадчыну Бадры Патаркацышвілі спадар Беразоўскі кажа, што прэтэндуе толькі на свае грошы.
XS
SM
MD
LG