Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста моладзі БНФ Франка Вячорку прызналі прыдатным для службы ў войску. Франак меў даведку з 6-га клінічнага шпіталя пра тое, што з прычыны хваробы ён непрыдатны для службы ў войску.


Мэдыкі абласнога вайсковага шпіталя зьнізілі ступень захворваньняў і, такім чынам, прызналі Франка прыдатным для службы. Франак Вячорка паведаміў, што будзе зьвяртацца да незалежных мэдэкспэртаў.

Франка Вячорку выпісалі з абласнога вайсковага шпіталя з даведкай пра тое, што ён прыдатны для службы ў войску.

Нагадаем: раённая вайсковая камісія пасьля абсьледаваньня Франка Вячоркі выдала яму даведку, згодна зь якой ён мае плоскаступнёвасьць трэцяй ступені і скаліёз другой ступені. Паводле заканадаўства, з такімі захворваньнямі служыць у войску нельга. 26 верасьня абласная камісія не пацьвердзіла высноваў раённай і накіравала апазыцыянага актывіста ў рэспубліканскі вайсковы шпіталь, дзе Франак знаходзіўся ад 8 кастрычніка.

Вайсковыя мэдыкі зрабілі іншае заключэньне.

“Мне “падкарэктавалі” дыягназ у рэспубліканскім шпіталі. Зьменшылі на адну ступень плоскаступнёвасьць і скаліёз. Ну, і зрабілі мяне прыдатным да войска”, - гаворыць Франак Вячорка.

Франак Вячорка апавёў, што знаходзіўся ў лепшых умовах, чым іншыя пацыенты шпіталя.

“Спачатку іх стаўленьне было досыць суровае. Сказалі, што на выходныя не адпусьцяць. На наступны дзень да мяне зьвяртаецца начальнік усяго вайсковага шпіталя, трымаючы ў руках кіпу раздруковак з сайтаў “Радыё Свабода”, “Наша Ніва”, “Хартыя’97”, і кажа: “Што гэта такое? Мне зь міністэрства тэлефануюць, што мы цябе тут трымаем у спартанскіх умовах і ўсё такое”.

Мне адразу стварылі выдатнейшыя ўмовы. У вялікай палаце нас было толькі два чалавекі, тым часам іншыя палаты былі цалкам перапоўненыя. Мэдсёстры, прыбіральшчыцы былі настолькі штучна ветлівыя, што гэты фальш адчуваўся.

Натуральна, я вёў свой блог у “ЖЖ”. Сёньня раніцай прыходзіць начальнік з раздрукоўкай майго блогу і кажа: “Што гэта такое? Чаму ты ня пішаш, як табе тут хораша?”

Франак Вячорка заявіў, што не баіцца службы ў войску, але будзе дабівацца справядлівасьці.

“Я не баюся службы ў войску, і калі б я быў справядліва прызнаны прыдатным, я б пайшоў служыць. І мне было б ня сорамна, і я б
Я загітую ня толькі свой узвод, але й вайсковую частку за праграму БНФ...
ведаў, што выконваю свой ганаровы абавязак перад Радзімай. Думаю, што ўладзе гэта пайшло б толькі на шкоду, таму што я ўпэўнены, што загітую ня толькі свой узвод, але й вайсковую частку за праграму БНФ.

Але тут пытаньне прынцыпу. Я дамагаюся справядлівасьці ў дыягназах і ў падыходах. На жаль, сёньня гэта ўсё вырашаецца на ўзроўні Міністэрства абароны”.

Зімовы вайсковы прызыў пачнецца ў студзені. Калі Франак Вячорка не прынясе даведкі, якая засьведчыць, што ён непрыдатны для войска ў мірны час, то яго могуць прымусова забраць у вайсковую частку ў лютым.

Франак Вячорка — не адзіны з апазыцыянэраў, каму вайсковыя мэдыкі рэспубліканскага шпіталя скасавалі вызваленьне ад войска. У Лепелі служыць былы старшыня моладзі БНФ Алесь Каліта. У войска прымусова забралі служыць Віталя Каратыша з Лунінца, Зьмітра Жалезьнічэнку з Гомеля, Зьмітра Бяляева са Смаргоні, Юрася Дзешука зь Менску і Сержука Чайку зь Ліды.

Яшчэ некалькі моладзевых актывістаў знаходзяцца зь ініцыятывы Міністэрства абароны ў сьпісах невыязных. Паводле вайскоўцаў, яны маюць тыя ці іншыя запазычанасьці перад ваенкаматамі. Але крымінальныя справы за ўхіленьне ад службы ў войску супраць іх не распачыналіся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG